Усе банкі Беларусі выставілі аднолькавы курс пакупкі расейскага рубля


За 100 расейскіх рублёў дадуць 3,30 беларускага рубля – такі курс 31 траўня ва ўсіх беларускіх банках. Пры тым курс продажу расейскага рубля розніцца: ад 4 да 4,3 беларускага рубля за 100 расейскіх.

Табло з курсамі валютаў на вуліцы ў Менску.
Фота: Белсат

Параўнаць курсы валютаў дазваляе шэраг інтэрнэт-сэрвісаў кшталту Myfin.by ці Select.by – і яны паказваюць аднолькавы курс пакупкі расейскага рубля ва ўсіх банках Беларусі. Сайты асобных банкаў гэта пацвярджаюць: за 100 расейскіх дадуць 3,30 беларускага рубля, дзе ні прасі. Гэтая сітуацыя незвычайная: банкі зазвычай выстаўляюць блізкія, але не ідэнтычныя курсы.

Нацыянальны банк, Міністэрства фінансаў і іншыя дзяржаўныя ўстановы не анансавалі такога фіксавання курсаў. На сайтах банкаў тлумачэння няма. З расейскага боку нейкіх асаблівых навінаў пра расейскі ці беларускі рубель таксама не паступала.

31 траўня – перадапошні дзень месяца і апошні дзень аплаты адпрыбытковага падатку для фізічных асобаў, яго трэба аплаціць не пазней за 1 чэрвеня. Беларускі эканаміст, да якога звярнуўся «Белсат», сказаў, што не мае здагадак адносна таго, чым можа быць выкліканы аднолькавы курс і ці звязаны ён з адпрыбытковым падаткам:

«Ідэнтычны курс наводзіць на думку, што гэта магла быць рэкамендацыя Нацбанку», – мяркуе эканаміст.

У прэс-службе Нацбанку Беларусі «Белсату» адказалі: загаду з іх боку не было.

«Нацыянальны банк вызначае афіцыйны курс, а банкі выстаўляюць для абмену свае курсы. Пытайце ў банках, чаму ў іх такі курс», – кажуць у Нацбанку.

Пры тым афіцыйны курс Нацбанку на 31 траўня – 4,0620 беларускага за 100 расейскіх рублёў, на 1 чэрвеня – 4,1625 беларускага за 100 расейскіх. 26 траўня афіцыйны курс беларускага рубля да расейскага быў рэкордна высокім: аж 4,3879 беларускага за 100 расейскіх. Аднак з таго дня курс пайшоў уніз.

Фота: Белсат

У адным з банкаў «Белсату» праз тэлефон пацвердзілі: курс правільны, гэта не памылка, паўсюль так. З чым гэта звязана, аператар не ведаў, але выказаў здагадку:

«Пакуль фіксаваная стаўка: 3,3. Але яна можа змяніцца ў любы час, можа змяніцца цягам гадзіны, дня, тыдня – невядома проста».

Аператар параіў шукаць інфармацыю ў якіх-небудзь дзяржаўных крыніцах – банк гэтага супадзення курсаў не тлумачыў.

У іншым банку пацвердзілі: 3,3, але «гэта толькі ў нас, пра іншыя банкі не ведаем». Аператар другога банку запэўнівае: гэта не распараджэнне «зверху», «такога няма».

Ранкам 31 траўня ў Банкаўскім працэсінгавым цэнтры адбыўся збой, банкаўскія карткі кліенаў розных банкаў перасталі працаваць. Аднак працэсінгавы цэнтр не адказвае за курсы валютаў.

Абноўлена
У Беларусі збоі ў працы банкаўскіх картак
2022.05.31 10:37

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў