ЗША вяртаюць эканамічныя санкцыі супраць уладаў Беларусі


ЗША аднаўляюць прыпыненыя з 2015 года эканамічныя санкцыі ў дачыненні беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў. Пра гэта заявіў кіраўнік прэс-службы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Нэд Прайс.

З 26 красавіка будуць адноўлены санкцыі супраць дзевяці беларускіх прадпрыемстваў: канцэрн «Белнафтахім», «Белшына», «Горадня Азот», «Горадня Хімвалакно», А«Лакафарба», «Нафтан», «Полацк-Шкловалакно», «Беларускі нафтавы гандлёвы дом» і «Белнафтахім ЗША». Прадпрыемствам і грамадзянам ЗША будзе забаронена ўступаць у эканамічныя і фінансавыя адносіны з гэтымі прадпрыемствам, а ўся іх маёмасць і рахункі, якія знаходзяцца на тэрыторыі ЗША, будуць замарожаны.

У кастрычніку 2015 году Мінфін ЗША прыпыніў санкцыі ў дачыненні гэтых прадпрыемстваў у сувязі з «пэўным прагрэсам у сферы дэмакратыі і правоў чалавека». Аднак цяпер Дзяржаўны дэпартамент вяртае гэтыя абмежаванні праз істотнае пагаршэнне сітуацыі ў краіне.

«Сітуацыя з правамі чалавека зʼяўляецца найгоршай за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі», – заявіў Нэд Прайс.

Кіраўнік Кабінету прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай Валерый Кавалеўскі заявіў, што перадухіліць увядзенне санкцый у сілах рэжыму: для гэтага трэба вызваліць палітвязняў, спыніць гвалт і пачаць дыялог з беларускай народам.

«Лукашэнка праігнараваў неаднаразовыя папярэджанні ЗША, выбраўшы найгоршы з варыянтаў паводзінаў, і працягнуў рэпрэсіі. Я заклікаю рэжым неадкладна пачаць перамовы аб новых свабодных выбарах, каб мірным шляхам вывесці Беларусь з крызісу, перадухіліць негатыўныя наступствы для нашай краіны», – падкрэсліў Кавалеўскі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў