Дзяржаўныя медыі палохаюць беларусаў жудаснымі ўмовамі жыцця ў Польшчы. Ці праўду кажуць?


Ужо некалькі гадоў дзяржаўныя медыі Беларусі на сваіх старонках атакуюць суседнюю Польшчу. Год таму яны пісалі, як «Польшча забівае мігрантаў», гэта ішло ў звязцы з тым, як раней палякі знішчалі беларускую нацыю або як Польшча ў сябе ў краіне «закрывае незалежныя СМІ». Цяпер тэматыка змяняецца ў іншы бок.

«Раёнкі» з Берасцейскай і Гарадзенскай вобласці як пад капірку публікуюць амаль аднолькавыя тэксты, дзе спрабуюць данесці: у Польшчы жыць вельмі цяжка, і чым мяняць гаршчок на гліну, лепей заставацца ўдома. Разбярэмся разам, чаму так адбываецца, навошта дзяржаўныя медыя разгортваюць такую тэматыку менавіта цяпер.

«Гэта не праца, а жорсткая эксплуатацыя таннай для палякаў беларускай працоўнай сілы»

«Пінскі веснік» апісвае гісторыю 29-гадовага Германа, які адправіўся працаваць у Польшчу, каб крыху зарабіць, але вярнуўся дадому з пустымі кішэнямі.

«Уладкаваліся да прыватніка на тартак не праз кантракт, а ў якасці наёмнага працаўніка. Змены былі па 10 гадзінаў з двума паўгадзіннымі перапынкамі на абед, за час якіх нічога нельга было паспець зрабіць. Гэта была не праца на карысць, а жорсткая эксплуатацыя таннай для палякаў беларускай працоўнай сілы. Бытавыя ўмовы таксама былі пякельнымі: хлопцы жылі на паддашкавым паверсе будаўнічай крамы, дзе для начлегу далі некалькі пабітых канапаў без бялізны. Амаль усе заробленыя грошы ішлі на ежу і праезд. Эннай сумы дадому прывезці не атрымалася, хаця так хацелася».

Збор трускавак у Польшчы ўжо стаў класічным прыкладам сезоннай працы для замежнікаў.
Фота: Piotr Mecik/FORUM / Forum

Не атрымалася нічога ў Польшчы ні ў 27-гадовай таваразнаўцы Карыны, ні ў 30-гадовага інжынера-будаўніка Ігара, ні ў 29-гадовай бухгалтаркі Іны. Усім даводзілася цяжка працаваць, усім не даплачвалі, усе вытрымалі толькі некалькі месяцаў, а некаторыя нават падарвалі здароўе – і толькі ў Беларусі ў іх усё стала добра, толькі на радзіме жыццё наладзілася.

«Працаваў кур’ерам. Сілаў ставала дабрацца да здымнага пакою, паесці паўфабрыкатаў ці фаст-фуду, паспаць і зноў бегчы на працу».

«Вось вы шмат ведаеце беларусаў, якія з’ехалі ў Польшчу і дамагліся там поспеху? – піша «Янаўскі час» і адразу тлумачыць: – Магчыма, нехта і ўспомніць аднаго-двух знаёмых або знаёмых сваіх знаёмых, прафесіі якіх звязаны пераважна з запатрабаванымі вузкімі спецыяльнасцямі. А астатнія? У найлепшым выпадку працуюць кіроўцамі, курʼерамі, пакавальнікамі. Здымаюць не вельмі камфартабельнае жытло, працуюць з раніцы да ночы. Так і гэты маладзён. Працаваў курʼерам. Сілаў ставала дабрацца да здымнага пакою, паесці паўфабрыкатаў ці фаст-фуду, паспаць і зноў бегчы на працу. Заробак? На ежу і жытло хапала, нават атрымлівалася адкладаць нешта, але пра цікавае падарожжа ці адпачынак на моры заставалася толькі марыць. Жыць так далей? А навошта, калі наперадзе пакуль не відаць ніякай перспектывы. Спрабаваў уладкавацца на іншае месца працы, але сутыкнуўся з тым, што ўсюды беларусам прапаноўвалі заробак значна ніжэйшы, чым палякам. То бок мы – танная працоўная сіла, прычым даволі працаздольная і адказная. Вярнуўся дадому, уладкаваўся кіроўцам, атрымлівае тыя ж грошы, жыве з бацькамі, адпачывае ў выходныя з сябрамі».

У іншых раёнках выйшаў аднолькавы матэрыял, у якім апісваюцца ўсе мінусы жыцця ў Польшчы: гэта і незразумелая мова, якую трэба вучыць, і нізкі заробак для беларусаў, і праца на знос, і мала забаваў, і высокая рэлігійнасць палякаў, і дарагое навучанне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кошты ў польскіх крамах.
Фота: Mateusz Wlodarczyk / Forum

Трэба паказаць, што ў Беларусі больш стабільная сітуацыя, а ў іншых краінах цэлая катастрофа

Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі тлумачыць, чаму беларуская прапаганда ўключыла такі наратыў. Эксперт адзначае, што гэты прыём узяты яшчэ з савецкіх часоў.

– Калі казаць пра матэрыялы, у якіх апісваюцца мінусы жыцця ў Польшчы, то размова можа весціся пра збор недахопаў, якія мае кожная краіна. І каб гэта выглядала пераканаўча, прапаганда гаворыць перадусім пра цэны на соль і муку, – кажа Быкоўскі.

– Калі беларускія людзі бачаць, што іхнае жыццё пагаршаецца, то трэба паказаць, што пагаршэнне ёсць не толькі ў Беларусі. Маўляў, у Беларусі больш стабільная сітуацыя – а ў іншых краінах гэта выглядае як цэлая катастрофа. Падобныя аповеды былі ўласцівыя нават савецкай прапагандзе. Праўда, ёй было складаней шукаць прыклады, бо трэба было абавязкова абмінуць дабрабыт заходняй цывілізацыі, а сёння няма такой бездані паміж Беларуссю і Польшчай, як была паміж СССР і ЗША. Можна казаць, што моцна падняліся цэны на энерганосьбіты. Але гэтая тэма таксама небяспечная для Беларусі, бо там растуць тыя самыя цэны. Можна казаць, што зніклі нейкія тавары. Але людзі едуць у Польшчу і бачаць, што гэта не так, – адзначае Паўлюк Быкоўскі.

Аляксандр Каваленка на акцыі ў падтрымку Аляксандра Івуліна ў Беластоку. Фота Белсат

Аляксандр Каваленка з сямʼёй мусіў пераехаць з Магілёва ў Беласток роўна год таму. Мы з ім паразмаўлялі пра жыццё ў Польшчы і паспрабавалі разбурыць міфы лукашэнкаўскай прапаганды.

– Я ведаю, пра што кажа беларуская прапаганда, бо сябры ў Беларусі і бацькі кажуць пра гэта. У майго бацькі на працы адзін «ябацька» спытаў: калі твой сын вернецца, там жа яму есці няма чаго? І цэны ў Польшчы няўздымныя. Тады я распавёў бацьку пра цэны. Напрыклад, яблыкі на рынку ў Польшчы – 2 злотыя, а ў Беларусі яны каштуюць 10 злотых. Мяса – 20 злотых, а ў Беларусі – 20 рублёў. У Польшчы толькі паліва даражэйшае, астатняе ўсе значна таннейшае. Пры гэтым заробкі ў Польшчы вышэйшыя, чым у Беларусі, – кажа Аляксандр.

А вось што са свайго досведу жыцця ў Польшчы Аляксандр Каваленка можа адказаць на пяць асноўных міфаў беларускай прапаганды.

Міф першы: каб жыць у Польшчы, трэба вучыць польскую

– Я больш працую з беларусамі і спакойна магу абысціся ў Польшчы без ведання польскай мовы. Палякі разумеюць мяне і без ведання мовы ў краме ці ў іншых грамадскіх месцах. Але я вучу польскую, я прыехаў у іхную краіну – і я мушу ведаць мову краіны ў якой жыву.

Міф другі: мала забаваў

– Ну так, тут у нядзелі людзей не ганяюць амапаўцы, тут такога няма. А калі сурʼёзна, тут усяго стае: басейны, аквапаркі, гульнявыя цэнтры для дзяцей, батутны парк, боўлінг, шмат паркаў. Здаецца, ёсць усё, каб можна было добра адпачыць. Я не бачу, што ў Польшчы мала забаваў – мне і маёй сямʼі хапае.

Міф трэці: Польшча занадта рэлігійная

– Такое і праўда ёсць, але гэта ніяк не ўплывае на жыццё маёй сямʼі. Тут ніхто не прымушае хадзіць у касцёл або яшчэ нешта рабіць. Адзінае, у нядзелю не працуюць крамы, але даволі хутка звыкаешся з гэтым, закупы плануеш зрабіць раней, а нядзелю праводзіш з сямʼёй.

Міф чацвёрты: нізкі заробак для беларусаў у Польшчы і катаржная праца

– З таго, што я бачу, нешта не відаць, каб беларусы, якія прыехалі сюды працаваць, вярталіся назад у Беларусь. І палякі не едуць у Беларусь зарабляць. У любой краіне, каб добра зарабляць, трэба шмат працаваць. Тое самае і ў Беларусі. Тут значна больш магчымасцяў, у Польшчы можна пайсці вучыцца і ў 50, і ў 60 гадоў, атрымаць новую прафесію і ўладкавацца на працу. Усё залежыць ад твайго жадання.

Міф пяты: дрэнная недаступная медыцына

– Тут нават недзе пагаджуся, але мы пакуль не сутыкаліся з гэтым. Але як маеш грошы і нармальную медычную страхоўку, ніякіх праблемаў не будзе.

  • Сярэдні заробак у Беларусі за красавік склаў крыху больш за 1560 рублёў (гэта каля 2500 злотых). У Польшчы сярэдні заробак па краіне за красавік быў трошкі вышэйшы за 6600 злотых (гэта дадзеныя без вылічэння падаткаў, якія могуць складаць да 30%).

АС belsat.eu

Стужка навінаў