Паміраюць ад каронавіруса, эмігруюць. Разбіраемся, куды знікаюць беларусы


Паводле свежай статыстыкі Белстату, цягам 2021 года насельніцтва Беларусі зменшылася на 94 121 чалавека. Куды дзеліся гэтыя людзі, памерлі ці з’ехалі, Нацыянальны статыстычны камітэт не агучвае. «Белсат» разбіраўся, чаму жыхароў Беларусі робіцца ўсё меней.

Новый мост на Немиге в Минске
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Цягам трох гадоў беларусаў стала менш на такі горад, як Баранавічы

Згодна са звесткамі «Белстату», на 1 студзеня 2022 года ў Беларусі жывуць 9 255 524 чалавекі. З іх 7 232 095 асобаў – гарадское насельніцтва, 2 023 429 беларусаў жывуць у вёсках.

Самая густанаселеная вобласць – Менская. Яна налічвае 1 465 755 жыхароў. Найменш жыхароў – у Магілёўскай вобласці, 1 000 845.

Найбольш урбанізаваная вобласць у нас – Гомельская. Там у гарадах жывуць 1 051 061 чалавек. А найменш гарадскіх жыхароў – у Гарадзенскай вобласці, 769 845 асобаў.

У Менску на 1 студзеня гэтага года жылі 1 996 553 чалавекі. Такім чынам, Менск зноў не двухмільённы, якім быў абвешчаны 20 лютага 2020 года: тады ў сталіцы налічылі 2 мільёны 18 тысячаў жыхароў. Колькасць цягам таго ж года стала змяншацца: на 1 студзеня 2021 года ў Менску былі 2 009 786 асобаў.

Цягам апошніх гадоў колькасць насельніцтва Беларусі стабільна змяншаецца. Гэтак, за 2020 год беларусаў стала менш на 60 600 чалавек. Калі на пачатак 2020-га ў краіне жылі 9 410 259 асобаў, то на пачатак 2021-га – 9 349 645.

Референдум, Конституция Республики Беларусь, голосование, изменение Конституции
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Сапраўднае змяншэнне колькасці жыхароў Беларусі можа быць нашмат больш значнае, бо афіцыйная статыстыка, напрыклад, улічвае далёка не ўсіх, хто з’ехаў. Хто не зняўся з рэгістрацыйнага ўліку, у гэты лік не трапілі.

Але нават паводле афіцыйнай статыстыкі з 2019 года (тады насельніцтва Беларусі складала 9 429 257 чалавек) беларусаў стала менш на 173 733 асобы. Столькі жыхароў налічваецца ў Баранавічах.

COVID-19: афіцыйная статыстыка смяротнасці заніжаная больш як у 15 разоў

Куды ж знікаюць беларусы? Асноўных фактараў тут два: смяротнасць і эміграцыя. І якраз на апошнія два гады прыйшліся пандэмія каронавіруса і масавыя рэпрэсіі, што прывялі да эміграцыі.

Звесткі пра смяротнасць у Беларусі знайсці цяпер не так проста. Белстат з чэрвеня 2020 года іх проста не публікуе. Лічбаў няма нават на сайце ААН, дзе ў агульнай табліцы прыведзеная інфармацыя пра смяротнасць у розных краінах свету. Звесткі пра Беларусь спыняюцца на чэрвені 2020-га.

Беларусы рознымі шляхамі спрабуюць знайсці гэтую інфармацыю. «Кіберпартызаны» ўзламалі сістэму «Пашпарт» і, прааналізаваўшы яе, прыйшлі да высновы: з сакавіка 2020 года да сакавіка 2021-га залішняя смяротнасць у Беларусі склала 32 тысячы чалавек, што ў 14 разоў больш, чымся паведамлялі ўлады. А ў 2020 годзе ў нашай краіне памерлі 145 тысячаў чалавек, і гэта самы высокі паказнік з 2002-га, калі памерлі 146 тысячаў.

Аптеки в Минске, аптека
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

Аналіз залішняй смяротнасці на падставе закупу мяшкоў для трупаў за 2020–21 гады рабілі таксама «Белыя халаты» і прыйшлі да лічбы больш за 90 тысячаў чалавек. Таксама на падставе гэтага аналізу ўдалося вылічыць, што афіцыйная статыстыка аб смяротнасці ад COVID-19 у Беларусі заніжаная ў 15,34 разу. Паводле Міністэрства аховы здароўя, на дзень 30 сакавіка за ўвесь час пандэміі ў Беларусі ад каронавіруса памерлі 6810 чалавек.

Куды і ў якой колькасці з’язджаюць беларусы?

Наконт эміграцыі беларусаў дакладных лічбаў таксама няма, але і тыя, што ёсць, уражваюць і дазваляюць меркаваць, што рэальнае змяншэнне колькасці насельніцтва нашмат большае за афіцыйныя 94 тысячы чалавек.

У верасні 2021 года падчас выступу на Генеральнай Асамблеі ААН прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што 150 тысяч беларусаў атрымалі прытулак і працу ў Польшчы. Праўда, польскі лідар тады не дэталяваў, пра які перыяд часу гаворка.

Адначасова, паводле інфармацыі МЗС Польшчы, толькі з чэрвеня 2020 года да канца ліпеня 2021-га беларусы атрымалі 178 711 візаў.

Паводле Памежнай аховы Польшчы, з 18 жніўня 2020 года да 17 лютага 2021-га ў Польшчу заехалі 26 тысячаў рэпрэсаваных беларусаў: тыя, хто ехаў паводле гуманітарных візаў і «Poland Business Harbour», а таксама прасілі прытулку ці дадатковай абароны.

Але ж з’язджалі і працягваюць з’язджаць беларусы не толькі ў Польшчу. Вядома, што з верасня 2020 года да жніўня 2021-га Літва выдала грамадзянам Беларусі 20 тысячаў нацыянальных візаў, за 9 месяцаў 2021-га – 4164 гуманітарныя візы, 206 беларусаў папрасілі прытулку ў Літве.

Латвійскія візы за той жа час атрымалі менш беларусаў – 250 чалавек.

Немига, ночной город, первый снег
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

Да пачатку вайны адною з папулярных краінаў, куды ехалі беларусы, была Украіна. Са жніўня 2020 года да кастрычніка 2021-га Дзяржаўная памежная служба Украіны зафіксавала больш за 361 тысячу выпадкаў мінання беларусамі мяжы. Аднак нельга сказаць, што ўсе гэтыя людзі заставаліся ва Украіне: хтосьці мог вярнуцца, хтосьці атрымліваў візу ў Кіеве і ехаў далей.

Яшчэ адна краіна, куды масава сталі з’язджаць беларусы, і дзе цяжка іх палічыць, бо таксама не вядома, застаюцца яны там ці едуць далей, – Грузія. Вядома, што ўжо сёлета, з пачатку вайны ва Украіне ў Грузію прыехалі 15 777 беларусаў.

Агулам жа, паколькі эміграцыя беларусаў не спыняецца, а зноў набыла масавы характар з пачаткам вайны ва Украіне, можна меркаваць, што насельніцтва Беларусі працягне змяншацца і ў 2022 годзе.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў