«Палітычная інтрыга збанкрутаванага рэжыму». Чаму Паўднёвая Асеція перадумала далучацца да Расеі


Праз паўтара месяца ў самаабвешчанай Рэспубліцы Паўднёвая Асеція, якую Грузія лічыць часткай сваёй тэрыторыі, мусіў прайсці рэферэндум аб яе ўваходжанні ў склад Расеі. Але нечакана Расея, якая вядзе вайну за далучэнне ўкраінскіх тэрыторыяў, ідэю не падтрымала, і плебісцыт быў пастаўлены на паўзу.

Жанчына каля пункта збору гуманітарнай дапамогі для жыхароў Данбаса і расейскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у вайне ва Украіне. Цхінвалі, Паўднёвая Асеція. 8 красавіка 2022 г. фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum

Што такое Паўднёвая Асеція?

Паўднёвая Асеція – гэта рэгіён плошчай 3900 квадратных кіламетраў. Умоўна, як разам узятыя Жабінкаўскі і Столінскі раёны – самы вялікі і самы маленькі раёны Беларусі. Пражывае тут 56,5 тыс. чалавек, ці крыху больш, чым у Кобрыне.

Рэгіён у савецкія часы на правах аўтаноміі ўваходзіў у склад Грузінскай ССР. Пры гэтым асеціны значна адрозніваюцца ад грузінаў у моўным плане: асецінская мова належыць да індаеўрапейскай моўнай сям’і, грузінская – да картвельскай.

Аналітыка
«Замазаць крывёю». Навошта народы Расеі гінуць за «русский мир» ва Украіне
2022.05.05 13:10

Калі ў снежні 1991 года Савецкі Саюз разваліўся, Паўднёвая Асеція абвясціла сваю незалежнасць ад Тбілісі. Але Грузія па-ранейшаму лічыць яе часткай сваёй тэрыторыі ды называе Паўднёвую Асецію і Абхазію акупаванымі Расеяй рэгіёнамі. Паміж бакамі пры актыўным удзеле Крамля ўжо прайшло два канфлікты – в 1991-1992 і 2008 гадах, у выніку якіх, паводле розных падлікаў, загінулі каля 2 тыс. чалавек. Дзясяткі тысяч сталі ўцекачамі. Дарэчы, у 1989 годзе ў рэгіёне жылі амаль 100 тыс. чалавек, ці амаль удвая больш, чым цяпер.

Білборд з нагоды 10-годдзя расейска-грузінскай вайны. 22 жніўня 2018 года.
Фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum

Саму Паўднёвую Асецію як незалежную дзяржаву за больш чым 30 гадоў пакуль прызналі толькі пяць краін-чальцоў ААН: Расея і яе саюзнікі Нікарагуа, Венесуэла, Сірыя і Науру. Нават рэжым Аляксандра Лукашэнка на гэта не пайшоў.

У суседняй Расеі ёсць Аўтаномная Рэспубліка Паўночная Асеція. Тут жыве 688 тыс. чалавек – як у Гомлі і Баранавічах разам. Тэрыторыя Паўночнай Асеціі – 7 987 квадратных кіламетраў, або ўдвая больш Паўднёвай. Відавочнага сепаратызму ў рэгіёне не відаць.

Не ўпершыню

Першы рэферэндум аб далучэнні Паўднёвай Асеціі да Расеі прайшоў яшчэ ў студзені 1992 года. Тады ўступленне ў РФ падтрымалі амаль 100 % яго ўдзельнікаў. Але Масква яе ў свой склад уключаць не захацела.

4 красавіка 2016 года прэзідэнт Паўднёвай Асеціі Леанід Цібілаў напрыканцы сваёй кар’еры абвясціў аб правядзенні рэферэндуму аб уваходжанні ПА ў склад Расеі. Але спачатку плебісцыт некалькі разоў пераносіўся, а потым і зусім быў адкладзены на нявызначаны тэрмін.

У 2022 годзе правядзенне рэферэндуму зрабіў часткай сваёй прэзідэнцкай кампаніі пераемнік Цібілава Анатоль Бібілаў. Ён таксама ўдзельнічаў у адпраўцы асецінскіх вайскоўцаў на вайну ва Украіну. Частка з іх, праўда, затым вярнулася на радзіму сваім ходам. Выбары Бібілаў прайграў, але перад зыходам з пасады ўсё ж паспеў прызначыць на 17 ліпеня дату плебісцыту. Паводле яго ідэі, ужо ў РФ Паўднёвая Асеція можа абʼяднацца з Паўночнай у адзіную рэспубліку.

Расея пакуль не можа вызначыцца

У адказ на прызначэнне даты рэферэндуму спецпрадстаўнік Дзярждумы РФ у пытаннях міграцыі і грамадзянства Канстанцін Затулін заявіў, што пастанова прынятая заўчасна. З ягоных словаў, «прызначаць рэферэндум павінен ужо новы абраны прэзідэнт», а «Расеі гэты рэферэндум цяпер не дарэчы».

У сваю чаргу дэпутат Дзярждумы Мікалай Навічкоў адзначыў, што рэферэндум у Расеі аб далучэнні Паўднёвай Асеціі да РФ можа прайсці адначасова з рэферэндумамі аб уключэнні «ДНР», «ЛНР» і Херсонскай вобласці Украіны ў адзіны дзень галасавання 11 верасня. Паводле яго словаў, для гэтага нават не варта чакаць заканчэння вайны.

Гэтую ж дату са спасылкай на свае крыніцы называе і расейскае выданне «Медуза». Пры гэтым мяркуе таксама ўключэнне ў склад РФ і незалежнай Беларусі, якая цяпер кантралюецца рэжымам Лукашэнкі.

Hавiны
«Meduza»: У Беларусі можа прайсці плебісцыт аб «зліцці» з Расеяй
2022.05.24 13:48

У Савеце Федэрацыі лічаць, што ў расейскім заканадаўстве няма ніякіх перашкодаў прававога характару для такіх рэферэндумаў. Але пры гэтым заяўляюць, што ўсё ж варта дачакацца заканчэння вайны ва Украіне.

Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Расея не робіць крокаў па арганізацыі рэферэндуму па ўваходжанню Паўднёвай Асеціі ў склад Расеі. Акрамя таго, ён звярнуў увагу на юрыдычныя нестыкоўкі ў гэтай ініцыятыве. Паводле яго слоў, «вядома, трэба юрыдычна падумаць над фармулёўкамі».

А амбасадар РФ у Паўднёвай Асеціі Марат Кулахметаў і зусім абвінаваціў Бібілава ў тым, што «выключна важнае рашэнне аб правядзенні плебісцыту прынялі ў Паўднёвай Асеціі без уліку меркавання расейскага боку, насуперак з нашымі дамоўленасцямі, насуперак «духу і літары» нашага саюзніцтва».

Святкаванне Дня Перамогі. Цхінвалі, Паўднёвая Асеція. 9 мая 2022 года.
Фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum

Тбілісі абяцае адказаць

У Грузіі ж наогул назвалі «непрымальным размову аб любым рэферэндуме ў умовах, калі тэрыторыя акупаваная».

«Ва ўмовах акупацыі ні ў якога рэферэндуму не будзе юрыдычнай сілы. Тым больш, што сотні тысяч нашых суграмадзянаў выгнаныя з уласных дамоў, у выніку этнічнай чысткі ім не даюць права вярнуцца ва ўласныя дамы», – сказаў кіраўнік грузінскага МЗС Давід Залкаліяні.

Не будуць «прызнаваць вынікі любых намаганняў з боку Расеі або [звязаных з ёй] сіл па падзеле грузінскай тэрыторыі» таксама і ў ЗША.

Пры гэтым прэзідэнт Грузіі Саломэ Зурабішвілі заявіла, што Тбілісі не будзе выкарыстоўваць вайсковую сілу ў дачыненні да Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Але, паводле яе, «яшчэ адна правакацыя Расеі, пагроза рэферэндуму ў Паўднёвай Асеціі і анексіі» «не застанецца без адказу і выкліча адпаведную рэакцыю міжнароднай супольнасці».

Hавiны
«Такіх палітычных сілаў няма». Нават у Абхазіі заявілі, што не збіраюцца далучацца да Расеі
2022.03.30 23:59

Характэрна, што нават у Абхазіі не далучыліся да рашэння Паўднёвай Асеціі ўвайсці ў склад Расеі. Там адзначылі, што не для таго ваявалі за незалежнасць ад Грузіі, каб потым стаць часткай РФ.

Рэферэндум адменены

І вось 30 мая становіцца вядома, што пераемнік Бібілава на пасадзе прэзідэнта Паўднёвай Асеціі Алан Гаглоеў прыпыніў дзеянне ўказу, які прадугледжваў правядзенне рэферэндуму аб аб’яднанні з Расеяй 17 ліпеня.

Гаглаеў прыпыніў указ, «прызнаючы недапушчальнасць аднабаковага рашэння рэферэндуму па пытаннях, якія закранаюць законныя правы і інтарэсы РФ» і «цалкам падтрымліваючы ініцыятыву грамадзян Паўднёвай Асеціі аб далейшай інтэграцыі» з Расеяй. Пры гэтым вырашана «неадкладна правесці з расейскім бокам кансультацыі па ўсім комплексе пытанняў, звязаных з далейшай інтэграцыяй Рэспублікі Паўднёвая Асеція і Расейскай Федэрацыі».

Характэрна, што ў Паўднёвай Асеціі нават няма грошай на правядзенне рэферэндуму, і для гэтага давялося б браць пазыку ў банку.

«Інструмент ціску»

У каментары «Белсату» асецінскі тэлеграм-канал «Бонвæрнон» адзначыў, што «рэферэндум разглядаецца ў Паўднёвай Асеціі выключна як інструмент ціску на абранага прэзідэнта Алана Гаглаева з боку прайграўшага выбары Анатоля Бібілава».

«Расея на ўзроўні прэс-сакратара Пуціна і МЗС пазначыла, што пытанне не актуальнае. Ацэньваць, наколькі рэальна правядзенне рэферэндуму, складана, але тое, што за ім нічога не рушыць услед – факт, аб гэтым з расейскага боку прама гаворыцца», – заявіў прадстаўнік тэлеграм-каналу.

Паводле яго, «гэта палітычная інтрыга з боку збанкрутаванага рэжыму Бібілава».

Цхінвалі, Паўднёвая Асеція. 12 жніўня 2018 г.
Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

«Дадатковыя праблемы на пустым месцы»

У сваю чаргу расейскі палітолаг Аляксандр Кынеў у каментары belsat.eu адзначыў, што тэма рэферэндуму па далучэнні да Расеі «ўзнікае ў Паўднёвай Асеціі кожны раз, калі там праходзяць выбары».

«Гэта была спроба прайграў выбары прэзідэнта Бібілава хоць нейкім чынам паспрабаваць выратаваць сваё становішча і нізкі рэйтынг. Нічога іншага, акрамя як спробы выйграць выбары, за гэтай ідэяй першапачаткова ў Бібілава не было», – кажа Кынеў.

Для Расеі ж далучэнне Паўднёвай Асеціі, на ягоную думку, не мае ніякага сэнсу, а стварае толькі «дадатковыя праблемы на пустым месцы».

«Няма ніякай карысці: ні палітычнай, ні эканамічнай, наогул ніякай», – лічыць Аляксандр Кынеў.

Палітолаг назваў відавочным тое, што ніхто не прызнае гэта далучэнне, будуць уведзеныя дадатковыя санкцыі і яшчэ больш сапсаваныя адносіны, а «абсалютна ніякай карысці».

Аналітыка
Не толькі Смаленск і Курылы. Хто і як малюе Расею на сваіх нацыянальных мапах
2022.03.05 09:32

Макар Мыш /ММ belsat.eu

Стужка навінаў