Франак Вячорка распавёў, колькі зарабляе і чаму Офіс Святланы Ціханоўскай асуджае Антона Матольку


Дарадца Святланы Ціханоўскай даў вялікае інтэрв’ю «Нашай Ніве», у якім адказаў на пытанні пра крытыку Ціханоўскай Цапкалам, а таксама грошы, якія атрымлівае Офіс і зарабляе ўласна Франак Вячорка.

Франак Вячорка.
Фота: Белсат

Цапкала заўсёды кажа пра грошы

Паводле Франака Вячоркі, Валер Цапкала на працяглы час знік з грамадскай дзейнасці, перастаў браць удзел у сазвонах Офісу з Паўлам Латушкам, Каардынацыйнаю радай і «бабарыканцамі», а сёлета вярнуўся. Браў удзел у супольных з жонкаю паездках у Нямеччыну і Нарвегію.

«Было некалькі паездак тройкаю: Святлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Таццяна Хоміч, сястра Машы Калеснікавай. Вось нядаўна, вясною 2022 года, у сакавіку – траўні. Спадар Цапкала заўсёды ездзіць як дэлегацыя з жонкай Веранікай», – кажа дарадца Ціханоўскай.

Паводле Вячоркі, Цапкала на сустрэчах з замежнікамі рэгулярна казаў пра грошы, а гэта «выглядае не вельмі»:

«Яму здаецца, што ёсць нейкія грошы, доступу да якіх яму не даюць, і на гэтым збудаваная канспіралагічная тэорыя, што Ціханоўская ўсё сабе прысвоіла. Цапкала проста не разумее, як працуе размеркаванне сродкаў, што ёсць фаервол паміж палітыкамі ды імплементарамі (фондамі, якія размяркоўваюць сродкі дапамогі грамадзянскай супольнасці, СМІ і праваабаронцам, якія, у сваю чаргу, дапамагаюць рэпрэсаваным). Мы ніколі не просім аб дапамозе сабе: мы просім аб дапамозе грамадзянскай супольнасці, праваабаронцам і гэтак далей».

«Ціханоўскую немагчыма замяніць»

Цапкала не ўспрымае Святланы Ціханоўскай як пераможцы выбараў і лічыць, што яна не мае права выказвацца ад імя беларусаў, разважае Франак:

«Прэтэнзіі часам чуем супрацьлеглыя. Адныя кажуць, што Ціханоўская мала робіць і павінна ўсімі кіраваць. Іншыя – яна робіць надта шмат і не мае права браць на сябе столькі. Можа, разыграліся амбіцыі ў кагосьці, хто падумаў, што можа заняць месца Ціханоўскай? Яны не разумеюць, што Ціханоўскую немагчыма замяніць. Яна атрымала большасць галасоў на выбарах, і гэтай легітымнасці няма і не будзе ў крытыкаў. Як нехта напісаў, яна галоўны палітычны актыў беларусаў. Яна гарантуе і забяспечвае суб’ектнасць Беларусі на міжнароднай арэне».

Вячорка не здолеў дакладна адказаць на пытанне, чаму Вераніка Цапкала не працуе сёння разам са Святланаю Ціханоўскаю.

«Быў сведкам, калі Святлана запрашала Вераніку займацца жаночым кірункам яшчэ ў кастрычніку 2020 года. Але нешта не атрымалася, – кажа дарадца беларускай лідаркі. – Магу памыляцца, але, здаецца, тады Валер і Вераніка не былі гатовыя пераехаць у Вільню. Яны спыніліся ў Рызе, пасля пераехалі ў Грэцыю».

Артыкулы
Франак Вячорка пра Кангрэс і спрэчкі дэмсілаў: Нашая задача – аб’яднаць усіх, невырашальнага крызісу няма
2022.07.25 21:10

«Стыль камунікацыі Матолькі недапушчальны»

Вячорка сцвярджае, што Антон Матолька не працаўнік Офісу Святланы Ціханоўскай, і Офіс асуджае ягоныя дзеянні ў нядаўнім канфлікце з Паўлам Латушкам:

«Такі стыль камунікацыі, нават у асабістай перапісцы, абсалютна непрымальны. Але Офіс Ціханоўскай не нясе адказнасці за Антона Матольку».

Заробак Вячоркі меншы за сярэдні па Літве?

У адказ на прэтэнзіі да Офісу Ціханоўскай адносна непразрыстасці фінансавых плыняў Вячорка адзначае: Офіс рэгулярна правяраюць літоўскія дзяржаўныя органы, падаткавая служба, «таму няма ніякай верагоднасці нейкіх злоўжыванняў».

«Некаму здаецца, што Офіс сядзіць на грантах. Праўда такая, што мы як палітычная структура не можам прэтэндаваць на фінансаванне пад грамадзянскую дзейнасць. І фандрайзінг нам даецца няпроста. Частка працы Офісу пакрываецца з данатаў, і за гэтыя грошы мы справаздачымся перад добразычліўцамі, – распавёў Вячорка і паабяцаў, што працу Офісу пастараюцца зрабіць больш празрыстай. –  Будзем намагацца публікаваць лічбы і справаздачы. Можа, і аўдыт будзе, запытаю ў дырэктаркі».

Надоечы беларуска, якая жыве ў ЗША, былая следчая Святлана Хілько выклала ў Facebook даныя грамадскай арганізацыі «Інфапойнт Network», ці «Woke», заснавальнікам якой указаны Франак Вячорка. Хілько называе арганізацыю «фірмачкайю для адмывання грошай» і звяртае ўвагу, што гадавы абарот гэтай некамерцыйнай структуры склаў 400 тысяч еўраў.

Франак Вячорка сцвярджае, што цяпер не кіруе арганізацыяй, а толькі «фармальна падпісвае дакументы». З усімі пытаннямі пра дзейнасць «Інфапойнту» Вячорка прапануе звярнуцца да Сашы Раманавай, якая раней кіравала рэсурсам Kyky.org, а цяпер нібыта выканаўчая дырэктарка «Інфапойнту» («Woke»).

Агучыў Вячорка і свой штомесячны заробак – 1500 еўраў да выплаты падаткаў. «Наша Ніва» зазначае, што на сёння сярэдні заробак у Літве – 1730 еўраў, пасля выплаты падаткаў – 1089 еўраў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў