У кнізе «Беларуская нацыянальная ідэя» знайшлі «прыкметы праяўлення экстрэмізму»


Менская абласная экспертная камісія для ацэнкі інфармацыйнай прадукцыі палічыла, што кніга Змітра Лукашука і Максіма Гарунова мае «прыкметы праяўлення экстрэмізму». Пра гэта паведамляе Еўрарадыё.

Адпаведную выснову камісія зрабіла 4 сакавіка. Цяпер на гэтай падставе суд можа прызнаць кнігу экстрэмісцкай і забараніць яе на тэрыторыі Беларусі. Дзень судовага паседжання яшчэ не вядомы.

Кніга «Беларуская нацыянальная ідэя» выйшла з друку ў 2020 годзе. Кніга складаецца з гутарак у праграме «Ідэя Х» на Еўрарадыё, якія Зміцер Лукашук і Максім Гаруноў вялі з вядомымі беларусам (прадстаўнікамі творчай эліты, філосафамі, палітыкамі, грамадскімі дзеячамі). Агулам у кнізе 85 інтэрв’ю. Лукашук і Гаруноў спрабавалі высветліць, якая ў беларусаў нацыянальная ідэя, і ці ёсць яна ўвогуле?

Нягледзячы на тое, што кнігі яшчэ няма ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў, за яе захоўванне ўжо пачалі пераследаваць. Паводле TUT.by, яшчэ ў лютым у кватэры 24-гадовага жыхара Ждановічаў міліцыя знайшла кнігу «Беларуская нацыянальная ідэя», якую ён набыў у «Акадэмкнізе». 31 сакавіка яго выклікалі ў міліцыю і выдалі позву ў суд за парушэнне артыкулу 19.11 КаАП («Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць»). У пратаколе адзначаецца, што хлопец «не пазней за 21 гадзіну 21 хвіліну 11 лютага 2021 года» «ажыццявіў захоўванне кнігі».

Нагадаем, 26 сакавіка суд Кастрычніцкага раёну Менску прызнаў экстрэмісцкай кнігу журналістаў «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша «Беларускі Данбас». Суд прыняў рашэнне на падставе высновы Менскай абласной экспертнай камісіі, аднак абгрунтавання высноваў камісіі ў суд пададзена не было. Суддзя Вольга Біруля адмовілася выклікаць у якасці сведкаў чальцоў камісіі, а таксама адмовілася далучаць да матэрыялаў справы саму кнігу. Суаўтар кнігі Ігар Ільяш лічыць рашэнне забараніць кнігу палітычна матываваным, незаконным і абсурдным.

Hавiны
Ігар Ільяш: Сцверджанне, што ў кнізе «Беларускі Данбас» ёсць «прыкметы экстрэмізму», – гэта поўнае трызненне
2021.03.26 19:11

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў