Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 31 ліпеня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 31 ліпеня чытайце ў нашым аглядзе.

З моманту поўнамаштабнага ўварвання расейскага войска ва Украіну прайшло 158 дзён. Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, за гэты час страты акупантаў дасягнулі 40 830 чалавек забітымі.

Цягам апошніх содняў на валынскім і палескім кірунках сітуацыя не мянялася. Пры гэтым Узброеныя сілы Беларусі ў чарговы раз працягнулі тэрмін правядзення праверкі баявой гатовасці – цяпер да 6 жніўня. Украінскі Генштаб мяркуе, што робіцца гэта дзеля скоўвання часткі ЗСУ на поўначы.

Разам з тым Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі ў сваёй апошняй справаздачы аб сітуацыі ва Украіне піша, што Лукашэнка стаў амаль цалкам залежны ад Расеі, што пацвярджаецца і фактам працягу выкарыстання Расеяй тэрыторыю Беларусі для вайны з Украінай.

На сіверскім кірунку (поўнач Украіны) расейцы працягнулі паветраную выведку і абстрэлы ўкраінскай інфраструктуры ў памежных раёнах Чарнігаўскай і Сумскай вобласцяў. На слабажанскім кірунку расейцы, намагаючыся ўтрымаць занятыя пазіцыі, праводзяць баявыя дзеянні ўздоўж дзяржаўнай мяжы з Украінай і адначасова абстрэльваюць украінскія пазіцыі па лініі сутыкнення.

На суседнім харкаўскім кірунку расейскія вайскоўцы абстралялі з артылерыі тэрыторыі каля населеных пунктаў Харкаў, Слаціна, Пітомнік, Чаркаскія Цішкі, Фёдараўка, Пятроўка, Рубежнае, Масьпанава, Перамога, Асееўка, Гусараўка і Чэпіль. Паветраная выведка акупантаў праводзілася ў ваколіцах Прудзянкі, Дуванкі і Шапавалаўкі. У бок лініі Новая Гусараўка – Гусараўка выведныя групы РФ намагаліся ўдакладніць размяшчэнне ўкраінскіх пазіцыяў, але не мелі поспеху ды адступілі.

Hавiны
Сярод загінулых у Аленаўцы былі абаронцы «Азоўсталі»
2022.07.31 15:37

На славянскім кірунку расейцы намагаліся задзейнічаць дыверсійна-выведную групу каля населенага пункту Даліна, але панеслі страты ды адступілі. Штурмавыя дзеянні каля Дзмітраўкі таксама скончыліся вяртаннем на старыя пазіцыі.

Варожыя абстрэлы былі зафіксаваныя каля Андрэеўкі, Даліны, Краснаполля, Мазанаўкі і Адамаўкі

У Данецкай вобласці праціўнік абстраляў ваколіцы Славянску, Сіверску, Выемкі, Спірнага і Серабранкі. Па тэрыторыі каля Спірнага і Грыгораўкі таксама былі нанесеныя авіяцыйныя ўдары. На суседнім бахмуцкім кірунку штурмавыя дзеянні акупантаў у бок лініяў Роты – Вяршына і Пакроўскае – Бахмут не мелі поспеху, расейцы панеслі страты ды адышлі. Няўдалай аказалася і спроба выведкі ў бок лініі Страпаўка – Салядар, выведная група знішчаная.

Таксама расейцы здзейснілі абстрэлы ваколіцаў населеных пунктаў Перавознае, Фёдараўка, Якаўлеўка, Пакроўскае, Вясёлая Даліна, Семігор’е, Касцянцінаўка і Залізнае.

Аналітыка
Дзясяткі тысяч загінулых і параненых. Якія страты зазналі Украіна і Расея з пачатку вайны?
2022.07.20 08:42

На аўдзееўскім, навапаўлаўскім і запарожскім кірунках расейцы праводзілі штурмавыя дзеянні ў бок лініяў Вясёлае – Піскі і Лазаўскі – Піскі, але поспеху не мелі, пасля чаго адышлі на старыя пазіцыі. Акрамя гэтага былі зафіксаваныя абстрэлы падкантрольных Украіне населеных пунктаў па лініі сутыкнення.

На паўднёвабужскім кірунку асноўныя намаганні расейцаў былі засяроджаныя на ўтрыманні занятых пазіцыяў і недапушчэнні прарыву ЗСУ на крыварожскім кірунку. Пры гэтым праціўнік прымае меры для папаўнення і ўзмацнення сваіх падраздзяленняў. Таксама адзначаецца высокая інтэнсіўнасць паветранай выведкі з дапамогаю беспілотнікаў. Разам з тым расейцы сістэматычна абстрэльваюць цывільную і вайсковую інфраструктуру па ўсёй лініі сутыкнення.

Акрамя гэтага расейцы працягнулі абстрэлы ўглыб Украінскай тэрыторыі. Так, уначы з 30 на 31 ліпеня яны здзейснілі асабліва моцны абстрэл Мікалаева. У выніку былі разбураныя дзве ўстановы адукацыі і шмат прыватных дамоў.

Гісторыі
«Каму война, а каму карова дойна». Як махляры нажываюцца на вайне
2022.07.27 18:54

Вядома, што падчас гэтага абстрэлу загінулі ўладальнік адной з найбуйнейшых украінскіх аграрных кампаніяў «Нібулон», ганаровы грамадзянін гораду Мікалаева Аляксей Вадатурскі ды ягоная жонка Раіса Вадатурская. У іхны дом пацэліла расейская ракета.

Раніцай 31 ліпеня кіраўнік анексаванага Расеяй Севастопалю Міхаіл Разважаеў заявіў пра абстрэл з дрона штабу Чарнаморскага флоту, падчас якога былі параненыя да 6 чалавек. Паводле першапачатковай версіі расейцаў, дрон належаў ЗСУ. Пазней расейскія медыі паведамілі са спасылкаю на прэс-службу флоту, што беспілотнік быў самаробны і на ім была самаробная выбуховая прылада. І ўжо ўдзень 31 ліпеня сенатарка ад анексаванага Крыму Вольга Кавіцідзі заявіла, што напад «быў здзейснены не звонку, а з тэрыторыі Севастопалю».

Украіна абвяргае сваю датычнасць і называе інцыдэнт правакацыяй.

Тым часам міністарка ў пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторыяў Украіны, кіраўнічка каардынацыйнага штабу эвакуацыі жыхароў Данеччыны Ірына Верашчук паведаміла, што з Данецкай вобласці ў абавязковым парадку будуць эвакуяваныя ад 200 да 220 тысяч мясцовых жыхароў.

Эвакуяваным выплацяць грашовую дапамогу.Для тых, хто прынцыпова не захоча выязджаць, распрацаваная адмысловая форма адмовы ад эвакуацыі, якую трэба будзе запоўніць.

Сярод прычынаў эвакуацыі – падрыхтоўка да ацяпляльнага сезону і поўная адсутнасць газавага забеспячэння ў Данецкай вобласці.

Hавiны
Полк Каліноўскага развітаўся з забітым у баі ваяром. Гэта 11-ы беларус, які загінуў на вайне ва Украіне
2022.07.31 15:06

BK belsat.eu

Стужка навінаў