Жнівень, як і кожны месяц, прыносіць змены жыхарам Беларусі. У кагосьці ў выніку грошай пабольшае, а ў кагосьці стане менш. Не абыдзецца ў гэтым месяцы і без новых палітычных працэсаў і новага рэпрэсіўнага заканадаўства.
2 жніўня могуць вынесці прысуд журналістцы і беларускай супрацоўніцы Польскага тэлебачання (TVP) Ірыне Слаўнікавай. Дзяржаўная абвінаваўца Ірына Падкавырава патрабуе 4 гады калоніі. Працэс ужо больш як месяц адбываецца ў закрытым рэжыме ў Гомельскім абласным судзе. Узначальвае працэс Мікалай Доля, той самы суддзя, які вынес вырак у «справе Ціханоўскага».
Журналістку вінавацяць паводле двух артыкулаў КК: арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») і арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання, або ўдзел у ім»).
Ірыну Слаўнікаву з мужам затрымалі ў канцы кастрычніка 2021 года ў Нацыянальным аэрапорце пасля вяртання ў Менск з адпачынку. Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенаю.
Офіс Святланы Ціханоўскай абвесціў новы фармат дэмакратычнага форуму, які пройдзе 8–9 жніўня. Кангрэс новай Беларусі мае аб’яднаць беларускія дэмакратычныя сілы ў краіне і за яе межамі.
Паводле папярэдняй праграмы, у першы дзень адбудуцца панэльныя дыскусіі аб прыярытэтах працы, транзіце ўлады, ратаванні ад эканамічнага крызісу і аб рэарганізацыі дэмакратычных сілаў, у другі дзень – сесіі аб прыватным бізнесе, медыях і грамадзянскай супольнасці.
Канферэнцыі папярэднічала серыя ўзаемных папрокаў і спрэчак між супраціўнікамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Не задаволеныя працай Офісу Ціханоўскай асобы збіраліся ў Берліне 11–12 ліпеня. Самаю гучнаю прапановаю той канферэнцыі была ідэя Вадзіма Пракоп’ева ператварыць Ціханоўскую ў сімвалічную фігуру накшталт брытанскай каралевы і стварыць пры ёй «прэм’ер-міністра».
1 жніўня павялічваецца памер дапамогі для догляду дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў. Новыя стаўкі будуць дзеяць да 31 студзеня 2023 года. Цяпер бацькі будуць атрымліваць:
Таксама на 10 % вырастуць працоўныя пенсіі. Папярэдні раз іх павышалі ў сакавіку на 6,3 %. Павысяць і мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі. Гэтак, мінімальную пенсію паводле ўзросту падымуць да Br 82,13 (сума без уліку даплаты 20 % ад сярэдняй зарплаты), а сацыяльныя – да Br 164,25.
Апроч таго, павялічваюцца і іншыя сацыяльныя выплаты. Гэтак, дапамога ў сувязі з нараджэннем першага дзіцяці будзе складаць Br 3285 (рост на Br 173,5), пры нараджэнні другога і наступных – Br 4599 (+ Br 243).
Вырастуць выплаты на час догляду малога ў веку да 3 гадоў семʼям з двума і больш дзецьмі, семʼям, якія выхоўваюць дзіця-інваліда, «узроставыя» даплаты да пенсіяў, атрымальнікі якіх – асобы ў веку ад 75 гадоў і старэйшыя, а таксама сацыяльныя пенсіі інвалідам.
1 жніўня даражэюць некаторыя віды цыгарэтаў. Гэтак, Гарадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» павышае на 5 капеек кошт некаторых відаў цыгарэтаў «Фэст», «Minsk city», «Minsk capital», «NZ», «portal». На 10 капеек даражэюць «Minsk city MS», «Minsk capital MS» і «Credo».
«Тытунь-інвест» павышае на 5 капеек кошт некаторых відаў «Кароны» і «Kalipso». Таксама зʼявяцца два новыя віды «Camel Supercompact» за 3,75 рубля.
А «Інтэр Табака» на 5 капеек павялічвае кошт цыгарэтаў «Dove» і «Red Bor».
«Беларусбанк» з 8 жніўня ўводзіць новыя тарыфы на абслугоўванне картак. Сярод іншага, уводзіцца аплата за абслугоўванне картак «Белкарт-Прэміум». Таксама вырасце камісія за абслугоўванне картак «Ізі-карта» і «Visa Platinum», якія аформілі ўдзельнікі клубу «Свае». Уводзіцца ўзнагароджанне і за абслугоўванне віртуальных картак міжнародных плацежных сістэмаў. Пры гэтым «Беларусбанк» плануе адмяніць камісію за абслугоўванне плацежных картак «Студэнцкая картка (Картачка навучэнца)».
А «Белаграпрамбанк» прыпыняе з 1 жніўня валютныя аперацыі з доларамі і еўрамі ў прыладах самаабслугоўвання. Нельга будзе папоўніць карткі, зрабіць унёсак на дэпазіт і правесці валютна-абменныя аперацыі.
Агулам беларускія банкі і ўся плацежная сістэма з 1 жніўня пяройдуць на метадалогію міжнароднага стандарту ISO 20022. У выніку адбудуцца некаторыя змены пры ажыццяўленні безнаяўных плацяжоў і разлікаў у рублях. Згодна з патрабаваннямі ISO 20022, усе плацежныя інструкцыі павінны змяшчаць звесткі пра краіну рэгістрацыі нерэзідэнта і статус боку, а таксама код прызначэння плацяжу.
Працягнецца і ўступная кампанія. 2 жніўня маюць завяршыцца ўнутраныя ўступныя іспыты ў большасці ВНУ краіны. Залічэнне на бюджэт там пройдзе да 4 жніўня, на платную форму – да 10 жніўня. Дадатковы набор на навучанне за кошт сродкаў бюджэту пройдзе 5–7 жніўня.
Ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі прыём дакументаў на базе 9 класаў у тых, хто плануе вучыцца на «бюджэце» і будзе здаваць унутраныя ўступныя іспыты, заканчваецца 3 жніўня. У тых, хто паступае на платнай аснове без уступных іспытаў, прымаць дакументы будуць да 14 жніўня.
Між тым беларускія ўніверсітэты прыблізна на 10 % павышаюць кошт навучання на платных аддзяленнях. Гэтак, у БДУ год навучання першакурснікаў на факультэце прыкладной матэматыкі будзе каштаваць Br 4457, біяфаку – Br 4846, на эканамічным факультэце – Br 5352, а на міжнародных спецыяльнасцях – да Br 5567.
За год навучання ў БДЭУ давядзецца заплаціць Br 3180, у лінгвістычным універсітэце – Br 3690.
У Беларускім дзяржаўным медычным універсітэце кошт навучання складзе ад Br 4142 за навучанне лячэбнай справе, да Br 4844 – на стаматалагічным факультэце. А ў БДУІР на самым дарагім факультэце – кампʼютарных сістэмаў і сетак – першыя два гады навучання будуць каштаваць Br 4290.
У канцы жніўня ці на пачатку верасня ў Беларусь можа прыйсці новая хваля каронавіруса. Так мяркуе загадчык кафедры інфекцыйных хваробаў і дзіцячых інфекцыяў Беларускай дзяржаўнай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Юрый Горбіч.
Паводле яго, у ЗША цыркулююць два новыя варыянты о-мікрону, якіх яшчэ няма ў Беларусі. Іх цяжка пераносяць людзі, старэйшыя за 65 гадоў, і тыя, хто мае хранічныя хваробы.
У жніўні стартуе новая прызыўная кампанія ў войска. Да лістапада плануецца прызваць на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве грамадзянаў Беларусі мужчынскага полу, якім да дня прызыву споўнілася 18 гадоў і якія не маюць права на адтэрмінаванне або страцілі яго.
Гэты прызыў адбудзецца на фоне абмеркавання магчымага ўдзелу рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў вайне з Украінаю.
З 1 жніўня мытнікі будуць выконваць асобныя функцыі органаў памежнай службы ў аўтадарожным і чыгуначным пунктах пропуску «Беняконі» на мяжы з Літвою. Раней такія паўнамоцтвы былі нададзеныя мытнікам яшчэ ў сямі пунктах пропуску. Яны будуць правяраць дакументы кіроўцаў цяжкавікоў, дамовы абавязковага страхавання ўладальнікаў транспартавых сродкаў, кантраляваць выкананне правілаў перабывання замежнікаў і транзітнага праезду.
А вось скончыць рэканструкцыю «Беняконяў» да жніўня не ўдалося, як планавалі, таму яе працягнулі да 1 верасня.
З 1 жніўня забаронена праводзіць культурніцкія падзеі асобам, не ўлучаным у афіцыйны рэестр. То бок калі арганізацыя, кампанія, не залучаная ў рэестр, правядзе імпрэзу, то будзе адказваць паводле п. 3 арт. 13/03 КаАП (там вялікія штрафы з канфіскацыямі).
Як цяпер жыць, святкаваць і працаваць у новых умовах, чытайце ў нашым разборы па спасылцы:
1 жніўня набываюць моц пастановы № 42 і № 43 Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, якія змяняюць аплату працы работнікаў апарату некамерцыйных дзяржаўных арганізацыяў, падпарадкаваных міністэрствам.
Цяпер наймальнікам далі права фармаваць тарыфныя аклады на падставе тарыфных каэфіцыентаў, устаноўленых на галіновым узроўні тарыфным пагадненнем. Раней яны вызначаліся толькі на падставе тарыфных каэфіцыентаў, прадугледжаных пастановаю № 63.
На форуме Нацыянальнага прававога інтэрнэт-парталу ў жніўні працягнецца абмеркаванне шэрагу законапраектаў.
Узяць удзел у абмеркаванні праекту зменаў у Закон аб дзяржаўных закупах тавараў (працаў, паслугаў) можна да 6 жніўня, указу № 345 аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання – да 7 жніўня.
А вось абмеркаванне зменаў у Закон аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе, стратэгічнай экалагічнай ацэнцы і ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе канчаецца ўжо 1 жніўня. Аналагічная сітуацыя і з праектам пастановы Савету Міністраў аб парадку і ўмовах надання статусу бізнес-школы.
«Белавія» павялічвае колькасць рэйсаў у расейскія аэрапорты. Гэтак, рэйсы ў маскоўскі аэрапорт «Унукава» і назад стануць штодзённымі з 8 жніўня. Лятаць можна ў сераду, пятніцу і нядзелю. 8 жніўня з’явяцца таксама вылеты ў панядзелкі і суботы (вылет з Менску – а 7:00, з «Унукава» – а 9:10), а таксама ў аўторкі і чацвяргі (вылет з Менску – а 19:25, з «Унукава» – а 21:40).
Часцейшыя будуць і рэйсы ў Калінінград. Цяпер самалёты лятаюць туды і назад у панядзелкі, серады, пятніцы, нядзелі. 9 жніўня дадаюцца рэйсы ў аўторкі і чацвяргі: вылет з Менску будзе а 12:25, а з Калінінграду – а 14:55.
А 7 верасня з’явяцца і дадатковыя рэйсы ў Санкт-Пецярбург. Авіякампанія дадасць у свой расклад вечаровыя рэйсы ў сераду, пятніцу і нядзелю. Вылет з Менску адбудзецца а 19:25, а назад – а 21:35.
Таксама Беларуская чыгунка прызначыла новыя рэйсы цягніка № 250/249 Менск – Санкт-Пецярбург – Менск.
Макар Мыш belsat.eu