«У Крамля даволі сур’ёзны арсенал прымусу Лукашэнкі». Эксперты пракаментавалі вынікі ды наступствы перамоваў у Сочы


Лукашэнка і Пуцін на перамовах у Сочы.
Фота: Сергей Ильин / ТАСС

30 траўня ў Сочы завяршыліся трохдзённыя перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Гэта ўжо трэцяя іх сустрэча з пачатку 2021 года і чацвёртая з верасня 2020-га. Але афіцыйных іх вынікаў вобмаль. Таму карэспандэнты belsat.eu папрасілі экспертаў выказаць сваё меркаванне пра змест і наступствы гэтай сустрэчы для Беларусі.

Прэс-падыходу Лукашэнкі ды Пуціна пасля сустрэчы ў Сочы не было. Амаль уся інфармацыя пра вынікі перамоваў прыходзіць з кароткіх паведамленняў прэс-службаў палітыкаў. Гэтак, вядома, што прэзідэнт Расеі даручыў вылучыць афіцыйнаму Менску чарговы транш на $ 500 млн з абяцанага яшчэ ў верасні мінулага года крэдыту. Таксама «Белавіі», якой пасля прымусовай пасадкі ў Менску самалёта «Ryanair» і арышту Рамана Пратасевіча забаранілі лятаць у Еўропу, дазволілі пашырыць сетку палётаў у Расеі.

Hавiны
«Галоўнае – дапамагчы суседу-дыктатару». У Расеі пракаментавалі чарговы транш Пуціна Лукашэнку
2021.05.30 13:54

Становішча сур’ёзнае, санкцыі надыходзяць

Эксперт Цэнтру еўрапейскіх даследаванняў Андрэй Фёдараў упэўнены, што Лукашэнка хацеў атрымаць болей, чым было заяўлена ў выніку перамоваў. Пры гэтым, дадаў ён, няма ўпэўненасці, што дзейны кіраўнік Беларусі «не атрымаў яшчэ чагосьці».

«Можа, яны вырашылі толькі гэта абвясціць. А ўсё астатняе, паводле старой візантыйскай звычкі, застаецца невядомым для грамадства», – адзначыў палітолаг.

З беларускага боку, на яго думку, на першае месца падчас перамоваў выходзілі фінансы, «бо становішча сур’ёзнае, а санкцыі, значна больш істотныя, яшчэ надыходзяць».

«Масква закрывае свае абавязкі»

У сваю чаргу кіраўнік Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі заявіў, што тая сакрэтнасць, з якой праходзяць гэтыя сустрэчы, сведчыць пра тое, «што Крэмль абмяркоўвае з Лукашэнкам варыянт вырашэння палітычнага крызісу і транзіту ўлады на карысць расейскім інтарэсам». Эксперт адзначыў, што сочынскія пагадненні 2020 года прадугледжваюць арганізацыю агульнанацыянальнага дыялогу паміж Лукашэнкам і ягонымі апанентамі, для чаго неабходнае вызваленне палітвязняў (перадусім Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыку) і вяртанне з выгнання Святланы Ціханоўскай, Валерыя Цапкалы, Паўла Латушкі. Пасля гэтага, паводле Арсеня Сівіцкага, мае адбыцца запуск рэформы Канстытуцыі, якая павінна трансфармаваць Беларусь з суперпрэзідэнцкага ладу ў парламенцкую ці парламенцка-прэзідэнцкую рэспубліку.

Аляксандр Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас перамоваў. Сочы, Расея, 28 траўня 2021 года. Скрыншот відэа: «Пул первого» / Telegram

Палітолаг мяркуе, што хоць Масква адкрыта не педалюе гэтую тэму, яна настойвае менавіта на такім сцэнары вырашэння беларускага крызісу, што так ці інакш прадугледжвае сыход Лукашэнкі з беларускай палітычнай сцэны. Сам жа Лукашэнка, на яго думку, спрабуе супрацьстаяць гэтаму і гандлявацца з Масквой, «дэманструючы новыя вышыні геапалітычнай лаяльнасці».

«Але мне падаецца, што Масква зараз не набывае гэтыя аргументы. І той транш, які яна паабяцала Аляксандру Лукашэнку, па сутнасці з’яўляецца апошнім траншам згодна з дамоўленасцямі 2020 года. І такім чынам, Масква закрывае свае абавязкі ў гэтай здзелцы. Па сутнасці, гэта апошняя порцыя фінансавага падтрымання з боку Крамля для Лукашэнкі. І новай не будзе, пакуль Лукашэнка не зробіць рэальныя крокі на шляху выканання сваіх абавязкаў паводле сочынскай здзелкі», – мяркуе Арсень Сівіцкі.

«Маскву стан справаў задавальняе»

Між тым Андрэй Фёдараў мяркуе, што «Маскву сённяшні стан справаў у Беларусі задавальняе».

«Беларускае кіраўніцтва ўжо цалкам залежыць ад Крамля. Ніякіх зрухаў на Захад ужо не будзе, пра іх можа забыць. Гэта не ўсё, чаго хацелася б Маскве, але гэта ўжо вельмі вялікія дасягненні. І трэба толькі даціскаць па троху, не спяшаючыся. А калі будзе дасягнутае тое, што намечанае, чаму тут абавязкова нешта мяняць? Няхай так і застаецца», – заявіў ён.

Тым не менш, як адзначыў кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей, дарожныя мапы інтэграцыі да канца няўзгодненыя. Тая ж «Белавія» лятаць у Крым адмаўляецца без адпаведнага палітычнага рашэння, а з беларускіх вязніц не выпускаюць палітвязняў-грамадзянаў РФ – Сафію Сапегу і Ягора Дуднікава.

Hавiны
«Расейскія дыпламаты спасавалі перад беларускімі вертухаямі». Сабчак жорстка выказалася пра сітуацыю з Сапегай
2021.05.27 08:52

На думку Андрэя Фёдарава, Расея б вельмі хацела прызнання яго расейскім з боку Менску, «але гэта не настолькі прынцыпова на гэты момант, каб настойваць, рызыкуючы сапсаваць нешта больш важнае».

«Прыйдзе час – не зараз, дык праз год ці два – усё роўна гэта будзе зроблена. Нічога ж не мяняецца для Расеі ў вонкавапалітычным сэнсе ад таго, прызнала Беларусь ці не. Тым больш, што ўсе і так ведаюць, што Менск ёсць сатэлітам [Расеі. – Рэд. Belsat.eu]. Таму гэта нікога ні ў чым не пераканае», – заявіў палітолаг.

А палітвязні, паводле яго, увогуле могуць не быць важнымі для расейскага кіраўніцтва.

«Гэта ж не амерыканцы затрымалі Буціну [расейскую актывістку ў ЗША Марыю Буціну. – Рэд. belsat.eu] ці яшчэ каго. Змагацца з ворагам – гэта адна справа, а змагацца з хаўруснікам – ужо зусім іншая. І не тыя людзі, за якіх варта змагацца з пункту гледжання Масквы», – падкрэсліў ён.

ЗША дадуць Расеі зялёнае святло?

У любым разе беларускі палітычны крызіс выходзіць на зусім новы міжнародны ўзровень, асабліва пасля прымусовай пасадкі самалёту «Ryanair» і арышту Рамана Пратасевіча, заявіў Арсень Сівіцкі. На яго думку, Аляксандр Лукашэнка ўжо не можа ўплываць на вырашэнне палітычнага крызісу ў Беларусі, і цяпер «яго будуць вырашаць вялікія дзяржавы».

Ужо вядома, што беларускае пытанне будзе ўздымацца 16 чэрвеня на сустрэчы прэзідэнтаў ЗША і Расеі Джозэфа Байдэна і Уладзіміра Пуціна. Як адзначыў Арсень Сівіцкі, ЗША разглядаюць сцэнар, пры якім яны паспрабуюць абмяняць беларускае пытанне на іншыя праблемы, больш крытычныя для нацыянальных інтарэсаў ЗША. Сведчанне гэтаму, на яго думку, некалькі артыкулаў, якія з’явіліся ў апошнія дні ў даволі прэстыжных амерыканскіх выданнях, у тым ліку аўтарства былога дарадцы Доналда Трампа ў пытаннях нацыянальнай бяспекі Джона Болтана.

Інтэрв’ю
Амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр: Захад павінен адказаць мовай, якую Лукашэнка здольны зразумець
2021.05.30 22:30

Палітолаг падкрэсліў, што ў Расеі, у адрозненні ад ЗША, даволі сур’ёзны арсенал уплыву на Аляксандра Лукашэнку, «пачынаючы з інструментаў эканамічнага прымусу і сканчаючы нейкімі сілавымі варыянтамі, як у выпадку з Бакіевым [былым прэзідэнтам Кыргызстана Курманбекам Бакіевым. – Рэд. belsat.eu]у 2010 годзе».

«Адзінае, што стрымлівае Расею ад рэалізацыі жорсткіх сцэнароў, – гэта адсутнасць зялёнага святла з боку Злучаных Штатаў і магчымасць санкцыяў з боку Вашынгтону», – заявіў Арсень Сівіцкі.

Таго, што ЗША і РФ могуць прыйсці да дамовы адносна Беларусі, не выключае і Андрэй Фёдараў. Але, паводле яго, «усё залежыць ад таго, чаго хоча дасягнуць Масква».

«На мой погляд, яна хоча калі не інкарпараваць Беларусь, дык звесці яе ў той стан, каб яна не магла паварушыцца ў нейкі іншы бок. І калі ёй раптам Байдэн дасць дазвол на такія паводзіны пры ўмове, што Масква выступіць супраць сённяшняга беларускага кіраўніцтва, тады я не выключаю, што яны могуць дасягнуць сваёй мэты. Тым больш з дазволу Амерыкі. І тады можна ахвяраваць кім заўгодна, у тым ліку самым блізкім хаўруснікам», – падкрэсліў палітолаг.

Аляксандр Лукашэнка на перамовах у Сочы.
Фота: pul_1 / Telegram

Пытанне, на яго думку, у тым, наколькі Беларусь не істотная для ЗША і ці плануе Вашынгтон перацягваць Беларусь на Захад.

Галоўная рызыка для Беларусі ў тым, што падчас сустрэчы паміж Байдэнам і Пуціным, Крэмль можа атрымаць дазвол на ўмяшальніцтва ва ўнутрыпалітычныя справы Беларусі без наступстваў для сябе. Пры гэтым, мяркуе Арсень Сівіцкі, могуць не ўлічвацца не толькі персанальныя інтарэсы Лукашэнкі, але і нацыянальныя інтарэсы Беларусі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў