Ціханоўская: Асоба, якая кіравала Беларуссю столькі гадоў, цяпер знішчае краіну, каб захаваць уладу


Год як за кратамі Сяргей Ціханоўскі і крыху больш за год Святлана Ціханоўская ў палітыцы. Экс-кандыдатка на прэзідэнцтва ў размове з «Белсатам» кажа, што гэта быў складаны год, насычаны і добрымі падзеямі, і адначасова жахлівымі.

Святлана Ціханоўская лічыць, што за апошні год яна не змянілася як чалавек. І да гэтага часу не лічыць сябе палітыкам. Іншая справа, што час прынёс столькі выпрабаванняў, якія вымушаюць быць у пастаянным стрэсе. Сяргей Ціханоўскі ўжо год за кратамі. Але яшчэ год таму ніхто не чакаў такіх рэпрэсіяў. Гэта пастаянная стрэсавая сітуацыя.

«Падтрыманне дэмакратычнымі краінамі Беларусі – гэта палітыка не супраць адной асобы, а аб правах 9 мільёнаў беларусаў. І гэта не ўмяшанне ва ўнутраную палітыку», – кажа Святлана Ціханоўская.

Палітык выказвае меркаванне, што Крэмль пасля выбараў не ўяўляў, што насамрэч цяпер іншая сітуацыя. Там думалі, што пратэсты задушаць, і будзе як і раней. Лягчэй прыняць бок рэжыму, як заўсёды, паводле звычкі. Цяпер жа ў Маскве хочуць, каб крызіс пераадолеўся, але не перамогі рэвалюцыі. Крэмль не падрыхтаваўся да сітуацыі. Цяпер у іх нават няма сваіх кандыдатаў.

Святлана Ціханоўская кажа, што на перамовы, якія адбудуцца паміж Байдэнам і Пуціным 16 чэрвеня, можна было б запрасіць прадстаўнікоў Беларусі. Насамрэч пытанне пра Беларусь мусіць гучаць цяпер паўсюль. І тое, што кіраўнікі дзвюх краінаў у гэты складаны перыяд для нас будуць размаўляць пра Беларусь, то ў гэтым няма нічога кепскага. Няхай дамаўляюцца, няхай размаўляюць.

Аб’ектыў
Сяргей Ціханоўскі: год за кратамі
2021.05.29 21:48

Перамовы ў Беларусі

Перамовы – гэта не значыць сядаць за стол перамоваў з Лукашэнкам. У вачах беларусаў ён злачынца, які ўчыніў сапраўднае пекла ў Беларусі. Таму за сталом перамоваў ён наўрад ці будзе. Але ёсць прадстаўнікі рэжыму, якія нясуць адказнасць за будучыню краіны і гатовыя сесці за стол перамоваў, лічыць Святлана Ціханоўская.

І калі Лукашэнка сыдзе, то толькі народ будзе вызначаць ягоную будучыню. Беларусы ж гатовыя адпусціць Лукашэнку, абы ён толькі не замінаў. Вядома, што частка грамадзянаў жадае, каб ён адказаў за злачынствы перад судом. І ў гэтым кожны з бакоў мае рацыю.

Святлана Ціханоўская на пікеце салідарнасці.
Фота: tsikhanouskaya.org

Беларусы доўгі час жылі, калі ў краіне ўсё вызначалася аной асобаю. Таму некаторыя, магчыма, адвыклі ад прыняцця рашэнняў, ад таго, каб браць лёс у свае рукі. Але гэтаму трэба вучыцца. І цяпер грамадзяне краіны мусяць прызвычаіцца, што менавіта ад іх рашнняў залежыць будучыня не толькі іх асабістая, але і будучыня краіны.

Захоп самалёта і сапраўдны твар рэжыму

У вачах беларусаў Лукашэнка даўно стаў тэрарыстам, і цяпер пра гэта адкрыта заяўляюць кіраўнікі іншых краінаў свету. Але зрабіць заяву – гэта толькі адзін бок медаля, неабходна расследаванне вакол гэтай справы.

Увогуле, выглядае, што асоба, якая кіравала краінай столькі гадоў і якая павінна любіць яе, знішчае яе і толькі дзеля таго, каб захаваць уладу.

«Для мяне гэта непрымальна і незразумела. Але ягоны твар цяпер пабачыў увесь свет. Для мяне асабіста гэта жорсткі чалавек, які не змог прыстойна завершыць сваю кар’еру. Чалавек, які клапоціцца пра краіну, пасля таго пекла, што ўчыніў, павінен выйсці да людзей і прызнацца, што вінаваты, што не павінен быў так рабіць з народам. І калі ён перакананы ў сваіх сілах, не баіцца, то мусіць агучыць новыя выбары і прадэманстраваць, што мае перавагу. Але цяпер ён ужо не верне сабе вобраз моцнага лідара», – лічыць Святлана Ціханоўская.

Пра мову

На беларускай мове трэба размаўляць, трэба практыкавацца, бо часам здараецца, што не можаш адшукаць слова і пачынаеш саромецца, што не ведаеш дасканала роднай мовы і не можаш упэўнена на ёй размаўляць. Іншая справа, калі кожны дзень хоць трохі ўжываць мову, то будзе лепей.

Гісторыі
«Роля ягоная была аграмаднаю». Год таму затрымалі Сяргея Ціханоўскага
2021.05.29 09:00

СК belsat.eu

 

Стужка навінаў