Палітвязень Зміцер Фурманаў застанецца ў карцары яшчэ на тыдзень


Дзмітрый Фурманаў у судзе.
Фота: spring96.org

Зняволены прабыў у карцары ўжо 26 дзён, а новы тэрмін яму маюць прызначыць заўтра.

Сёння, 31 траўня, у судзе Кастрычніцкага раёну Горадні працягваецца разгляд «справы Ціханоўскага», адзін з фігурантаў якой – Зміцер Фурманаў. Ён разам з Уладзімірам Кнігам і Яўгенам Разнічэнкам меўся сёння сказаць апошняе слова.

Падчас паседжання стала вядома, што Зміцер нібыта зноў парушыў правілы ўтрымання і за гэта яму працягнулі перабыванне ў карцары да 8 чэрвеня.

Бацькі Змітра Фурманава, якія былі пазбаўленыя спаткання з ім, вельмі занепакоеныя такім жорсткім стаўленнем да сына і баяцца за ягонае жыццё.

«Заўтра закончацца сем содняў папярэдняга пакарання. І ўжо напісалі новы рапарт, нібы ён не так устаў ці не так павітаў назіральніка, калі той увайшоў у камеру. Гэта відавочная прыдзірка», – распавёў Аляксандр Фурманаў, бацька палітвязня.

З ягоных словаў, сына яшчэ мусяць выклікаць на размову і абвесціць, што на яго паступіў рапарт: «Яго пакуль не выклікалі, бо ён яшчэ сядзіць па тых соднях, што яму прызначылі раней. Але звычайна, калі ёсць рапарт, то будзе і новае пакаранне».

Зміцер Фурманаў быў сябрам ініцыятыўнай групы для вылучэння ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Яго затрымалі падчас выбарчага пікету ў Горадні 29 траўня падчас збору подпісаў. Змітра Фурманава, а таксама Яўгена Разнічэнку і Уладзіміра Кнігу абвінавачваюць у актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак 29 траўня ў Горадні (ч. 1 арт. 342 КК). Акрамя гэтага, Разнічэнку і Кнігу вінавацяць у гвалтоўных дзеяннях у дачыненні міліцыянтаў (арт. 364 КК).

Абвінавачаныя не прызнаюць сваёй віны ва ўсіх эпізодах.

Артыкулы
Фурманаў зноў у карцары. Ягоны бацька мяркуе, што гэтак хаваюць пабоі
2021.05.26 14:00

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў