За слова «скот» пад фота ўчастковага – 2 гады «хіміі» і штраф


Суд Пружанскага рану.
Фота: pruzhany.net

У Пружанскім раёне суддзя Вадзім Мазоль прызнаў Людмілу Карасоўскую вінаватай у абразе міліцыянта Дзмітрыя Казарэнкі паводле арт. 369 КК, паведамляе «Вясна».

Паводле дзяржаўнай абвінаваўцы, памочніцы пракурора Пружанскага раёну Веранікі Манец, Людміла Карасоўская, маючы намер публічна абразіць прадстаўніка ўлады і ўсведамляючы зневажальны характар свайго выказвання, з мэтаю прычыніць шкоду аўтарытэту дзяржаўнай улады, размясціла ў тэлеграм-канале «Пружаны / Пружана» каментар пад фота пацярпелага – слова «скот».

Згодна з заключэннем лінгвістычнай экспертызы, слова мае негатыўную ацэнку асобы мужчынскага полу – участковага Дзмітрыя Казарэнкі, ёсць ненарматыўнаю формаю маўленчага выказвання, грубае і абразлівае ў дачыненні пацярпелага.

Падсудная віну прызнала часткова: каментар яна пакінула, але не чакала крымінальнай адказнасці за адно слова, не хацела абразіць або пакрыўдзіць Казарэнку.

Абвінавачаная публічна папрасіла прабачэння ў Дзмітрыя Казарэнкі. Пазней яна была шакаваная, калі відэа з ейнымі выбачэннямі паказалі па ўсіх навінавых каналах краіны.

«Гэты выраз лічу абразлівым, ён прыніжае мае гонар і годнасць, дыскрэдытуе мяне ў вачах грамадскасці, фармуе непрыязнае стаўленне да мяне», – адзначыў пацярпелы.

Вадзім Мазоль цалкам падтрымаў пазіцыю дзяржаўнага абвінавачання і прызначыў Людміле Карасоўскай пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 2 гады. Таксама Мазоль пастанавіў спагнаць з абвінавачанай на карысць пацярпелага Дзмітрыя Казарэнкі 300 рублёў за нанесеную маральную шкоду.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў