УСК распачаў тры крымінальныя справы ў дачыненні Міколы Дзядка


Мікола Дзядок.
Фота: racyja.com

Следчыя і ГУБАЗіК атрымалі доказы дачынення Мікалая Дзядка да здзяйснення шэрагу злачынстваў, сярод якіх і арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт.342 КК), паведамляе Упраўленне следчага камітэту.

Таксама СК нібыта мае доказы, што сведчаць аб здзяйсненні фігурантам дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі. Гэтую шкоду Мікалай Дзядок учыніў праз телеграм-канал «Мiкоlа», які ён адміністраваў некалькі гадоў. З гэтай нагоды распачалі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 361 КК.

Трэцяя справа супраць Дзядка заведзеная за незаконныя дзеянні з гаручымі рэчывамі (ч. 1 арт. 295-3 КК). Падчас затрымання Міколы ў лістападзе 2020 года сілавікі зладзілі ператрус жытла і знайшлі шкляныя бутэлькі з гаруча-змазачнымі матэрыяламі, якія, паводле экспертаў следства, якраз падпадаюць пад артыкул Крымінальнага кодэксу.

Мікола Дзядок застаецца за кратамі, і 24 лістапада праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў