У Горадні сабраліся адкрыць генеральнае консульства Расеі


Расея ўжо мае амбасаду ў Менску і генеральнае консульства ў Берасці. Навоша патрэбнае яшчэ адно генеральнае консульства, не паведамляюць.

Барыс Грызлоў.
Фота: nation-news.ru

Амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў паведаміў 31 траўня на сустрэчы з кіраўніцтвам Гарадзенскай вобласці аб рашэнні адкрыць генеральнае консульства Расеі ў Горадні. Рашэнне, заявіў ён, «ужо прынятае», але калі і дзе адкрыецца консульства, невядома.

Расея мае амбасаду ў Менску і генеральнае консульства ў Берасці – самым далёкім ад расейскай мяжы горадзе Беларусі. Горадня таксама няблізка ад Расеі: калі ад Берасця да расейскай мяжы каля 500 км, то ад Горадні – каля 460 км.

У Горадні ўжо ёсць генеральныя консульствы Польшчы і Літвы, ганаровыя консульствы Украіны і Кыргызстану. Горадня – пяты паводле насельніцтва горад Беларусі. У Гарадзенскай вобласці падчас перапісу 2019 года этнічнымі расейцамі сябе назвалі 6,38 % жыхароў, тады як у Віцебскай, якая мяжуе з Расеяй і не мае консульства, 12,15 %.

Уладзімір Пуцін прызначыў Барыса Грызлова на пасаду амбасадара ў Беларусі 14 студзеня 2022 года. Грызлоў паабяцаў «шматпланавае» падтрыманне Аляксандра Лукашэнкі і назваў прыярытэтамі «працяг нашай шматпланавай інтэграцыі» і «паслядоўнае збліжэнне ў межах Саюзнай дзяржавы».

Аналітыка
«Цяжкавік» пад інтэграцыю і рэферэндум. Што азначае прызначэнне новага амбасадара РФ у Беларусі?
2021.12.23 19:08

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў