Новыя «фармаванні», тры гады за лайкі і затрыманне «чараўнікоў-рускамірцаў». Рэпрэсіі за 31 траўня


Палітычныя арышты і суды ў Беларусі не спыняюцца ні на дзень. «Белсат» распавядае пра рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі супраць беларускага народу, аб якіх стала вядома 31 траўня.

Капітан міліцыі Андрэй Комар, за «абразу» якога асудзілі некалькі чалавек. Бабруйск, Беларусь. 14 сакавіка 2019 года.
Фота: uvd.mogilev.by

Сяброўку Прэзідыуму БСДП Людмілу Волкаву асудзілі на два гады калоніі агульнага рэжыму і штраф у 152 тысячы рублёў, піша «Вясна». Ян прызналі вінаватай у «дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» на паслявыбарчых пратэстах. Жанчына ў няволі з 19 студзеня, у яе на волі застаўся 6-гадовы сын, якога яна выхоўвала адна.

Жыхару Баранавічаў Валерыю Захарчанку прысудзілі тры гады калоніі і штраф у 8 тысяч рублёў за «абразу Лукашэнкі», «абразы чыноўнікаў» і «зліў персанальных звестак». Паводле абвінавачвання, ён паставіў падабайкі і зрабіў рэпосты відэа ў «Аднакласніках», на якіх былі абраза Аляксандра Лукашэнкі абраза міліцэйскага начальніка Сяргея Нікеля. Мужчына прызнаў сваю віну.

У Магілёве, як стала вядома сёння, яшчэ 24 траўня асудзілі 35-гадовага Дзмітрыя Макаркова з Мазыра. Яго прызналі вінаватым у «абразе» бабруйскага ўчастковага Андрэя Комара (за «абразу» якога ўжо асудзілі некалькі чалавек), за «абразлівы каментар з негатыўнай адзнакай Камара А.М. з ужываннем нецэнзурнай лексікі» прысудзілі паўтара года «хіміі» (абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу) і штраф у 3200 рублёў.

Hавiны
Ужо 1223 палітвязні. Беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ 8 чалавек
2022.05.31 19:22

У Менску пачалі судзіць Марыю Успенскую – удаву Андрэя Зельцара, забітага сілавікамі падчас штурму кватэры. Яе вінавацяць паводле артыкулу за «забойства» (але не «забойства службовай асобы», хоць застрэлены Зельцарам «чалавек у цывільным» быў супрацоўнікам КДБ). Яе судзяць як «асобу, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне, прадугледжанае крымінальным законам, у стане бессвядомасці або якая захварэла пасля здзяйснення злачынства на псіхічны разлад (захворванне)» (п. 13 арт. 6 КПК) – ёй пагражае прымусовае лекаванне.

Таксама ў Менску пачалі судзіць сёстраў Яну і Таццяну Барысовіч, якіх вінавацяць у «грубым парушэнні грамадскага парадку». Дзяўчын затрымалі 22 лютага пасля ператрусу. Праваабаронцы прызналі іх палітычнымі зняволенымі.

Сілавікі за 31 траўня назвалі «экстрэмісцкімі фармаваннямі» адразу некалькі інтэрнэт-супольнасцяў:

  • «Каратели Беларуси»,
  • «Черная книга Беларуси»,
  • «ВСЕ НАРУШЕНИЯ»,
  • Telegram-канал «МАЗ для жизни» і чат «МАЗ 97%»,
  • а таксама Youtube-канал «Дзікае паляванне».
Артыкулы
«Спіс тэрарыстаў» і «экстрэмізм» у Беларусі: пытанні і адказы
2022.05.31 16:04

У Менску затрымалі нібыта за «перакрыванне руху транспарту» на пратэстах 2020 года і падпіску на «экстрэмісцкія» каналы 32-гадовую Наталлю Ганчарэнку, прымусілі запісаць «пакаяннае відэа», піша «Вясна».

Таксама з «пакаяннага відэа» стала вядома пра затрыманне 23-гадовага фаната менскага «Дынама» і аўтара TikTok-каналу Андрэя Багадзяжа, піша «Наша ніва».

У Віцебску падманам арыштавалі Ігара Кашлача – мужчыну, паводле звестак «Вясны», выклікалі, каб апытаць з нагоды асацыяльных і амаральных паводзінаў суседзяў з ягонага ж пад’езда, а затрымалі за «падпіску на экстрэмісцкія каналы».

35-гадовага менчука, які працаваў у гарадскім кадастравым агенцтве, сабраліся судзіць за «зліў персанальных звестак» сілавікоў, «распальванне варожасці» і «перавышэнне службовых паўнамоцтваў», паведаміла Генпракуратура 31 траўня. Падрабязнасці справы невядомыя.

Гісторыі
«Ну які ж гэта тэрарызм? Дзікасць нейкая!» Хто такі Аляксей Іванісаў, якога будуць судзіць у справе «Буслы ляцяць»
2022.05.31 10:51

У Магілёве сілавікі 28 траўня затрымалі два дзясяткі ўдзельнікаў супольнасці «Чароўныя войскі спецыяльнага прызначэння Русі», калі тыя вадзілі карагод. Удзельнікаў карагоду аштрафавалі на 320 рублёў. Маці шасці дзяцей Вольгу Елесееву арыштавалі за ўдзел у карагодзе пасля двух дзён у ізалятары аштрафавалі на тыя ж 320 рублёў, канфіскавалі тэлефон.

У Горадні ўчора закрылі галерэю «400 квадратаў» пасля скаргі праўладнай блогеркі Вольгі Бондаравай. Цяпер прапагандыст Грыгорый Азаронак знайшоў «нацыяналістычную, антыпрэзідэнцкую, русафобскую забягалаўку»: менскі бар «Kalinoŭski», дзе з беларускага даўно засталася толькі назва.

Але ёсць і добрыя навіны: на волю выйшаў палітвязень Глеб Фінцэр – першы з тузіна асуджаных у «справе студэнтаў». Ён адбыў два гады зняволення. А палітвязень Дзяніс Іваноў на «хіміі» ажаніўся.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў