Журналіста Андрэя Аляксандрава і ягоную сяброўку паставілі на ўлік як «схільных да экстрэмізму»


Журналіста Андрэя Аляксандрава і ягоную сяброўку Ірыну Злобіну, якія застаюцца пад вартаю, паставілі «на прафілактычны ўлік як асобаў, схільных да экстрэмісцкіх і дэструктыўных дзеянняў». Пра гэта паведаміў БелаПАН.

Раней на такі ж улік паставілі асуджаную журналістку тэлеканалу «Белсат» Кацярыну Андрэеву, якая цяпер утрымліваецца ў Жодзінскім СІЗА, і некаторых іншых палітвязняў.

Аляксандрава і Злобіну затрымалі 12 студзеня. Іх падазраюць у фінансаванні пратэставай дзейнасці. Паводле МУС, Андрэй Аляксандраў з 22 жніўня да 9 лістапада аплаціў 250 штрафаў. Спісы і грошы на аплату штрафаў Аляксандраву перадаваў фонд «BY_help».

У сувязі з гэтым міліцыянты абвінавацілі Андрэя Аляксандрава і Ірыну Злобіну паводле ч. 2 арт. 342 КК («Навучанне ці іншае рыхтаванне асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне і іншае забеспячэнне такой дзейнасці»).

Супраць людзей, якія атрымлівалі дапамогу , таксама завялі крымінальную справу. Улады дамагаюцца, каб яны выплацілі штрафы другі раз.

Праваабаронцы лічаць дзейнасць Аляксандрава і Злобінай законнаю, а пераслед іх з боку ўладаў – палітычна матываваным. Іх прызналі палітвязнямі.

Hавiны
Беларусы, якім дапамог «BY_help», сталіся фігурантамі крымінальнай справы. Іх выклікаюць у СК і ДФР. Што трэба ведаць і рабіць
2021.03.12 07:00

AB, belsat.eu

Стужка навінаў