Генпракуратура абвесціла папярэджанне рэдактару газеты «Новы Час»


Выданне «Новы час».
Фота: Аксана Харлан / Facebook

Генеральная пракуратура зладзіла маніторынг публікацыяў газеты «Новы Час» і на падставе правярання вынесла папярэджанне рэдактару выдання аб недапушчальнасці парушэння закона.

Генпракуратура Беларусі па выніках правярання друкаванага выдання «Новы Час» нібыта пабачыла шэраг парушэнняў. Гэтак пракуроры абурыліся матэрыяламі ў якіх паведамляецца пра Міжнародны крымінальны трыбунал для службовых асобаў, якія парушалі правы і свабоды грамадзянаў у Беларусі. Кантралёры таксама палічылі парушэннямі словы ў публікацыі пра нелегітымнасць беларускай улады, рэпрэсіўныя законы. Парушэннем прызналі і інтэрв’ю з Святланай Ціханоўскай.

Усе гэтыя моманты, на думку пракуратуры, спрыялі нагнятанню напружанасці ў грамадстве, распальванню нянавісці і варожасці ў дачыненні да прадстаўнікоў улады. У выніку намеснік Генеральнага пракурора абвясціў рэдактару газеты «Новы Час» афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння закона.

У сакавіку выданню вынесла папярэджанне Міністэрства інфармацыі.

Штотыднёвік «Новы Час» вылучаецца тым, што выходзіць цалкам на беларускай мове. «Белдрук» без тлумачэння скасаваў дамову з «Новым часам», таму з лютага газету можна атрымаць толькі праз падпіску. Па бясплатнай падпісцы газету «Новы час» атрымліваюць палітзняволеныя. Для іх, адрэзаных ад свету, папяровая газета часцяком робіцца адзінаю крыніцаю інфармацыі, бо лісты не заўсёды даходзяць. Палітвязняў на выданне падпісала рэдактарка газеты Аксана Колб.

СК belsat.eu

Стужка навінаў