«Мова катоў яднае людзей». Адэскія экскурсаводы – пра турызм падчас вайны


«Белсат» працягвае цыкл рэпартажаў пра будзённае жыццё Адэсы ў ваенны час. Наш карэспандэнт Усевалад Ананьеў ужо пісаў, як сёння працуюць установы грамадскага харчавання і як адбываецца гандаль на вядомай барахолцы. Цяпер Усевалад раскажа, як змяніўся турызм у Адэсе пасля таго, як 24 лютага Расея напала на Украіну.

Адэса, Украіна. 29 сакавіка 2022 года.
Фота: Ukrainian Armed Forces /East News

Мы сустрэліся на лаўцы ў цэнтры Адэсы. Вольга Пацехіна – экскурсаводка, а ў ваенны час – яшчэ і валанцёрка: дапамагае адэсітам і жывёлінам выжываць ва ўмовах вайны. У пагоні за мясцовым каларытам я вырашыў пагутарыць з ёю, бо жанчына ведае мноства адэскіх гісторыяў пра… катоў. Яны адныя са шматлікіх сімвалаў нашага гораду.

Так, кот у Адэсе – жывёліна хай і не святарная, але мае прывілей нароўні са стамбульскімі вусатымі. Яшчэ некалькі гадоў таму ўлады Адэсы, услед за турэцкім курортам, прызналі катоў часткаю гарадской экасістэмы.

Яшчэ ў час каранціну экскурсаводы праводзілі дабрачынныя зборы на падтрыманне бяздомных жывёлінаў, а з прыходам у горад вайны праблема зрабілася яшчэ вастрэйшая.

Але сёння мы будзем гаварыць з Вольгаю толькі пра добрае. Балазе побач прыладкаваўся яшчэ адна мілая вусатая суразмоўца – бронзавая котачка на мянушку Пушынка. Усяго ў горадзе ўсталяваны 21 такі ўнікальны аб’ект: ад помніку кату Жванецкага да таўстунні Базарыны. Рэальны прататып якой лічыўся самаю тоўстаю коткай Адэсы і ўсталяваны каля Новага рынку. Але гэта, як кажуць, ужо іншая гісторыя.

Фота: ВА / Белсат

– Цяпер тут ціха. Але мы разумеем, наколькі хісткая гэтая раўнавага, – адразу дзеліцца Вольга перажываннямі. – Адпаведна, і традыцыйныя экскурсіі пакуль пастаўленыя на паўзу. Хоць гэта зусім і не азначае, што горад замёр. У нас ёсць, дапусцім, замежныя карэспандэнты, якім цікавыя экскурсіі. Асаблівую цікавасць у іх выклікае расейскамоўная Адэса.

Экскурсаводка адразу папраўляецца:

– Але й україномовна теж! Бо Адэса – шматнацыянальная! З усёю кухняй! Я маю на ўвазе і габрэйскую мішпуху, і нашую шматнацыянальную кухню.

Пасля гэтых словаў мне падалося, што мультыкультурнасць вельмі хвалюе маю суразмоўніцу. Гэтак жа, як і мяне.

– На шчасце, проста тут і цяпер у нас ціха, – працягвае думку Вольга Пацехіна. – Але, паўтаруся, мы разумеем, наколькі хісткая гэтая раўнавага. Бо пункт збору вельмі моцна зрушыўся, нават у нас, гідаў. Што ўжо казаць пра звычайных, мірных людзей! Мы бачым нашыя прыгожыя дамы, але ў галаве – Харкаў да і пасля. Адчуванне бестурботнасці пакінула Адэсу. Адпаведна, турызм – не пра бестурботнасць і звычайную цікаўнасць. Вымушаныя перасяленцы яшчэ не настолькі расслабіліся, каб проста замовіць сабе экскурсію, як да вайны. Знаёмыя, якія нядаўна прыехалі з Кіева, наагул выклікалі шок выразам: «Воля, скажы: гэта цяпер нармальна – пашпацыраваць?» Аднак у мяне ўжо ёсць некалькі аплочаных папярэдніх замоваў для будучых групавых праходак. І я ўпэўненая, гэтыя экскурсіі мы абавязкова правядзем!

– Давайце трохі пагаворым пра котак, – мяняю тэму, задуменна ўзіраючыся ў разбіты таблет Пушынкі. – Як наагул склалася, што ў горадзе столькі помнікаў не толькі людзям, а і жывёлінам?

– Ну да вайны па гэтых помніках існаваў цэлы экскурсійны маршрут, – яшчэ больш падбадзёрылася Вольга. – Для нас гэта натуральна, а ў гасцей выклікае здзіўленне. А нас дзівіць іхнае здзіўленне. Што датычыць сістэмы гэтых помнікаў, яны створаныя як майстрамі, вядомымі далёка за межамі гораду (сярод іх, напрыклад, Міхаіл Рэва), але і тымі маладымі скульптарамі, якія падаюць вялікія надзеі ў мастацтве. Падрабязна спыняцца на кожнай скульптуры мы ў межах размовы, вядома не будзем, на гэта можа спатрэбіцца зашмат часу. Скажу толькі, што гэтыя помнікі цесна пераплятаюцца і з іншымі аспектамі нашай культуры. Вось, напрыклад, фота ката Lucky вядомага ў Адэсе пісьменніка Георгія Галубенкі. Ён шмат пісаў пра наш горад. А ягонае апавяданне «Расейскі руды блакітны» і наагул – пра адэскіх коцікаў.

Фота: ВА / Белсат

Распавёўшы пра значэнне катоў у адэскім мастацтве, Вольга вяртаецца да паўсядзённых тэмаў.

– У раёне Чаромушкі, дзе я жыву, – шмат сутарэнняў, якія, як вядома, цяпер служаць нам бамбасховішчамі. Для катоў там таксама ёсць і гнездаванне, і падкорм, і ўсё на свеце. Нядаўна я чула размову дзвюх дамаў. Перайду на ўкраінскую, бо размову чула менавіта на ўкраінскай. Кажуць: «От там у пiдвалi коти понасцикали! Що будемо робити?» І ў іх у ваенны час – нарада: што ж рабіць з такім пахам? Думаеце, яны сказалі выгнаць гэтых катоў, маўляў, людзі даражэйшыя? Не. Яны сказалі, што знойдуць самы смярдзючы кут, там трэба насыпаць пясочак, і яны будуць дзяжурыць, каб гэты пясочак перыядычна прыбіраць. Вось так гэта таксама характарызуе адэсітаў.

– Мова катоў універсальная, – працягвае яна. – Гэта самае галоўнае, што ядноае ўсіх, хто калі-небудзь «панаехаў» у Адэсу і працягваў «панаехіваць» (смяецца). Калі вы паглядзіце дынаміку росту і спаду насельніцтва, калі нейкі катаклізм, то спачатку адбываецца адток людзей, а потым – зноў прыток. Гэта ж мова кахання. Зразумела, што не толькі коцікі ў нас у пашане. Навакольных сабакаў таксама ведаем па імёнах. Вы б ведалі, якія праводзіліся кўэсты ў тусоўцы гісторыказнаўцаў – адшукаць мянушкі сабакаў знакамітых адэсітаў! Ды шмат добрых успамінаў засталося…

Фота: ВА / Белсат

– Бо адэская гісторыя – і мы заўсёды гэта падкрэслівалі – з самага пачатку інтэграваная ў гісторыю еўрапейскую. Гэта, калі хочаце, праект. Так, імперскі. Так, была і застаецца супярэчлівая ваенная гісторыя. Але гісторыя Адэсы склалася ўнікальным чынам. І хай мы паміж сабою тысячы разоў пакепліваем з дзюка ў вышыванцы [маецца на ўвазе помнік Рышэльё, генерал-губернатару Наваросіі і Бесарабіі. – Заўвага Belsat.eu], але мы потым самі ж і посцім гэтыя фотачкі. Таму пры вывучэнні гораду трэба разумець гэтую нібы двухаблічнасць, двухзначнасць адэсітаў. Але яны, калі паўстане пытанне, маўляў, вы хто, дзе вы, вы з кім, выразна пазначаюць сваю пазіцыю.

Усевалад Ананьеў belsat.eu

Стужка навінаў