Макей заявіў, што затрыманне Пратасевіча і гісторыя пра бомбу – супадзенне


Уладзімір Макей.
Фота: ria.ru

Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей распавёў расейскаму выданню «Коммерсант» пра інцыдэнт з самалётам, супрацьстаянне з Захадам і інтэграцыю з Расеяй.

Пра рэакцыю краінаў на захоп самалёта «Ryanair»

Адбыўся нейкі негатыўны ўсплёск палітычных эмоцыяў у шэрагу еўрапейскіх краінаў у дачыненні Беларусі, які па сваім напале пераўзыходзіць нават узровень жніўня мінулага года. Нашыя партнёры, прапаведуючы вяршэнства права, гэтым разам адышлі ад такога падыходу. Калі адбыўся нейкі інцыдэнт, у дадзеным выпадку інцыдэнт з самалётам, для таго, каб зрабіць нейкія высновы, мусіць быць праведзенае расследаванне. Мы гатовыя да такога расследавання з удзелам міжнародных экспертаў, экспертаў ICAO. Дарэчы, 27 траўня адбылася нарада ICAO, на якой было адпаведнае рашэнне – правядзенне расследавання падтрымаў шэраг краінаў.

Пра затрыманне Пратасевіча і Сапегі

Затрыманне гэтых двух грамадзянаў адбылося ўжо пасля таго, як яны праходзілі мытны і памежны кантроль на вылет зваротнага рэйсу з Менску пасля дагляду самалёта. Таму тут няма абсалютна ніякай сувязі. Я думаю, ёсць спробы штучна прывязаць падобнага роду рэчы да пасадкі самалёта пасля атрымання паведамлення аб мініраванні.

Аб пратэстах

Для мяне, шчыра кажучы, незразумелыя дзеянні пэўнай катэгорыі насельніцтва, якая атрымала выгоды пры цяперашняй уладзе, якая дазваляе сабе адпачываць на Мальдзівах або на іншых раскошных курортах і пры гэтым выходзіла пратэставаць супраць гэтага «рэжыму».

Так, пэўныя памылкі былі, але гэта не тыя, на мой погляд, памылкі, якія маглі б быць, як цяпер модна казаць, трыгерам для вось гэтых вось не масавых, а пратэстаў пэўнай часткі насельніцтва, якія здарыліся ў жніўні.

Пра Украіну

На нейкім этапе, жадаючы спадабацца сваім заступнікам, Украіна прымае рашэнне паставіць адносіны з Беларуссю на паўзу, уводзіць шэраг абмежаванняў на пастаўку нашай прадукцыі, адмяняюцца тэндары, якія мы выйгралі, – у Львоў 100 аўтобусаў, па-мойму, мы павінны былі паставіць. Мы прымем адэкватныя меры роўна на тую суму, якую страцілі.

Пра інтэграцыю

Не хацеў бы пасвячаць ва ўнутраную кухню перамоўнага працэсу, спрэчкі вядуцца. Думаю, пазіцыі будуць збліжаныя, і атрымаецца знайсці абсалютна прымальныя развязкі аб спрэчных момантах, якія маюцца.

Пра амбасадарку ЗША

Ну, амбасадар ЗША, перш чым пачаць працу ў Менску, павінна была б падумаць аб тым, з якім багажом яна сюды едзе ці павінна прыехаць. Яна сустрэлася з усімі, зрабіла велізарную колькасць негатыўных заяваў у дачыненні Беларусі і яе кіраўніцтва. І пасля гэтага яна чакае, каб мы прынялі яе з распасцёртымі абдымкамі?

Пра санкцыі

Мы вельмі сур’ёзна ставімся да заяваў аб тым, што плануецца чацвёрты пакет санкцыяў супраць шэрагу адчувальных галінаў нашай эканомікі. Будзем рэагаваць на гэтыя рэчы, каб нівеляваць санкцыі. Не магу цяпер казаць, якія гэта будуць меры, але ў нас ёсць вялікі досвед жыцця пад санкцыямі, мы бачым, як некаторыя краіны і сёння жывуць пад санкцыямі, узяць той жа самы Іран, узяць эканамічную блакаду Кубы. Не хацелася б, каб абстаноўка і далей нагняталася, але мы лічым, што ў гэтай сітуацыі трэба выстаяць.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў