Вячорка пра ўгон самалёта: Мэтай магла быць Ціханоўская


Франак Вячорка ў эфіры «Белсату». Скрыншот з каналу «Белсат NEWS» / YouTube

Дарадца палітычнай дзяячкі Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка падзяліўся меркаваннем пра імаверную мэту захопу самалёта з Раманам Пратасевічам:

«Мэтай аперацыі з угонам самалёта сапраўды магла быць Ціханоўская з дэлегацыяй, і адна з версіяў, якая цяпер разглядаецца, – замах. Пра гэта нас паінфармавалі спецслужбы суседніх дзяржаваў. Неабходна міжнароднае расследаванне, якое дакладна пакажа, як і хто рыхтаваў угон самалёта.

Мы маем справу з тэрарыстам. Ён памыляецца, калі думае, што такім чынам здолее кагосьці запалохаць».

На карысць гэтай гіпотэзы кажа і тое, што паштовая скрыня на «Protonmail», з якой нібыта «жаўнеры «Хамасу» даслалі ў менскі аэрапорт ліст пра мініраванне самалёта «Ryanair» Афіны – Вільня, была створаная за 9 дзён да інцыдэнту – 14 траўня.

Менавіта 12–14 траўня ў Афінах перабывала лідарка беларускага пратэсту Святлана Ціханоўская. Яна выступіла на Дэльфійскім эканамічным форуме ў Афінах і правяла сустрэчы з прэзідэнтам Грэцыі, міністрам замежных справаў Грэцыі, мэрам Афінаў, прэм’ер-міністрам Паўночнай Македоніі, былым прэзідэнтам Еўрапейскай рады Дональдам Тускам. Вярталася ў Вільню яна тым самым маршрутам, што і Раман Пратасевіч.

Таксама ў лісце ад нібыта «Хамасу» згадваецца і канфлікт з Ізраілем, які быў актыўны 14 траўня і скончыўся замірэннем 20-га, то бок за тры дні да пасадкі самалёта з Раманам Пратасевічам.

Hавiны
Пошту «жаўнераў ХАМАС» стварылі перад тым, як з Афінаў у Вільню мусіла ляцець Ціханоўская
2021.05.30 12:10

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў