«Часам адчуваем сябе бяссільнымі». Прэзідэнтка Эстоніі – пра дапамогу Беларусі


Эстонія ініцыявала дыскусію пра Беларусь у Радзе бяспекі ААН і падтрымала беларускі пратэст у Радзе Еўразвязу, а цяпер хоча гарантаваць, каб падсанкцыйны капітал не ішоў праз краіну.

Прэзідэнтка Эстоніі Керсці Кальюлайд і Святлана Ціханоўская даюць супольную прэс-канферэнцыю. Таллін, Эстонія. 31 траўня 2021 года.
Фота: Святлана Ціханоўская / Telegram

Святлана Ціханоўская 31 траўня сустрэлася з прэзідэнткай Эстоніі Керсці Кальюлайд. Яны далі супольную прэс-канферэнцыю, на якой разважалі пра падтрыманне дэмакратычных сілаў Беларусі. Іх заявы перадае Эстонская грамадская тэлерадыёкампанія.

Офіс Ціханоўскай адзначае, што прэзідэнтка Эстоніі ўшанавала хвілінай маўчання памерлага за кратамі палітвязня Вітольда Ашурка і ўсіх ахвяраў беларускага рэжыму. На сустрэчы яна таксама згадала крымінальную справу супраць парталу TUT.by і затрыманне журналіста Рамана Пратасевіча разам з яго сяброўкай Соф’яй Сапегай.

Ціханоўская падзякавала Эстоніі за «безальтэрнатыўную дэкларацыю падтрымкі беларусаў» – у тым ліку за спрыянне ў Радзе Еўразвязу і ініцыяванне дыскусіі пра Беларусь у Радзе бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў (Эстонія стане старшынёй Рады бяспекі ААН з аўторка), а таксама за тэхнічную падтрымку свабоднай прэсы і беларускіх студэнтаў. Яна выказала ўпэўненасць у тым, што Эстонія «робіць усё, што ў яе сілах».

Кальюлайд гэта пацвердзіла, але дадала:

«Ці ёсць ад гэтага плён – скажу шчыра, не ведаю. Нам хацелася б бачыць больш хуткія перамены, але часта мы адчуваем сябе бяссільнымі. Вы дамагліся таго, што Беларусь вярнулася на мапу Еўропы. Яшчэ пару гадоў таму Беларусь была забытай краінай, але цяпер гэта не так. Гэта дасягненне беларускага народу».

Цяпер, кажа прэзідэнтка Эстоніі, яна збіраецца перадаць адпаведным міністэрствам інфармацыю пра тое, як праз яе краіну можа ісці беларускі капітал, які трапіў пад санкцыі.

Hавiны
У Эстоніі праверылі авіякампанію, якая падазрона часта ладзіць палёты ў Беларусь
2021.05.16 09:33

Ціханоўская дадала, што санкцыі Еўразвязу маглі б быць і больш жорсткімі, але дапусціла, што раней Еўразвяз мог «пакідаць месца для іх узмацнення». Таксама Ціханоўская адзначыла: пратэсты ў Беларусі мусяць пашырацца, але «лёгка казаць пра ўзмацненне ціску, калі жывеш у выгнанні».

«Вы нават не ўяўляеце сабе ўзровень рэпрэсіяў у Беларусі», – сказала Ціханоўская пра магчымасць пашырэння пратэстаў.

Сёння Святлана Ціханоўская мае таксама сустрэцца з міністрам замежных справаў Эстоніі, спікерам Рыйгікогу (парламенту Эстоніі) і са старшынём парламенцкай камісіі ў замежных справах. Таксама Ціханоўская наведае прэм’еру спектаклю Мікалая Халезіна «Памылка 403».

АА belsat.eu

Стужка навінаў