Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 31 ліпеня


«Белсат» распавядае пра рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, што чыняцца супраць беларускага народу, за 31 ліпеня.

Сёння стала вядома, што Берасцейскі абласны суд 22 ліпеня пакараў 22-гадовага палітзняволенага студэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі Аляксандра Загдая 2,5 года пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці)». Хлопца затрымалі ў чэрвені 2022 года і змясцілі ў СІЗА. Студэнта абвінавацілі ў тым, што ён сістэматычна перадаваў інфармацыю тэлеграм-каналу «Nexta» пра рух авіятэхнікі ў Баранавічах.

Палітвязня Дзмітрыя Дубоўскага, асуджанага да 18 гадоў калоніі, на дзень народзінаў змясцілі ў ШІЗА на 10 содняў. Праз гэта ён не трапіў на кароткатэрміновае спатканне з сястрой. Пры гэтым раней яго ўжо пазбавілі працяглага спаткання.

Праваабаронцы паведамляюць, што ў Баранавічах праходзяць ператрусы ў раней асуджаных за абразу загінулага начальніка адзела аховы правапарадку міліцыі грамадскай бяспекі Баранавіцкага ГАУС Аляксея Гецьмана. Як паведамляюць мясцовыя жыхары, навіну пра смерць Гецьмана актыўна каментавалі ў мясцовых чатах. Імаверна, сілавікі правяраюць, ці не пакідалі з гэтай нагоды «няправільных» каментароў людзі, якіх раней ужо асудзілі.

Палітзняволеную Зінаіду Міхнюк, якой прызначылі 2 гады калоніі за абразу Лукашэнкі, перавялі ў гомельскую жаночую калонію.

Аб’ектыў
«Ягонае жыццё сапраўды ў небяспецы, і трэба яго абараняць». Аўтуховіч працягвае галадоўку
2022.07.31 23:21

Польскае выданне «Rzeczpospolita» даведалася, палітзняволенага журналіста Анджэя Пачобута вінавацяць у тым, што ён публічна назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу 17 верасня 1939 году. Пракуратура палічыла гэта «распальваннем нацыянальнай варожасці». Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуруюць заявы Пачобута ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, адзін з ягоных артыкулаў у «Gazeta Wyborcza» пра жорсткае здушэнне беларускіх пратэстаў у 2020-м і нават напісаны ў 2006 годзе тэкст для «Magazyn Polski», прысвечаны аднаму з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля ў Гарадзенскай вобласці.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў