Кіраўнік КДБ прызнаў хакерскія атакі на асабістыя звесткі чыноўнікаў


Іван Церцель
Фота: belta.by

Кіраўнік Камітэту дзяржаўнай бяспекі Іван Церцель 30 ліпеня падчас сустрэчы з чыноўнікамі органаў мясцовай улады фактычна прызнаў атакі кіберпартызанаў. Фрагмент ягонага выступу паказалі на тэлеканале «Беларусь 1».

«Контрвыведкай Камітэту фіксуецца рэзкая актывізацыя працы замежных спецслужбаў і звязаных з імі дэструктыўных фармаванняў у дачыненні да кіраўнікоў вертыкалі ўлады, сілавых структур, іншых дзяржорганаў. З выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій, хакерскіх нападаў на персанальныя звесткі ажыццяўляецца сістэмны збор звестак у дачыненні да кіраўнікоў выканаўчых камітэтаў рознага ўзроўню і іх блізкіх. Асаблівая ўвага сваякам, якія вучацца ў Польшчы, Літве, іншых заходніх краінах і Украіне. Пошук эфектыўных рычагоў уплыву з мэтай наступнага скланення да здрады. Прасіў бы звярнуць асаблівую ўвагу на гэты фактар прадстаўнікоў Берасцейскай і Гарадзенскай вобласцяў», – заявіў Церцель.

Кіраўнік КДБ таксама адзначыў, што «ў Кіеве і Вільні фармуюцца інфармацыйныя хабы, якія будуць уплываць на інфапрастор Беларусі».

Hавiны
«Кіберпартызаны» заявілі аб узломе яшчэ і камераў ізалятара на Акрэсціна
2021.07.30 21:14

Нагадаем, што беларускія кібер-партызаны праводзяць з 26 ліпеня аперацыю «Спёка», якую яны называюць «найбуйнейшай кібератакай у гісторыі Беларусі».

Яны таксама паведамлялі аб узломе базы відэа дронаў МУС і камераў ізалятара на Акрэсціна. Раней яны ўзламалі базы сістэмы «Пашпарт» і Дзяржаўнай аўтаінспекцыі (праўдзівасць узломаў і актуальнасць базаў яны даказалі журналістам), базы тэлефанаванняў у службу «102» і базу парушэнняў сілавікоў ад Службы ўнутранай бяспекі МУС (праверыць праўдзівасць гэтых узломаў немагчыма).

Сярод узламаных звестак хакеры дэманстратавалі і асабістыя звесткі кіраўніка КДБ Церцеля.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў