На ОНТ прыраўнялі прызямленне «замініраваных» самалётаў у Менску і Берліне. Чаму гэта не адно і тое ж


Тлумачым, чаму інцыдэнт у Берліне – не тое самае, што захоп самалёта ў Беларусі.

Рэйс «Ryanair» FR1901, які ляцеў з Дубліну ў Кракаў, але зрабіў вымушаную пасадку ў Берліне. 30 траўня 2021 года. Скрыншот: Flightradar24

Самалёт авіякампаніі «Ryanair» зноў экстрана прызямлілі ў сувязі з ложным паведамленнем пра бомбу на борце: увечары 30 траўня рэйс FR1901 з Дубліну ў Кракаў зрабіў пасадку ў Берліне, пасажыраў эвакуявалі, бомбы не знайшлі, усіх пасажыраў даставілі ў Кракаў на іншым самалёце.

Беларускі дзяржаўны тэлеканал ОНТ пытае: ці будуць адносна гэтага выпадку такія ж санкцыі, якія робяць супраць Беларусі за інцыдэнт у Менску? Тэлеканал заяўляе пра «поўнае адчуванне дэжа-вю» і «гістэрычную рэакцыю Захаду» на менскі інцыдэнт. Падобную пазіцыю заняла афіцыйная прадстаўніца Міністэрства замежных справаў Расеі.

Што здарылася ўчора ў Нямеччыне

Паводле нямецкага выдання Bild, у нядзелю ўвечары рэйс FR 1901 з Дубліну ў Кракаў зрабіў экстраную пасадку ў аэрапорце «Берлін-Брандэнбург». Афіцыйны прадстаўнік аэрапорту расказаў, што з самалёта паведамілі пра аварыйную сітуацыю, і аэрапорт даў дазвол на пасадку. Пра бомбу невядомы заявіў праз тэлефон, расказалі ў паліцыі, але куды было тое тэлефанаванне, не ўдакладнілі.

160 пасажыраў эвакуявалі з самалёта. Іхны багаж і сам борт праверылі з сабакамі, але бомбы не знайшлі. Усім пасажырам праз сем гадзінаў далі зляцець у Польшчу на запасным самалёце.

У чым адрозненне ад выпадку ў Беларусі

Калі сцісла: у берлінскім выпадку самалёт сеў у бліжэйшы аэрапорт, нікога не затрымалі, знішчальнікі не падымалі, ніхто не выказваў сумненняў у афіцыйнай версіі пра паведамленне аб бомбе.

  • У выніку пасадкі ў Берліне нікога не затрымалі, усіх пасажыраў даставілі ў пункт прызначэння. А ў выніку пасадкі ў Менску затрымалі журналіста Рамана Пратасевіча і ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі Соф’ю Сапегу. Яшчэ тры пасажыры засталіся ў Менску, відэа з іх тлумачэннямі, знятае ў нейкім кабінеце з бюстам Фелікса Дзяржынскага, апублікавала дзяржаўная тэлевізія.
  • Дагэтуль не было нараканняў з боку «Ryanair» на дзеянні берлінскага аэрапорту ці нямецкіх уладаў. У менскім выпадку была заява «Ryanair» пра авіяцыйнае пірацтва з боку Беларусі.
  • Мяркуючы з таго, што піша «Bild», у берлінскім выпадку экіпаж звяртаўся да берлінскага аэрапорту з просьбай аб пасадцы, тады як у менскім выпадку дыспетчар аэрапорту сам давёў экіпажу інфармацыю аб «лісце пра бомбу» і прапанаваў экіпажу сесці ў сябе (гэта вынікае з афіцыйна апублікаванай Беларуссю расшыфроўкі перамоваў, хоць спачатку ўлады Беларусі сцвярджалі, што гэта экіпаж прасіў пасадку ў Менску). Найбліжэйшых аэрапортаў – берасцейскага ці гарадзенскага – дыспетчар не прапаноўваў, а толькі двойчы «рэкамэндаваў» Менск.
  • У берлінскім выпадку паводле траекторыі самалёта на сэрвісе «Flightradar» бачна, што пасля павароту борт накіраваўся ў адзін з найбліжэйшых аэрапортаў. У менскім выпадку самалёт павярнуў тады, калі бліжэй было ляцець у Вільню, а не ў Менск.
  • Нямецкія ўлады не заяўлялі, што падымалі самалёт-знішчальнік для суправаджэння пасажырскага борту, беларускія – заявілі пра знішчальнік. І пра тое, што «Беларусь абараніла Еўропу».
  • Пасажыры самалёта, які прызямліўся ў Берліне, не наракалі на павольную эвакуацыю або незвычайны дагляд. Пасажыры пасаджанага ў Менску рэйсу казалі, што іх выпускалі з самалёта цягам паловы гадзіны, і іх у Менску спачатку даглядзелі, а пасля адвялі ад самалёта, дзе нібыта магла быць бомба.
Hавiны
Што за «ліст пра бомбу» і калі паднялі знішчальнік. Версія беларускага боку пра захоп рэйсу «Ryanair»
2021.05.24 19:43

Гэта не першы раз, калі беларускі бок шукае «аналогіі» менскага інцыдэнту

На беларускай тэлевізіі не раз параўноўвалі захоп самалёта «Ryanair» у Менску з іншымі выпадкамі, калі самалёты накіроўвалі на экстраннае прызямленне. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на нядаўняй сустрэчы ў Сочы згадвалі два выпадкі прымусовай пасадкі.

Пуцін згадаў тады выпадак з самалётам прэзідэнта Балівіі. 1 ліпеня 2013 года самалёт прэзідэнта Балівіі Эва Маралеса вяртаўся з Масквы, але яго не прапусцілі ў паветраную прастору Італіі, Іспаніі і Францыі і не далі дазаправіцца ў Лісабоне, бо на борце быў абвешчаны ў міжнародны вышук былы супрацоўнік ЦРУ Эдўард Сноўдэн (Лукашэнка пасля інцыдэнту называў Пратасевіча «тэрарыстам», хоць абвінавачанняў у тэрарызме супраць Пратасевіча як не было, так і не з’явілася). Самалёту далі прызямліцца ў Аўстрыі. Аўстрыйскі бок сцвярджаў, што самалёт даглядалі, аднак балівійскі бок адмаўляў гэта. Праз 14 гадзінаў самалёт вылецеў з Аўстрыі і паспяхова даляцеў. Францыя, Іспанія, Італія і Партугалія папрасілі прабачэння перад Балівіяй. У інцыдэнце не фігуравалі фальшывыя паведамленні пра бомбу, у сувязі з інцыдэнтам не ўздымалі самалёты-знішчальнікі, а па выніках нікога не затрымалі.

Лукашэнка згадаў і выпадак, калі ў 2012 годзе Турэччына пасадзіла сірыйскі пасажырскі самалёт пад канвоем вайсковых самалётаў. Інцыдэнт адбываўся падчас абстрэлаў на сірыйска-турэцкай мяжы. Самалёт ляцеў з Масквы – Турэччына западозрыла, што на ім вязуць вайсковыя грузы. У выніку Турэччына заявіла, што сканфіскавала з самалёта вайсковае камунікацыйнае абсталяванне, людзей не затрымлівалі.

Hавiны
«Галоўнае – дапамагчы суседу-дыктатару». У Расеі пракаментавалі чарговы транш Пуціна Лукашэнку
2021.05.30 13:54

Беларускія і расейскія палітыкі згадваюць і інцыдэнт, калі ў 2016 годзе самалёт «Белавіі» развярнулі над Украінай і вярнулі ў Кіеў, дзе затрымалі і дапыталі грамадзяніна Арменіі Армэна Мартырасяна, актывіста прарасейскага «Антымайдану». У тым выпадку перад Лукашэнкам перапрасіў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка (сярод іншага заяўляў, што вінаватыя пакараныя), але затрыманага вызвалілі пасля допыту, а баявая авіяцыя не ўжывалася – пра яе дыспетчар згадваў адно на словах.

Часам згадваюць і выпадак, калі ў 2010 годзе іранскія вайскоўцы перахапілі над Персідскай затокай і прымусілі да пасадкі пасажырскі самалёт кампаніі «Kyrgyz Airways», затрымалі лідара тэрарыстычнай арганізацыі «Джундала» (таксама вядомай як «Рух народнага супраціву Ірану»), які ляцеў па фальшывым пашпарце. Затрыманага судзілі і пакаралі смерцю. Аднак ні Кыргызстан, ні іншыя краіны тады не выказвалі пратэсту, а тэрарыстычная арганізацыя, якую ўзначальваў затрыманы, была вядомая арганізацыяй шэрагу выбухаў з дзясяткамі чалавечых ахвяраў.

Беларусь ужо разварочвала самалёт, каб затрымаць чалавека

Пра што беларускія і расейскія чыноўнікі і прапагандысты цяпер не згадваюць, дык пра выпадак у студзені 2020 года, калі самалёт «Белавіі» павярнулі назад пасля вылету ў Польшчу. Борт кіраваўся зь Менску на Мюнхен, даляцеў да Ўроцлава, але павярнуўся назад і сеў у Горадні, а на зямлі былі затрыманыя дырэктары Гарадзейскага і Слуцкага камбінатаў Міхаіл Крыштаповіч і Мікалай Пруднік і яшчэ некалькі чалавек. Яны сталі фігурантамі «цукровай справы», звязанай з продажам цукру па заніжаных цэнах. Міжнароднай рэакцыі на той інцыдэнт не было.

Hавiны
Лукашэнка распавёў, за што арыштавалі кіраўнікоў цукровых заводаў
2020.02.04 11:57

АА belsat.eu

Стужка навінаў