Менскі фатограф – пра жыццё ў Львове: У горад вярнулася радасць штодзённасці


Пасля пачатку вайны ва Украіне Львоў стаўся адным з галоўных тылавых гарадоў. Тут знайшлі сховішча жыхары ўсходніх і цэнтральных рэгіёнаў краіны. Праз львоўскі вакзал, уцякаючы ў Еўропу, прайшлі як мінімум сотні тысячаў уцекачоў. Якія змены адбыліся ў Львове і як горад даваў рады з новымі цяжкасцямі – у назіраннях фатографа і грамадзянскага журналіста з Менску Яўгена Атцецкага.

Людзі ідуць ля плота, упрыгожанага плакатамі з вокладкаю часопісу «Time», прысвечанай падзеям ва Украіне. Намаляваны ўкраінскі сцяг і словы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Львоў, Украіна. 20 сакавіка 2022 года.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат

На працягу апошняга года я вымушаны быў пакінуць свой дом двойчы. Спачатку я з’ехаў з Беларусі праз палітычны пераслед маёй жонкі, а ў канцы лютага 2022-га праз вайну ва Украіне нашая сям’я перабралася з Кіева ў Львоў.

Туды мы выехалі 26 лютага аўтобусам ад «Free Belarus Center». На трэці дзень пасля пачатку вайны коркі на дарогах у заходнім напрамку ўжо зменшыліся. Мяркуючы па ўсім, аўтобус арганізоўваўся хутка, трэба было паспець выехаць з гораду да каменданцкай гадзіны, таму людзей было ў салоне няшмат. Як мінімум палова з нас – беларусы. У гэты момант я нарэшце змог трохі выдыхнуць і канчаткова ўсвядоміў, што ідзе сапраўдная вайна. Па дарозе – блокпасты, людзі са зброяй, правяранне дакументаў. Мы беларусы з ВНЖ ва Украіне. Нягледзячы на тое, што Беларусь ва Украіне лічыцца краінай-агрэсарам, пытанняў да нас ні ў кога не ўзнікла.

Дзіўна, як хутка прызвычайваешся да новай нормы: за тры дні з пачатку вайны ў Кіеве амаль цалкам перасталі працаваць кавярні і рэстараны, абмежавала продаж большасць крамаў, практычна перастаў хадзіць грамадскі транспарт. А ў Львове жыццё ў цэлым засталося звычайным. Перш за ўсё па прыбыцці я пайшоў у краму і закупіўся крупамі, кансервамі і вадою.

Першы тыдзень тут здавалася, што Львоў вымер. Як мясцовыя, так і прыезджыя актыўна пакідалі горад і краіну. Асноўнае жыццё сканцэнтравалася на вакзале. Па сведчаннях відавочцаў, у цягнік трапіць было амаль нерэальна: нястача месцаў, страшная цісканіна. Тады я яшчэ не наважваўся здымаць, у паветры вісела моцнае напружанне.

У першы дзень, калі я выйшаў з фотаапаратам, на мяне кінулася міначка з пытаннем: хто я, што здымаю і навошта? У чалавеку з камераю бачылі патэнцыйнага дыверсанта. Я тлумачыўся, паказваў дакументы – да мяне ставіліся з разуменнем, але жаданне даставаць фотаапарат моцна зменшылася.

Людзі адпачываюць ля фантана «Нэптун», якую абгарадзілі бляшаным плотам для бяспекі праз магчымае бамбаванне. Львоў, Украіна. 20 сакавіка 2022 года.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат

Праўду кажучы, візуальных прыкметаў, што горад рыхтуецца да вайны, было не так ужо і шмат: забітыя вітражы ў касцёлах, абкручаныя статуі, закладзеныя мяшкамі з пяском вокны, а таксама велізарная колькасць асобаў ва ўніформе са зброяй – вайскоўцаў, паліцыянтаў і прадстаўнікоў Тэрытарыяльнай абароны.

Будынак Львоўскага нацыянальнага акадэмічнага тэатру оперы і балету ўпрыгожаны патрыятычнымі плакатамі. Львоў, Украіна. 11 сакавіка 2022 года.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат
Статуі Лацінскага сабору ў Львове, абкручаныя ахоўнымі матэрыяламі. Львоў, Украіна. 13 сакавіка 2022 года.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат

Аднак, калі ты ў горадзе затрымліваешся ледзь даўжэй, пачынаеш разумець, што адчуванне вайны паўсюднае, яно проста вісіць у паветры: напружаныя і мабілізаваныя людзі, размовы пра вайну, навіны з франтоў у радыё ў таксоўках і кавярнях, зводкі ад ЗСУ на дзвярах кавярняў.

Амаль з першага дня ў Львове абвясцілі каменданцкую гадзіну, праз тыдзень забаранілі прадаваць алкаголь. Часцей начамі, але часам удзень – сірэны. Было адчуванне трывогі.

Людзі шукаюць варыянты, каб з’ехаць са Львова на аўтастанцыі ля вакзалу. Першыя тыдні са Львова былі арганізаваныя эвакуацыйныя бясплатныя рэйсы ў суседнія краіны. 18 сакавіка 2022 года.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат
Вокны цокальнага паверху царквы Найсвяцейшай Эўхарыстыі абароненыя мяшкамі з пяском. Львоў, Украіна. 15 сакавіка 2022 года.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат

Праз два тыдні атмасфера моцна змянілася. Стала ясна, што бліцкрыг праваліўся і ўкраінцы будуць зацята змагацца за сваю радзіму. З гэтага моманту ўсё больш асобаў пастанавілі заставацца ў Львове, а не з’язджаць з краіны. Зноў запрацавалі кавярні і ўстановы, плошчы ды вуліцы напоўніліся людзьмі.

Людзі адпачываюць ля фантана «Дыяна» на плошчы Рынак. Львоў, Украіна. 11 сакавіка 2022 года.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат
Гараджане слухаюць выступ вулічнага музыкі. Львоў, Украіна. 18 сакавіка 2022 года.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат

Львоў – вядомы турыстычны цэнтр, які прызвычаіўся да вялікага наплыву прыезджых. Як сказаў адзін з маіх знаёмых мясцовых жыхароў, горад пачуваецца так, як быццам турыстычны сезон адкрыўся на пару месяцаў раней. Бацькі з дзецьмі, праходкі па старым горадзе, людзі ў кавярнях.

Да візуальных праяваў вайны я б яшчэ дадаў павелічэнне колькасці ўкраінскіх сцягоў, з’яўленне білбордаў на ваенную і патрыятычную тэмы, а таксама актыўны распаўсюд лозунгу пра расейскі вайсковы карабель.

Калекцыя патрыятычных плакатаў на вуліцах Львова, Украіна. Сакавік 2022 года.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат
Калекцыя патрыятычных плакатаў на вуліцах Львова, Украіна. Сакавік 2022 года.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат

Якія толькі арганізацыі не паказвалі яму патрэбны кірунак: з самых дзіўных – секс-шоп і ювелірная крама.

У вакне сеткі секс-шопаў «Полуничка» змясцілі надпіс «Рускій воєнный корабль іди нах*й». Львоў, Украіна. 15 сакавіка 2022.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат

Цяпер у горадзе – моцны крызіс арэнднага жытла. Зняць кватэру на месяц, на доўгі тэрмін і нават на содні амаль нерэальна. Пры гэтым, калі шпацыраваць па Львове ўвечары, можна заўважыць, што вялікая частка вокнаў – без святла: шмат мясцовых жыхароў з’ехала і пакінула свае кватэры.

Ужо больш за тры тыдні мы жывем у сяброўкі Аліны, яна актыўна дапамагае ўцекачам. За гэты час ейная кватэра сталася прытулкам як мінімум для 10 розных асобаў. Хтосьці спыняецца тут на ноч, хтосьці затрымліваецца на даўжэйшы час. За лёсам шмат якіх нашых гасцей Аліна спрабуе сачыць. Напрыклад, кіяўлянка Яўгенія з дачкою Лінаю ўжо дабраліся да Нямеччыны.

Кіяўлянка Яўгенія абдымае дачку Ліну ўдома ў актывісткі з Беларусі Аліны. У гэтай двухпакаёвай кватэры жывуць ад чатырох да васьмі чалавек. Аліна стараецца сачыць за лёсам сваіх гасцей. Яўгенія з дачкой удала дабраліся да Нямеччыны. Львоў, Украіна. 6 сакавіка 2022 года.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат
Вокны шмат якіх гістарычных будынкаў у горадзе абароненыя драўлянымі або бляшанымі пласцінамі. Львоў, Украіна. 11 сакавіка 2022 года.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат

Шмат хто не да канца разумее, як уладкаваны механізм эміграцыі. Камусьці здаецца, што гэта лёгкі шпацыр або крок наперад. Але па першым часе гэта пастаянны стрэс: уся прастора, асяроддзе, культура папросту крычаць новай інфармацыяй. Усе твае рэцэптары настроеныя на засваенне вонкавых сігналаў. Самыя распаўсюджаныя рэакцыі – моцная ды хуткая стамляльнасць і падвышаная безуважлівасць. Кожны выхад надвор – гэта спазнаванне: як працуе гарадскі транспарт, што за рогам, якія прадукты ў краме. Вельмі непрыемна праходзіць гэты шлях другі раз за паўгода.

Калі я ўпершыню трапіў на львоўскі вакзал, там наладзілася сістэма арганізацыі ўцекачоў, актыўна працавалі валанцёрскія службы, якія арганізавалі дастаўку ежы, гарбаты і вады, дапамагалі з транспартам. Ужо амаль не было вялікіх чэргаў.

Людзі сядзяць на лаўках каля львоўскага вакзалу. Праз дарогу размясціўся гуманітарнае мястэчка, дзе людзі могуць пагрэцца, папіць гарбаты, пад’есці і атрымаць неабходную медычную дапамогу. Львоў, Украіна. 21 сакавіка 2022 года.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат

Я здымаў пасадку людзей у цягнік на Пшэмысьль. Большая частка пасажыраў – жанчыны з дзецьмі.

Украінскія мужчыны ва ўзросце 18–60 гадоў – вайсковаабавязаныя, таму ім, апроч некаторых выключэнняў, нельга пакідаць краіну. Шмат якія мужчыны дапамагаюць з’ехаць сям’і, а самі вяртаюцца дадому і ідуць ваяваць. Украінцы настроеныя вельмі рашуча: з пачатку вайны ў краіну вярнуліся амаль 400 тысяч грамадзянаў.

Людзі садзяцца ў цягнік да польскага гораду Пшэмысьль. Львоў, Украіна. 17 сакавіка 2022 года.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат

Пасля таго як Лукашэнка дазволіў расейскім войскам уварвацца ва Украіну з тэрыторыі Беларусі, нашая краіна зрабілася агрэсарам. Першы тыдзень я не разумеў, як да нас будуць ставіцца ўкраінцы, у інтэрнэце распаўсюджваліся чуткі пра напады на беларусаў, дыскрымінацыю праз нацыянальнасць, пашпарт і мову. Амаль з самага першага дня мы вырашылі, што ў грамадскіх месцах будзем карыстацца беларускаю мовай. У маёй асабістай і практыцы маіх знаёмых асаблівай агрэсіі да беларусаў у Львове не было. І нават наадварот. У адзін з першых дзён мы пайшлі на акцыю беларусаў у Львове. Калі хтосьці дастаў бел-чырвона-белы сцяг, адзін з мінакоў крыкнуў «Жыве Беларусь!».

У той жа дзень мы сустрэліся паводле наводкі з байцом АТА Светазарам Зіверам, ён запісаў зварот да ўкраінцаў наконт беларусаў. Тады я канчаткова зразумеў, што напрацаваную гадамі рэпутацыю так проста не знішчыць.

Людзі на чыгуначным вакзале чакаюць цягнік. Львоў, Украіна. 21 сакавіка 2022 года.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат

Цяпер, праз некалькі тыдняў, у горадзе вельмі часта гучыць расейская мова. Звязваю гэта з актыўнаю міграцыяй з усходняй і цэнтральнай Украіны. Вядома, да гэтых людзей таксама няма ніякай агрэсіі.

Выбухі ў горадзе прагучалі 26 сакавіка. Расейскія ракеты прыляцелі на нафтабазу і завод на ўскраіне гораду. Пацярпелі пару чалавек, на шчасце, без смяротных зыходаў. Вядома, гэта палохае, бо вайна зноў вельмі блізка. Аднак мы і шмат якія мясцовыя жыхары горад пакідаць не збіраемся. Ужо на наступны дзень паўсядзённы парадак жыцця вярнуўся: паркі і вуліцы Львова зноў напоўніліся людзьмі. Яны шпацыруюць, п’юць каву, размаўляюць і ўсміхаюцца. Украінцы вытрываюць, і ўсё ў іх будзе добра, а мы вернемся дадому, у Кіеў.

Дзяўчына з двума сабакамі стаіць на пероне чыгуначнага вакзала ў Львове, Украіна. 18 сакавіка 2022 года.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат

У ноч на 24 лютага Уладзімір Пуцін абвясціў пачатак вайны (у Расеі яе называюць «спецыяльнаю вайсковаю аперацыяй») з мэтаю «дэнацыфікацыі і дэмілітарызацыі» Украіны. 27 лютага Украіна афіцыйна накіравала пазоў супраць Расеі ў Міжнародны суд ААН. У ім Кіеў просіць прыцягнуць Расею да адказнасці, у тым ліку за скажэнне паняцця «генацыд» дзеля апраўдання агрэсіі супраць Украіны. З пачатку вайны Украіну пакінулі больш за 3 мільёны асобаў.

Рэпартаж
«Супрацьгазы цяпер больш купляюць». Рэпартаж з культавага Стараконнага рынку ў Адэсе
2022.03.29 09:32

Яўген Атцецкі belsat.eu

Стужка навінаў