Еўразвяз пагражае Менску санкцыямі за пастаўку мігрантаў


Літоўска-беларуская мяжа. Пункт пропуска Райгардас, Літва. 19 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

Еўразвяз разгледзіць увядзенне санкцыяў супраць асобаў, адказных за перакідку мігрантаў цераз Беларусь у Літву. Пра гэта гаворыцца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі Жузэпа Бурэля.

«ЕЗ і яго краіны–чальцы адкажуць на працяг усплёску незаконных перасячэнняў мяжы Еўразвязу з тэрыторыі Беларусі, каб забяспечыць цэласнасць нашай вонкавай мяжы. У адпаведнасці са сваім паэтапным падыходам да Беларусі Еўразвяз разгледзіць магчымасць увядзення забаронных мер супраць перавозчыкаў мігрантаў, якія парушаюць правы чалавека, а таксама асобаў, іншым чынам замяшаных у нелегальнай перавозцы людзей праз мяжу», – гаворыцца ў заяве, якую цытуе ТАСС.

Абвінаваціўшы Менск у накіраванні міграцыйнай плыні ў Літву, Бурэль падкрэсліў, што, з пункту гледжання ЕЗ, «ператварэнне мігрантаў у інструменты палітыкі цалкам непрымальна, гэта парушае еўрапейскія каштоўнасці і прынцыпы».

Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі таксама падкрэсліў, што Еўразвяз не збіраецца пакідаць у сябе мігрантаў, якія прыбылі з тэрыторыі Беларусі, і плануе вярнуць іх у краіны, з якіх яны прыбылі.

Hавiны
Еўразвяз назваў тры ўмовы для зняцця санкцыяў з Беларусі
2021.07.30 18:31

Ірак абвяргае датычнасць да мігранцкага крызісу

Між тым Кансультатыўнай рада нацыянальнай бяспекі Іраку адхіліла дачыненне багдадскага міжнароднага аэрапорту да незаконнай міграцыі грамадзянаў краіны з Беларусі ў Літву, паведамляе INA.

Пры гэтым улады Іраку прызналі, што некаторыя суайчыннікі «апынуліся ўцягнутыя ў незаконную міграцыю злачыннымі групоўкамі падманным шляхам». Паводле заявы, урад Іраку «не можа забараніць сваім грамадзянам наведваць іншую краіну», а беларускі бок «пускае іракскіх турыстаў на сваю тэрыторыю на законных падставах», таму авіяперавозкі з аэрапорту Багдада ў Беларусь, як і прыбыццё іракскіх турыстаў, цалкам законныя.

Hавiны
Літоўскія памежнікі: у Горадні дзве тысячы нелегальных мігрантаў чакаюць пераходу мяжы
2021.07.29 11:26

Паводле апошніх звестак, за сем месяцаў 2021 году літоўскія памежнікі затрымалі 3282 нелегальныя мігранты, якія прыбылі ў краіны праз беларускую мяжу. Гэта амаль у 40 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год. Іх затрымлівалі таксама на мяжы з Беларуссю ў Польшчы і Латвіі.

Рэзкі рост колькасці нелегалаў пачаўся пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Беларусь не будзе спыняць іх на сваіх межах. Дзве траціны мігрантаў складаюць грамадзяне Іраку.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў