«Арышт мамы ці таты – заўсёды страта для дзіцяці. Без дапамогі траўма можа застацца на ўсё жыццё»


З самага пачатку паслявыбарчых рэпрэсіяў у Беларусі не менш, калі не больш за дарослых цярпяць дзеці. Яны робяцца сведкамі брутальных затрыманняў, калі на іхных вачах бацьку ці маме заломваюць рукі і забіраюць. Яны пужаюцца і перастаюць пачувацца ў бяспецы ўдома, калі раніцай у дзверы ломяцца «людзі ў чорным». Сотні беларускіх сем’яў разбітыя жорсткімі прысудамі – дзеці застаюцца без аднаго, а часам і адразу без абодвух бацькоў. Пра тое, як падтрымаць самых маленькіх, а таксама школьнікаў і падлеткаў у такіх сітуацыях, дапамагчы перажыць разлуку з бацькамі і мінімізаваць рызыку вырасціць траўмаванае пакаленне, у Міжнародны дзень абароны дзяцей размаўляем з дзіцячым псіхолагам Анастасіяй Шапель.

«Не трэба хлусіць дзецям, што тата ў камандзіраванні»

Даведка
Дзіцячы псіхолаг Анастасія Шапель.
Фота: асабісты архіў суразмоўцы

– Сітуацыя 1: маму ці тату забралі, дзіця яшчэ даволі малое, затрымання не бачыла. Ці варта распавядаць яму ўсё як ёсць? Мо лепш сказаць, што мама ці тата з’ехалі, па працы, напрыклад?

– Заўсёды трэба казаць праўду, нічога не прыдумляць, ніякіх камандзіраванняў і іншых тлумачэнняў. Калі ў сям’і з’яўляецца нейкая тэма, якая замоўчваецца, гэта выклікае напружанне. Дзіця адчувае яго, і хлусню таксама.

Таму варта распавядаць праўду і абмяркоўваць сітуацыю так доўга, як гэтага патрабуе дзіця. Калі мы пазбягаем размоваў, дзеці пачынаюць дадумваць, маўляў, калі бацькі не кажуць, дакладна адбылося нешта катастрафічнае.

Гэта горш за любую страшную праўду, бо калі ў дзяцей няма магчымасці абмеркаваць свае перажыванні з тым з бацькоў ці дарослых, хто застаўся ўдома, гэта парушае давер у адносінах. Таму важна расказваць і быць адкрытымі на пытанні дзіцяці.

– Сітуацыя 2: дзіця – сведка затрымання. Як падтрымаць яго ў такім выпадку?

– Калі ўсё супакоіцца, важна, каб той з бацькоў ці дарослы, які застанецца ўдома, патлумачыў дзіцяці, што адбывалася. Прагаворваем сітуацыю: так, да нас прыйшлі, маму (ці тату) забралі, але я застаюся ўдома, і буду рабіць усё, каб тату (ці маме) дапамагчы, каб ён/яна хутчэй да нас вярнуўся/вярнулася. З табой усё будзе добра, бо ў цябе застаюся я.

Аб’ектыў
Дзеці і падлеткі пад катком рэпрэсіяў
2021.05.27 22:28

Трэба адказваць на ўсе пытанні, якія будуць узнікаць у дзіцяці пра тое, што ён убачыў, пра ягоныя страхі, перажыванні за будучыню. Калі мы бачым, што дзіцяці вельмі цяжка эмацыйна, што яно ў шоку, гэты шок трэба, вобразна кажучы, растрэсці. У такой сітуацыі той з бацькоў, які застаўся, няхай бярэ дзіця і ідзе з ім гуляць, і абавязкова размаўляе падчас шпацыру пра тое, што адбылося. Гэта важна рабіць, каб дзіця не захрасла ў сваіх эмоцыях і страхах. З трох рэакцыяў на сітуацыю траўмы: бяжы, бі ці замры – дзіця найчасцей абірае трэцюю. Ён нібы замарожваецца ў сваіх перажываннях, і тут важна выцягнуць іх, даць магчымасць перажыць. Дарослы, які застаецца побач у такі момант, тлумачыць: ты цяпер моцна спужаўся, перажываеш, што забяруць і маму і г. д. Гэта ўсё трэба агучваць. І важна запэўніць: мы будзем размаўляць пра гэта столькі, колькі табе патрэбна.

Якое пытанне – такі адказ, даем канкрэтную дазаваную інфармацыю

– Як абмяркоўваць арышты, прысуды, турму з дзецьмі ў залежнасці ад узросту?

– Калі гэта дашкольнік, то працуе правіла: даем роўна тую інфармацыю, якую просіць дзіця. Якое пытанне – такі і адказ. Ні больш і ні менш. Напрыклад, дзіця пытаецца: тату забралі? Адказваем: так, забралі. Калі ён вернецца? Я не ведаю, але я буду тэлефанаваць таму і таму, каб высветліць, у таты ёсць адвакат, які будзе рабіць усё, каб яму дапамагчы. Тата ў турме? Так, ён на нейкі час пазбаўлены волі. Чаму тата ў турме, што ён зрабіў? Тут можна сказаць, напрыклад, што тата мае іншы пункт гледжання, і ён зрабіў смела – выказаў яга, але, на жаль, не ўсе гатовыя чуць, што нехта мае іншае меркаванне. Ёсць два важныя нюансы, трэба адзначыць: тое, што здарылася з татам, не значыць, што трэба маўчаць і нічога не казаць, і яшчэ не трэба рабіць размежаванне «добрыя – кепскія», для малых дзяцей гэта яшчэ вельмі складана эмацыйна. Даем канкрэтную і дазаваную інфармацыю.

Акцыя салідарнасці з затрыманай Марыяй Калеснікавай. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 8 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Перажыць траўмы дашкольнікам часта дапамагае гульня. Бацькам гэта трэба разумець і не палохацца, калі дзеці гуляюць у тыя ж затрыманні – так яны «перастравоўваюць» перажытае.

Старэйшыя дзеці будуць задаваць больш пытанняў. З імі можна разважаць, больш дэталёва размаўляць пра сітуацыю. Школьнікі таксама больш эмацыйна ўсё перажываюць, у іх можа быць шмат злосці, жадання пайсці разабрацца з крыўднікам. Тут мы таксама вяртаемся да прагаворвання: ты цяпер вельмі злуешся, хочаш дапамагчы бацькам, але адчуваеш сябе бяссільным. Мы адлюстроўваем гэтыя перажыванні і кажам, што ўсім зоймуцца дарослыя, што нам ёсць да каго звярнуцца, ёсць адвакат і г. д. Тады дзіця разумее, што дарослы спраўляецца, што яму, дзіцяці, не трэба браць на сябе функцыю апекуна для бацькоў.

Найбольш складана з падлеткамі, бо падлеткавы ўзрост – сам па сабе час пратэсту, змены аўтарытэтаў, бунту супраць бацькоў. А тут атрымліваецца, што з адным з бацькоў нешта адбываецца, і бунтаваць супраць яго ўжо немагчыма, і, адпаведна, робіцца складана аддзяляцца. На падлетка падае падвойная нагрузка: і аддзяліцца ад бацькоў трэба, і як гэта зрабіць, калі мама ці тата ў бядзе?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 17 жніўня 2020 года.
Фота: Света Фар / Белсат

Падлеткі часта не хочуць размаўляць з бацькамі. У такой сітуацыі нам трэба не крыўдзіцца, а падказаць, да каго з іншых родных ці да якога псіхолага наш падлетак можа звярнуцца.

У дзяцей павінны быць інструкцыі на выпадак затрымання бацькоў

– Ці трэба загадзя рыхтаваць дзіця да таго, што можа адбыцца, калі бацькі разумеюць, што існуе рызыка затрымання?

– Так, абавязкова. Трэба даваць канкрэтныя інструкцыі, што і ў які момант будзе адбывацца. Напрыклад – вось, цяпер я паеду ў суд, да адваката, у міліцыю, ты ў гэты час пабудзеш з бабуляй. Калі я не вярнуся, ты пераначуеш у цёці Машы ці ў бабулі. Памятай: мне ёсць каму дапамагчы ў любой сітуацыі.

Артыкулы
«Мама, мяне адвялі ў лазню, пастрыглі, выдалі робу. Цяпер я падобны да сапраўднага беларуса»
2021.05.22 10:00

Калі дзіця пытаецца, ці могуць яго забраць, адказваем: не, цябе не забяруць, у цябе ёсць родныя, якія будуць табой апекавацца. Вельмі важна, каб гэта былі людзі, якіх дзіця ведае.

Калі вы не можаце нічога прагназаваць, трэба сумленна сказаць, што вы не ведаеце, але вам ёсць да каго звярнуцца, каб даведацца.

Падчас усіх гэтых размоваў важна не перагружаць дзяцей дадаткова сваймі эмоцыямі, таму што, на жаль, дзіцячая псіхіка такая, што дзеці хочуць ратаваць бацькоў.

Тут працуе такая логіка: калі з бацькамі ўсё добра, то і са мной. Таму важна, каб дарослыя таксама не заставаліся сам-насам з перажываннямі, каб маглі недзе разгружацца. Важна, каб той з бацькоў, хто застаўся, сам быў у стане размаўляць з дзіцём, бо калі ён у моцным стрэсе, не можа даць рады з эмоцыямі, гэтую функцыю на сябе мусіць узяць іншы дарослы.

Як перажыць расстанне: лісты, спатканне ў турме, дзённік чакання

– Што рабіць, калі забіраюць абодвух бацькоў?

– Тут важна, каб уключыліся іншыя дарослыя з сям’і, якія засталіся на волі. Калі такой магчымасці няма, застаецца служба апекі ды іхныя псіхолагі. Можна абапірацца на гісторыю Гары Потэра, які даваў сабе рады, хоць быў пазбаўлены бацькоў. Увогуле, кнігі, казкі могуць моцна дапамагчы. На прыкладзе Чыпаліна мы можам тлумачыць, што ў турму могуць пасадзіць, нават калі чалавек не злачынца – часам нехта проста злоўжывае сваймі паўнамоцтвамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Студзень 2021 года.
Фота: Белсат

– Ці трэба браць дзіця на спатканне ў СІЗА ці калонію?

– Для дзіцяці любога ўзросту сітуацыя, калі мама ці тата ў турме – гэта страта, хоць, дзякуй Богу, часовая. Мы мусім дапамагчы перажыць гэтую страту. Вельмі моцны інструмент, які дазваляе не згубіць сувязі, – гэта лісты. Вядома, калі дзіця хоча пайсці на спатканне з бацькам, маці ў СІЗА, калонію, то трэба яго браць. Але трэба таксама загадзя падрыхтаваць, каб дзіця разумела, што там будзе: мы прыйдзем, у нас правераць дакументы, мы пройдзем туды і туды. Пасля спаткання важна размаўляць пра тое, як дзіця пачуваецца. Яно будзе казаць: я сумую, я хачу, каб тата/мама вярнуліся. Важна адказаць: я цябе вельмі разумею, я адчуваю тое самае, таксама сумую. І прапанаваць выйсце. Напрыклад, а давай падумаем, што мы будзем рабіць, калі тата/мама вернецца. Што б ты хацеў яму/ёй паказаць, распавесці? Можна скласці план, весці дзённік чакання.

«Калі ёсць парушэнне сну, апетыту, іншыя трывожныя сімптомы, звяртайцеся да адмыслоўцы»

– Якімі могуць быць наступствы падобных сітуацыяў для дзіцячай псіхікі?

– Дзіцячая псіхіка вельмі гнуткая. Аднак і затрыманні, і тым больш прысуды бацькам траўмуюць, і траўма, калі яе не перажыць правільна, можа застацца надоўга і даваць пра сябе ведаць цягам жыцця. Тое, што мы бачым цяпер: арышты, рэпрэсіі, гвалт, – падрываюць базавы давер, бяспеку, нараджаюць адчуванне бяссілля. Важна тлумачыць дзіцяці: такі стан – гэта нармальная рэакцыя на ненармальную сітуацыю, даверу цяпер няма, я разумею, табе страшна. Нашая задача – паправіць тое, на што мы можам паўплываць. Напрыклад, у дзверы ўламаліся – дом стаў небяспечным. Што мы можам зрабіць, каб ты адчуваў сябе больш бяспечна?

Складанасць у тым, што і ў бацькоў гэты давер падарваны, ім самім часта патрэбнае базавае адчуванне бяспекі.

Паўтаруся не трэба геройства: калі вы не спраўляецеся самі, шукайце дапамогу і для сябе. Як у самалёце, памятаеце: спачатку забяспечце кіслародам сябе, інакш дзіцяці дапамагчы не зможаце.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 19 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

Наступствы ў кожным выпадку могуць быць рознымі – у некага адразу посттраўматычны разлад, у іншага праз час нешта выявіцца. Але ў любым выпадку, калі вы бачыце трывожныя сімптомы: парушэнне сну, раздражняльнасць, парушэнне харчавання (дзіця перастае есці ці, наадварот, «заядае» перажыванні), частыя эмацыйныя істэрыкі, змены настрою – абавязкова звяртайцеся да адмыслоўцы.

«Наступствы цяперашніх рэпрэсіяў адчуюць і будучыя пакаленні»

– Ці ідуць беларусы да псіхолагаў, каб дапамагчы сваім дзецям, і ці не будзе новае пакаленне траўмаваным?

– Стала менш запытаў, чым было ўвосень – тады вельмі шмат звярталіся. Цяпер няма свежых асяродкаў, мы больш маем справу з наступствамі. Ну і людзі ж адаптуюцца – і да вайны, і да іншых акалічнасцяў, у якіх даводзіцца жыць. З аднаго боку, гэта страшна, што мы вымушаныя прызвычайвацца, а з іншага – добра, што ёсць такі адаптыўны механізм псіхікі, бо трэба ж неяк выжываць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 19 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

Што да аддаленых наступстваў, даследнікі вывучалі трэцяе пакаленне пасля рэпрэсіяў 1937 года і дысертацыі абаранялі. Вядома, наступствы будуць. У нас усіх – і дзяцей, і дарослых, падарваны базавы давер і адчуванне бяспекі. Гэта патрэбы, з якімі мы нараджаемся і на якіх далей усё будуецца. І тут як з домам: калі фундамент парушаецца, «едзе» і ўсё астатняе. Зваротам па дапамогу, прагаворваннем мы мінімізуем наступствы, наколькі гэта магчыма. Цалкам мы іх не пазбегнем, але можам зменшыць. Мы ў лепшай сітуацыі, чым у 1937-м, бо ў нас прынамсі лепш са сродкамі сувязі, з магчымасцю размаўляць і атрымліваць псіхалагічную дапамогу. Але гарантавана, што наступствы цяперашніх рэпрэсіяў адчуюць і будучыя пакаленні.

Ганна Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў