«Жанчыны вельмі патрэбныя на вайне». Журналістка з Запарожжа ў 50 гадоў пакінула тэлебачанне і пайшла на фронт


Украінка Ларыса Мала на вайне з 2016 года. Да гэтага яна цягам 20 гадоў працавала журналісткай і рэдактаркай на тэлеканале «Запарожжа» – рабіла сюжэты пра армію. З пачаткам вайсковых дзеянняў на Данбасе ездзіла туды і здымала матэрыялы пра жыццё на лінію агню. Тады ж пачала валанцёрыць – прывозіць неабходныя вайскоўцам рэчы. А ў нейкі момант адчула, што мусіць застацца на фронце. «Белсат» пагутарыў з Ларысай пра намер узяць у рукі зброю і месца жанчын на вайне.

Ларыса Мала.
Фота: Ларыса Мала/Facebook

З журналісткі – у сувязісткі мінамётнай батарэі

56-гадовая ўкраінка Ларыса – маці дзвюх дачок, бабуля двух унукаў і адной унучкі. Нарадзілася і ўсё жыццё пражыла ў Запарожжы – «калысцы ўкраінскага казацтва», як нашая суразмоўца сама падкрэслівае.

20 гадоў Ларыса прапрацавала журналісткай і рэдактаркай у рэдакцыі грамадска-палітычных праграмаў на мясцовым тэлеканале «Запарожжа». Рабіла сюжэты для выдання пра армію і вайскоўцаў. Новае дыханне гэтая праграма атрымала з пачаткам вайны на Данбасе ў 2014 годзе.

– Шмат хто з аператараў адмаўляўся туды ехаць, – зазначае жанчына. – Я сама засвоіла відэакамеру і ездзіла ды ўласнаручна здымала сюжэты пра жыццё на фронце.

Гісторыі
«У 2014 годзе на Данбасе я дала абяцанне: калі вайна пачнецца ва ўсёй Украіне, вазьму ў рукі зброю і пайду на фронт»
2022.05.26 11:30

Адначасова Ларыса пачала валанцёрыць – прывозіла вайскоўцам патрэбныя рэчы. Выправіцца на вайну жанчына не магла, бо даглядала хворую ляжачую маці. Пасля смерці маці ў 2015 годзе Ларыса пайшла да камандзіра батальёну, дзе валанцёрыла.

– Настаў такі момант, калі я адчула, што мушу застацца там, на вайне. Я паклікала да сябе дачок і абвесціла ім пра свой намер ехаць на фронт, – распавядае жанчына. – Яны, вядома, вельмі пераймаліся, але пры гэтым сказалі, што не здзіўленыя і чакалі, што аднойчы я гэта ім скажу.

Ларыса Мала, 2015 год.
Фота: Ларыса Мала/Facebook

У 2016 годзе Ларыса пайшла ваяваць.

– Я тады на самым пачатку сказала нашаму камбату: я іду на вайну ў 50 гадоў, – прыгадвае добраахвотніца. – Ён адказаў: а мне 30 – і што? Узрост не мае значэння, важна, што ты з сябе ўяўляеш і чаго ты варты.

Спачатку Ларыса была ў «вучэбцы» ў Мікалаеве, а потым са сваёй жа просьбы размеркавалася ў 503-і асобны батальён марской пяхоты, куды прыязджала як валанцёрка з моманту яго заснавання ў 2015 годзе. Сёлета ўлетку будзе 6 гадоў, як былая журналістка стала сувязісткай мінамётнай батарэі.

«Фронт вельмі рухомы і нестабільны»

Ларыса Мала.
Фота: Ларыса Мала/Facebook

Напад Расеі на Украіну сёлетнім лютым не стаў нечаканасцю для Ларысы, хоць эмацыйна ў першыя гадзіны ўсё перажываўся цяжка.

– Бадай, спачатку было нешта накшталт шоку. Бо як ты ні рыхтуешся да вайны, нармальная людская псіхіка не гатовая да такіх удараў, – зазначае жанчына. – Але паступова прыстасоўваешся. Чалавек прызвычайваецца да ўсяго, нават да вайны.

Раніцай 24 лютага Ларыса была на пазіцыі – ейны нарад пачынаўся з 6-й гадзіны. Пра пачатак поўнамаштабнай вайны сувязістка даведалася з навінаў, якія праглядае штораніцы. Аднак добраахвотніца зазначае, што ў батальёне ўжо даўно разумелі, што вось-вось будзе напад.

– На нашых пазіцыях абстрэлы ўзмацніліся дзён за 10 да бамбавання Кіева – нас пачалі «накрываць» шчыльным агнём, таму мы падазравалі, што нешта будзе. Тым больш што замежная выведка папярэджвала пра напад і нават дату называла. Мы і чакалі 22 лютага. Таму, калі паляцелі ракеты, здзіўлення не было.

Гісторыі
«Я ўдзячная беларусам з батальёну Каліноўскага, што яны з намі». Размова з добраахвотніцай тэрабароны
2022.05.21 08:30

Сувязістка зазначае, што агулам вайскоўцы на Данбасе яшчэ з 2014 года разумелі: раней ці пазней поўнамаштабная вайна будзе ва ўсёй Украіне.

– Мы ўсведамлялі, што гэта не можа цягнуцца ў такім вялым рэжыме і распаўзанне канфлікту непазбежнае, – кажа Ларыса. – Мы не ведалі, у які дзень, у якім месцы. Але былі гатовыя, хоць і спадзяваліся да апошняга, што нашыя чаканні не спраўдзяцца.

Паводле нашай суразмоўцы, асноўнае адрозненне цяперашняй вайны ад той, што ішла цягам 8 гадоў на Данбасе – нестабільнасць.

– І ў 2016–2017 гадах у нас бывалі часы з дзясяткамі абстрэлаў на дзень. І да сёлетняга 24 лютага нас «накрывалі» артылерыяй, мінамётамі, – кажа Ларыса. – Але цяпер дадалася авіяцыя, ракеты, абстрэлы сталі шчыльнейшымі і больш далёкімі. Галоўнае адрозненне – адсутнасць стабільнасці. Раней войскі стаялі на месцы на добра ўмацаваных пазіцыях і перастрэльваліся. Цяпер фронт вельмі рухомы, незамацаваны – і мы, і вораг пастаянна перасоўваемся.

«Ва Украіны жаночы твар»

Ларыса Мала.
Фота: Ларыса Мала/Facebook

Ларыса распавядае, што праз некалькі тыдняў пасля пачатку поўнамаштабнай вайны камандзір батальёну загадаў перамясціць жанчын з самай гарачай лініі на бяспечную адлегласць, куды не дастае артылерыя.

– У першыя дні вайны нашыя дзяўчаты траплялі ў атачэнне, атрымлівалі раненні, – кажа сувязістка. – Адна з іх – баявы медык – месяц таму загінула ад наўпроставага трапляння артснараду. Але ў той жа час, калі нас перамясцілі, некаторыя дзяўчаты крыўдавалі. Камандзір тады сказаў: цяпер час мужчынаў, я хачу вас уберагчы – таму вы будзеце там, дзе я сказаў.

Гісторыі
«Яшчэ на Майдане зразумела: самае важнае – умець уратаваць жыццё». Размова з валанцёркаю медычнага батальёну
2022.05.12 13:16

На перадавой, паводле Ларысы, усцяж ёсць жанчыны, чыя праца важная менавіта там, а таксама медыкі, каб была магчымасць дапамагчы як найхутчэй. Агулам жа, падкрэслівае нашая суразмоўца, жанчыны вельмі патрэбныя на вайне.

– Магчыма, у вайны не жаночыя твары, а ва Украіны – так. Нашыя жанчыны вынослівыя, часам нават больш за мужчынаў, – зазначае добраахвотніца. – Мужчыны, дарэчы, пры нас яшчэ больш стараюцца, трымаюць спіну, робяцца лепшымі, больш шляхетнымі.

З кепскім стаўленнем да жанчын, дыскрымінацыяй ці прыніжэннем Ларыса не сутыкалася.

– Нашыя мужчыны вельмі шануюць жанчын. У нашым батальёне ні разу не было ні грэбавання, ні абразаў, не кажу ўжо пра гвалт, – кажа ўкраінка. – Магчыма, гэта таму, што ўвогуле на вайну ідуць высакародныя асобы, не здольныя на нізкія ўчынкі.

«Каб выконваць баявыя задачы, неабавязкова націскаць на курок»

Ларыса Мала.
Фота: Ларыса Мала/Facebook

Паводле нашай суразмоўцы, у арміі шмат прафесіяў, што могуць рабіць толькі жанчыны.

– Мужчыны больш мэтанакіраваныя, энергічныя, ім трэба біцца. Але шмат вайсковых прафесіяў патрабуюць уседлівасці, увагі, і там ніяк без жанчын, – кажа Ларыса. – У нас шмат дзяўчат у шыхтавым рыхтаванні, сувязі, медыцыне. Так, ёсць жанчыны-стралкі, снайперкі, мінамётніцы. Але агулам у жанчын у войску спакайнейшыя прафесіі.

Сваю прафесію сувязісткі Ларыса не можа назваць цалкам спакойнай і бяспечнай, хоць у бой нашай суразмоўцы пакуль уступаць не даводзілася.

– Пра сувязістаў кажуць, што яны страляюць апошнімі, – зазначае жанчына. – Калі ўсе загінулі, тады за зброю бярэцца сувязь. У штатных сітуацыях нам не даводзіцца страляць. Але сувязісты ходзяць па лініі і наладжваюць на ўсім участку баявых дзеянняў сувязь. Калі недзе быў абстрэл і парвалася сувязь, сувязісты выходзяць і напраўляюць. Дзяжурым соднямі. Калі пачынаецца абстрэл, ты не можаш у бліндажы пад ложак схавацца, а мусіш заставацца на сувязі і перадаваць падраздзяленням, што адбываецца. Каб быць на вайне і выконваць баявыя задачы, неабавязкова націскаць на курок. Не ўсе страляюць на вайне. Ёсць шмат людзей, якія забяспечваюць лінію агню. Медыкі не страляюць, сувязісты, кухары, але яны падтрымліваюць жыццядзейнасць тых, хто страляе.

І нават у вайскоўцаў, якія страляюць, баі – толькі частка франтавой рэчаіснасці. Агулам жа на вайне працягваецца жыццё. І на лініі агню трэба ўладкоўваць сабе побыт – нават у акопах. Трэба засцілаць пасцель, каб і ў бліндажах было камфортна спаць, гатаваць ежу, каб смачна есці.

– У нас ствараюцца сем’і, святкуюцца вяселлі, нараджаюцца дзеці, – распавядае Ларыса. – Байцоў адпускаюць на шлюб. Раней нашая частка базавалася ў Марыупалі, там у горадзе ладзілі вяселлі. У нас ёсць сем’і, што ўтварыліся літаральна на пазіцыях у акопах. Мая сяброўка так выйшла замуж за лейтэнанта. У іх нарадзіўся сын. Калі малому споўнілася тры гады, яна выйшла з дэкрэту і яшчэ да вайны вярнулася на фронт. Хлопчык застаўся з бабуляй, потым яны выехалі з краіны, а гэтая дзяўчына – медык – працягвае ў нас служыць, цудам уратавалася ў акупаваным Марыупалі. І яна не можа інакш.

«Ва ўкраінцаў няма іншага выйсця, акрамя перамогі, інакш мы перастанем існаваць»

Ларыса Мала.
Фота: Ларыса Мала/Facebook

Поруч з жыццём на вайне ідзе смерць.

– Самае цяжкае – калі гінуць сябры, прыходзяць навіны пра чыюсь смерць, – кажа добраахвотніца. – Некалькі маіх сяброў загінулі, у тым ліку з майго батальёну. Ты з гэтым чалавекам штодня, літаральна ясі з аднаго катла, вы шмат праз што разам прайшлі і ён збіраецца жыць яшчэ доўга, а наступным днём яго няма. Гэта вельмі цяжка ўсвядоміць. Душа не прымае. Вось да такога прызвычаіцца немагчыма.

Пры гэтым, калі штодня сутыкаешся са смерцю, вучышся не баяцца яе.

– Наш капелан айцец Андрэй казаў: мужнасць – гэта не адсутнасць страху, а барацьба з ім і пераадоленне. А біяхімічныя рэакцыі арганізму ў адказ на страх (той жа адрэналін) дапамагаюць выстаяць і не спаць некалькі содняў, бегчы, насіць цяжкую амуніцыю, – кажа нашая суразмоўца. – І як бы табе ні было цяжка, ні хацелася дамоў, як бы ты ні баяўся, жаданне вызваліць сваю краіну мацнейшае за страх смерці.

Цягам усіх шасці гадоў у Ларысы ніколі не ўзнікала сумневаў у сваім выбары.

– Калі б я сумнявалася ці шкадавала, ужо даўно ўсё кінула б, – кажа жанчына. – У мяне кантракт не часовы, не на 3 ці 5 гадоў, а «да сканчэння асаблівага перыяду». Асаблівы перыяд яшчэ не скончыўся, таму ісці дамоў я не магу, не хачу і не збіраюся. І кідаць усё, пакуль мы не скончылі сваю справу – несумленна ў дачыненні сваёй краіны і саміх сябе.

Ларыса Мала.
Фота: Ларыса Мала/Facebook

Прагнозаў адносна сканчэння вайны на фронце ніхто не робіць, зазначае Ларыса.

– Нават у галаву не прыходзіць разлічваць, колькі гэта ўсё працягнецца. Ты проста выконваеш свае задачы і нічога не чакаеш, – кажа сувязістка. – Мы думаем не пра тое, калі скончыцца вайна, а пра тое, што яна скончыцца, і мы пераможам. Бо калі Украіна не пераможа, Пуціна нішто не спыніць. У яго вялікія планы, і ў іх уключаная ўся нашая краіна. Ён не хоча, каб Украіна існавала як дзяржава, а ўкраінцы як нацыя. Таму ў нас няма іншага выйсця, акрамя перамогі. Бо інакш мы перастанем існаваць.

«Мы былі, калі Расеі яшчэ не існавала»

Ларыса Мала.
Фота: Ларыса Мала/Facebook

Пасля перамогі Ларыса Мала хоча вярнуцца ў роднае Запарожжа – там у яе засталіся сваякі, сябры. Браты жанчыны таксама пайшлі на фронт. Дочкі з унукамі выехалі за мяжу.

– Яны прасядзелі некалькі тыдняў пад абстрэламі і не вытрымалі, – распавядае добраахвотніца. – Унучцы сёлета ісці ў першы клас, але, напэўна, не ва Украіне. Хоць дочкі вельмі хочуць вярнуцца дамоў. Увогуле, усе ў нашым батальёне хочуць вярнуцца ў родныя мясціны. Але, на жаль, шмат каму проста няма куды вяртацца, бо некаторыя гарады цалкам знішчаныя. Мой горад, дзякуй Богу, стаіць і трымаецца, хоць ракеты прылятаюць.

Ларыса захапляецца смеласцю і еднасцю ўкраінцаў у гэтыя цяжкія часы, аднак не пагаджаецца, што ўкраінская нацыя нараджаецца толькі цяпер, пад абстрэламі.

– Немагчыма ў адзін момант аб’яднацца і стаць нацыяй, – зазначае жанчына. – І мы не тое што не цяпер, мы нават не трыццаць гадоў таму пасля развалу СССР з’явіліся. І трыста, і пяцьсот, і тысячу гадоў таму мы былі ўкраінцамі. Тады Расеі яшчэ не існавала. Нашую нацыю ўжо цягам некалькіх стагоддзяў спрабуюць знішчыць, пераканаць, што мы і не нацыя зусім, а так – непаразуменне. Але мы ўсе разам, змагаемся і будзем змагацца да перамогі.

Пра тое, што перажывае на вайне, Ларыса Мала піша кнігу. Прачытаць некаторыя фрагменты будучага твору можна тут.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў