Дзённікі жыхароў Марыупалю: па той бок пекла

Сімвалам трагедыі і гераізму ўкраінцаў, а таксама ганьбы і злачынстваў расейцаў падчас вайны ва Украіне стаўся Марыупаль. Поўнамаштабная блакада гораду пачалася 1 сакавіка і вылілася ў сапраўдную гуманітарную катастрофу ды трагедыю не толькі Украіны, але і свету. Мы сабралі гісторыі марыупальцаў пра тое, як памірае іхны горад пад абстрэламі расейцаў з паветра, зямлі і мора. Кантакты герояў ёсць у рэдакцыі.

Марыупаль, Украіна. 20 сакавіка 2022 года. Фота: ALEXANDER ERMOCHENKO / Reuters / Forum

Чаму Марыупаль так важны для Расеі

Марыупаль – ключ да ваеннай кампаніі Расеі ва Украіне. Тут можна назваць некалькі важных фактараў.

Па-першае, Расея імкнецца забяспечыць сухаземны калідор паміж Крымам і Данбасам. Расейскія войскі прасоўваюцца з Крымскага паўвострава на паўночны ўсход, і на іх шляху стаіць Марыупаль.

Па-другое, Марыупаль – цэнтр экспарту ўкраінскай сталі, вугалю і кукурузы, якія ідуць пакупнікам на Блізкім Усходзе і за яго межамі. Страта Марыупалю станецца сурʼёзным ударам па ўкраінскай эканоміцы.

Па-трэцяе, прапаганда. У Марыупалі базуецца батальён «Азоў», прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй і забаронены ў Расеі. І хоць больш радыкальна настроеныя байцы «Азова» складаюць невялікую частку баявых сілаў Украіны, гэта дае Расеі падставы заявіць свайму насельніцтву, што расейскія салдаты адпраўленыя ваяваць ва Украіну, каб пазбавіць яе неанацыстаў.

І апошняе ў пераліку, але не паводле важнасці: узяцце Марыупалю дазволіць Крамлю паказаць свайму насельніцтву, што Расея дасягае мэтаў і прагрэсу ва Украіне.

Як выглядаюць украінскія гарады, «вызваляць» якія прыйшлі расейскія войскі

«Бог пакінуў Марыупаль. Ён спалохаўся ўсяго, што ўбачыў»

28 лютага

У партовым горадзе Марыупаль, дзе ўкраінцы спрабуюць адбіць наступ расейцаў, у нядзелю ў гарадскі шпіталь прыехала машына хуткай дапамогі з дзяўчынкаю, смяротна параненай у выніку расейскіх абстрэлаў.

Яна была бледная. Каштанавыя валасы былі зацягнутыя гумкай. Акрываўленыя піжамныя нагавіцы ўпрыгожаныя мульцяшнымі аднарогамі. Яе прывезлі разам з параненым бацькам, з акрываўленай і перавязанаю галавою. Медычная брыгада напампоўвала ёй грудзі, адчайна змагаючыся ажывіць. Ейная маці стаяла ля машыны хуткай дапамогі і плакала.

«Вядзі яе! Выцягні яе! Мы можам гэта зрабіць!» – крыкнуў работнік больніцы, падсунуўшы каталку да машыны хуткай дапамогі.

Дзяўчынку завезлі, а дактары і медсёстры туліліся вакол яе. Адзін зрабіў укол. Другі спрабаваў ажывіць яе з дапамогаю дэфібрылятара. Медсястра заплакала. Доктар у сініх медычных скрабах, напампоўваючы ў дзяўчынку кісларод, глядзеў проста ў камеру.

«Пакажыце гэта Пуціну, – сказаў ён злосна. – Вочы гэтага дзіцяці і плач дактароў».

Дзяўчынку ўратаваць не ўдалося. Доктар асцярожна пацягнуўся да ейнага твару заплюшчыць вочы.

Шокавы змест
Каб пабачыць, клікні на фота/відэа
Цела дзяўчыны, забітай падчас абстрэлу жылога раёну, у гарадскім шпіталі Марыупалю, Украіна. 27 лютага 2022 года. Фота: Evgeniy Maloletka / Associated Press/East News

Цела заставалася ў пакоі, прыкрытае яркаю поліэстэравай курткаю ў крыві.

6 сакавіка

Другая запар эвакуацыя з Марыупалю не адбылася. Гуманітарная дапамога таксама не даехала. Мая бабуля перажыла Другую сусветную вайну, калі была дзіцём. Ці перажыве яна гэта?

Амаль тыдзень у іх няма святла, цяпла, вады, сувязі і ежы.

У такіх жа ўмовах сямʼя маёй сястры з дваімі дзецьмі, дзяўчынкамі трох і васьмі гадоў. І яшчэ 10 чалавек сваякоў і сяброў, якія апынуліся зачыненымі ў сваіх дамах без сувязі адно з адным і без надзеі на ўратаванне.

Марыупаль, Украіна. 25 сакавіка 2022 года. Фота: Mikhail Tereshchenko / TASS / Forum

Здымку маладога сужэнства з Марыупалю з забітым паўтарагадовым немаўлём прыкладваць не буду.

8 сакавіка

Мая суседка сказала, што Бог пакінуў Марыупаль. Ён спалохаўся ўсяго, што ўбачыў. Пра гэта яна паведаміла тыдзень таму, а заўчора перад самым нашым адʼездам прыбегла ў наш адсек у сутарэнні з паведамленнем, што гарыць дом, праз адзін ад нашага. «У яго нейкае дзіўнае памаранчавае полымя, – сказала яна. – Я ніколі такога не бачыла. Маліцеся, дзяўчаты».

Штодзень у Марыупалі мы чакалі, што ўсё палепшыцца. Мы верылі, што вайна вось-вось скончыцца і ўсё будзе па-ранейшаму. Тыдзень таму мы яшчэ выходзілі надвор. Аднойчы паміж бамбаваннямі паехалі ў Чырвоны Крыж на Гандлёвую. Дачка маёй сяброўкі нядаўна нарадзіла сына. Яго назвалі Мікіта, ён жыў у сутарэнні. Надвор мы яго амаль не выносілі праз бамбаванні, і тыднёвае дзіця не бачыла сонца зусім.

Дзеля яго мы паехалі ў машыне сяброўкі з надпісам «Дзеці». Гэты надпіс ні ад чаго не бараніў. Па дарозе нам сустрэлася такая ж машына, з такім жа надпісам, толькі разбітая і абгарэлая. У яе патрапіў снарад, яна стаяла на правай паласе. Ехаць было вельмі страшна. Але некаторыя дамы яшчэ былі цэлыя. Яшчэ не разбілі радзільні, не загінуў муж маёй калегі, у нашым раёне хадзілі адзінокія мінакі.

Вуліцы, куды мы прыехалі, больш не было. Там былі руіны. Замест вялікай крамы – вялізная яма. Уніз ад яе – ніводнага цэлага дому. Я не пазнавала гэтай частку гораду. Людзі, якія разбіралі завалы, сказалі, што напярэдадні ўдзень сюды ўпала авіябомба. Хлопцы з Чырвонага Крыжа збіралі шкло. Дзяўчына была дзіўна спакойная і на маё пытанне, як яна, адказала, што ўсё добра, і ўсміхнулася. Гэта было так дзіўна. Мы не ўсміхаліся ўжо шмат дзён.

Ні сумесі, ні памперсаў там не было. Нам сказалі, што іх перадалі ў радзільню. Мы пастанавілі пайсці туды заўтра. Намеснік аддзялення, дактары і медсёстры жылі тамака кругладзённа, не хадзілі дадому. Па-першае, было небяспечна, а па-другое, не было замены. А жанчыны нараджалі. Без святла і вады, у халоднай радзільнай зале і пад бомбамі. Калі ў аддзяленні скончылася ежа, медыкі сталі аддаваць парадзіхам свае запасы. Усё, што ў іх было. Галоўны доктар прыносіў лусцяні з сырам і каўбасою. Хлеба не было. Яго проста не было дзе набыць. Наагул нічога нельга было набыць. Спачатку крамы былі зачыненыя, потым іх сталі рабаваць.

Марыупаль, Украіна. 25 сакавіка 2022 года. Фота: ALEXANDER ERMOCHENKO / Reuters / Forum

Не было ніводнай аптэкі. Іх таксама абрабавалі. Мае таблеткі для сэрца канчаліся, наперадзе маячыла суровая альтэрнатыва: загінуць ад снарада ці ад спынення сэрца. Дапамагла незнаёмая жанчына, суседка нашых сяброў. Здаецца, яе клічуць Лена. Яна аддала частку сваіх лекаў. Бясплатна.

Калі ў людзей скончылася вада, пайшоў снег, потым дождж. Мама казала: «Нам дапамагае прырода». Стралялі па нашым раёне тады не так інтэнсіўна, і каля падʼездаў збіраліся дзве катэгорыі суседзяў. Адныя гатавалі ежу на вогнішчы, другія з вёдрамі стаялі пад вадасцёкавымі трубамі.

Мы тады яшчэ размаўлялі адно з адным. І я даведалася, што на рог адной з вуліцаў штодзень прывозяць ваду з Гарводаканалу. Возіць яе ў вялізнай бочцы звычайны марыупалец на ўласную ініцыятыву. Ён прыязджае кожны дзень, а потым стаіць пад абстрэламі і напаўняе балоны людзей бясплатнаю пітною вадою. Людзі перыядычна ўцякаюць адтуль, калі моцна страляюць і робіцца небяспечна, лаюцца ў чарзе, а вадавоз моўчкі напаўняе ім балоны.

Я не ведаю, як клічуць гэтага чалавека, і спадзяюся, ён выберацца з пекла жывым. Бо вельмі хочацца, каб ён прачытаў гэтыя радкі і пачуў маю падзяку, якую я яму тады сказаць не паспела.

«Цікава: на колькіх гаўбцах ляжаць мёртвыя целы?»

10 сакавіка

У Марыупалі людзі яднаюцца. Сякуць гарадскія дрэвы і гатуюць ежу на вогнішчах. Збіраюць дажджавую ваду. На эвакуацыйныя калідоры ўжо ніхто не спадзяецца. Сёння сарваўся чацвёрты, здаецца, з ліку.

Няма ні святла, ні вады, ні лекаў, ні сувязі. Людзі рабуюць крамы. Целы ляжаць на вуліцах, і іх ніхто не вывозіць.

Памерла ад абязводжвання шасцігадовая дзяўчынка.

***

Я не магу апрацаваць такога абʼёму гора, пачынаю плакаць у грамадскіх месцах, пасярод любой справы, раптоўна і непрадказальна. Вуліца, дзе бабуля, у агні, іхны дом пакуль стаіць, суседні палае: я ніколі сабе не дарую, што мы пакінулі яе там.

Марыупаль, Украіна. 28 сакавіка 2022 года. Фота:: ALEXANDER ERMOCHENKO / Reuters / Forum

У 30+ чатах па Марыупалі ірвуць душу немыя крыкі: калі ласка, уратуйце бацькоў, брата, дзіця адно ў склепе, шукаю сына дзевяці гадоў, маёй мамы больш няма, у машыну майго бацькі патрапіла ракета, сястры адарвала нагу, дапамажыце вывезці…

Гэтыя паведамленні – у нікуды: ніхто не шукае зніклых, ніхто не дапамагае, агульны групавы крык людзей у роспачы па гэты бок пекла.

13 сакавіка

Мы жылі на вуліцы Траецкай. Апошні тыдзень быў проста апраметным жах і пеклам. Бамбаванні унікудыпрактычна без перапынку. У розных раёнах гораду. Вакол нас не засталося ніводнага цэлага дому.

13 сакавіка ўначы мы развітваліся з жыццём. Снарады клаліся так блізка, што мы думалі, усё гэта да нас. Сцены хадзілі ходарам, хісталіся, ад грукату ўсё сціскалася ў сярэдзіне, жывёльны страх. Страх за сваё дзіця.

Калі мы раніцаю выйшлі з дому, убачылі, што ў суседні, 51-ы, прыляцела авіябомба. Яна цалкам разбурыла дом. Былі траплянні ракетаў у суседні дом з іншага боку ад нас. Мы тады хутка склалі рэчы і паехалі ў бок Маракова. Яго адбамбілі напярэдадні, часова там было больш спакойна.

Калі зʼехалі, даведаліся, што ў наш дом патрапілі адразу тры снарады…

Марыупаль, Украіна. 25 сакавіка 2022 года. Фота: Mikhail Tereshchenko / TASS / Forum

15 сакавіка

Я выходжу надвор у перапынках паміж бамбаваннямі. Мне трэба выгуляць сабаку. Ён увесь час скуголіць, дрыжыць і хаваецца за мае ногі. Мне ўвесь час хочацца спаць. Мой двор у асяроддзі шматпавярховікаў ціхі і мёртвы. Я ўжо не баюся глядзець навокал.

Дагарае падʼезд 105-га дому. Полымя зжэрла пяць паверхаў і павольна жуе шосты. У пакоі агонь гарыць акуратна, як у коміне. Чорныя абвугленыя вокны стаяць без шкла. З іх, як языкі, вывальваюцца абгрызеныя полымем фіранкі. Я гляджу на гэта спакойна.

У гэтым горадзе ўсе стала чакаюць смерці. Мне толькі хочацца, каб яна была не вельмі страшная. Тры дні таму да нас прыходзіў сябар майго старэйшага пляменніка і расказваў, што было наўпроставае траплянне ў пажарную частку. Загінулі хлопцы-ратавальнікі. Адной жанчыне адарвала руку, нагу і галаву. Я мару, каб мае часткі цела засталіся на месцы нават пасля выбуху авіябомбы.

Не ведаю, чаму, але мне гэта здаецца важным. Хаця, з іншага боку, хаваць падчас баявых дзеянняў усё роўна не будуць. Так нам адказалі паліцыянты, калі мы злавілі іх на вуліцы і спыталі, што рабіць з мёртваю бабуляю нашага знаёмага. Яны параілі пакласці яе на гаўбец Цікава: на колькіх гаўбцах ляжаць мёртвыя целы?

Увесь двор пакрыты некалькімі пластамі попелу, шкла, пластыку і металічных аскепкаў. Я стараюся не глядзець на жалезную дурніцу, якая прыляцела на дзіцячую пляцоўку. Думаю, гэта ракета, а мо міна. Мне ўсё роўна, проста непрыемна. У акне трэцяга паверху бачу чыйсьці твар, мяне перакручвае. Аказваецца, я баюся жывых людзей.

Мой сабака пачынае выць, і я разумею, што зараз зноў будуць страляць. Я стаю ўдзень у двары, а вакол мёртвая цішыня. Няма ні машынаў, ні галасоў, ні дзяцей, ні бабуль на лавачках. Памёр нават вецер. Некалькі чалавек тут усё ж ёсць. Яны ляжаць з боку дому і на стаянцы, накрытыя верхнім адзеннем. Я не хачу на іх глядзець. Баюся, што ўбачу кагосьці са знаёмых.

Марыупаль, Украіна. 25 сакавіка 2022 года. Фота:: Mikhail Tereshchenko / TASS / Forum

Усё жыццё ў маім горадзе тлее ў сутарэннях. Яно падобнае да свечкі ў нашым адсеку. Пагасіць яе вёльмі лёгка. Любая вібрацыя ці ветрык – і наступіць цемра. Я спрабую заплакаць, але мне не ўдаецца. Я вяртаюся ў склеп і слухаю там гідкі жалезны скрыгат. Мінулі два тыдні, а я ўжо не веру, што некалі было іншае жыццё.

«Нас забівалі з зямлі, з паветра і з мора»

Хочаце ведаць, як я перажывала абстрэлы? Я, дарослы чалавек, падчас бамбаванняў трымала за руку маму і прыціскалася да яе, як у дзяцінстве, калі хацела схавацца пасля страшнай казкі.

Маё жыццё сталася кашмарам. Жыццё майго гораду ператварылася ў пекла. Вакол былі героі. Я была слабой і змучанаю: змагалася з панічнымі атакамі і лічыла сябе вінаватай ува ўсім. Мне было страшна прызнацца іншым, што мне страшна. І я хацела быць карыснай хоць камусьці.

За тыдзень да гэтага да мяне прыйшла Наташа. Мая калега. З мужам і сынам. Яны хадзілі па горадзе і здымалі відэа. Каб паказаць усім гэты кашмар. Я спытала яе: «Што рабіць мне?» Яна сказала: «Выжыць, Надзя. Нам трэба выжыць». Я ўдакладніла ў яе: «Як дапамагчы гораду?» Яна адказала: «Не ведаю».

Яны ўтрох хадзілі ў дзіцячую рэанімацыю, дзе дактары былі кругладзённа, бралі тэлефоны іхных блізкіх і падчас рэдкіх сеансаў сувязі адсылалі ім паведамленні. Паведамлялі, што ўсе жывыя і здаровыя.

Потым у ейную кватэру заляцелі дзве міны. Загінуў муж. Гэта была першая блізкая нам смерць. Толькі дзень таму мы бачылі чалавека. Жывога. Здаровага і моцнага. Спакойнага і ўпэўненага ў тым, што ён будзе жыць доўга. І вось яго няма. Проста таму, што нейкі вырадак стрэліў у жылы дом.

Марыупаль, Украіна. 23 сакавіка 2022 года. Фота: Maximilian Clarke / Zuma Press / Forum

Напярэдадні нашага адʼезду бамбілі не перастаючы. Мы думалі, як зʼехаць. У нас была адна машына. Дзевяць чалавек і сабака, якіх трэба вывезці. І мінімум шанцаў дайсці да гаражу. Ён быў у раёне школы, а там лупілі з усіх відаў зброі. Акупанты ўвогуле не саромеліся. Яны выбіралі квадрат на мясцовасці і разбівалі яго да руінаў.

У адзін і той жа шматпавярховы дом траплялі дзясяткі разоў. Клянуся, там ніколі не было нашых вайскоўцаў. Ніводнага. Там жылі мірныя людзі, якія спадзяваліся, што бамбіць скончаць, і яны выйдуць па ваду ці гатаваць ежу на вогнішчы. У гэтыя дамы заляцела з дзясятак снарадаў. Расяяне білі наводмаш. Мы ў падвале слухалі гэтыя гукі і задыхаліся ад жаху. Яны падобныя да аплявух. Як быццам па дамах лупілі велізарным бізуном.

Гукі вайны выконвалі сімфонію смерці. Спачатку скрыгат вялізных зубоў волата і жалезныя ўдары па даху. Нехта толькі рыхтаваўся да выступу. Потым ішла мелодыя «Градаў». Дрыжэла зямля і трэсліся сцены. Праз нас ляцелі вялізныя сляпыя забойцы. Мы не маглі зразумець, у які бок. Усюды былі людзі. Для кагосьці з іх гэтая музыка сталася апошняю. Для мяне самым страшным быў гул самалётаў. Я ніколі іх не бачыла. Можа, каб убачыла, дык так не баялася. Я закрывала галаву падушкай і марыла аглухнуць ад цяжкага ўдару аб зямлю. Зямля прагіналася, а самалёт заходзіў на другі круг, і мы зноў паміралі – да наступнага выбуху.

15 сакавіка мы пачулі новыя гукі з сімфоніі смерці. Яны не былі падобныя ні да аднаго, які гучаў да гэтага. Два моцныя магутныя выбухі. Ад іх перавярнулася ўсё нутро, галава стала вялізнай і пустой, сцены склепу вібравалі яшчэ некаторы час. Я падумала, што гэта зброя масавага паражэння. І з жахам думала, што ўбачу, калі выйду на вуліцу.

Марыупаль, Украіна. 28 сакавіка 2022 года. Фота: Mikhail Tereshchenko / TASS / Forum

Потым нам расказалі людзі з паселішча побач з Марыупалем, што па горадзе стралялі расейскія караблі. Нас забівалі з зямлі, з паветра і з мора. Нас забівалі адусюль. Мой горад паслядоўна ператваралі ў руіны.

Вельмі цяжка было выязджаць. І нават не таму, што бамбілі і мы ехалі ў разбітай машыне, без шкла і з дзіркамі ад снарадаў. Тады ўва ўсіх быў шок. У машыне ўсе маліліся, каб даехаць і нас не забіла снарадамі. Нас спынялі акупанты і задавалі нейкія пытанні. Усе яны гучалі як здзекі. Напрыклад, ці не холадна дзецям у машыне з выбітым шклом. Зачыніце вокны, вы прастудзіце дзяцей. Якія клапатлівыя істоты. Яны бамбілі дамы, закідвалі ракетамі жылыя раёны, бамбасховішчы з жанчынамі і дзецьмі, а цяпер непакояцца, каб у марыупальскіх малых не было насмарку. У мяне ўся сярэдзіна пераварочвалася, як ад стрэлаў.

СП belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату