СК адмовіўся праводзіць праверку ў дачыненні прапагандыста Грыгорыя Азаронка


Фрунзенскі РАСК Менску даслаў адказ на зварот журналіста «Белсату» Ігара Ільяша, які лічыць, што ў дзеяннях прапагандыста Грыгорыя Азаронка існуе склад злачынства паводле арт. 203 КК («Парушэнне таямніцы ліставання»), а ў дзеяннях працаўнікоў сілавых структураў – прыкметы злачынства паводле арт. 407 («Разгалошванне звестак папярэдняга следства»).

Грыгорый Азаронак у судзе над Вольгай Калацкай.
Фота: АВ / Белсат

Нагадаем, 13 студзеня на тэлеканале СТВ выйшла праграма Грыгорыя Азаронка «Таемныя спружыны палітыкі», у якой ён абвінаваціў палітзняволеную, журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву ў тым, што 15 лістапада 2020 года яна праз стрым нібыта кіравала пратэстамі ў Менску. Азаронак заявіў, што журналістка ў жывым эфіры каардынавала «масавыя закалоты» (менавіта так дзяржаўная прапаганда кваліфікуе мірную акцыю пратэсту на плошчы Пераменаў) і асабістым прыкладам «натхняла мяцежнікаў». Прапагандыст назваў Кацярыну «чыстай крымінальніцай», «замежным агентам», з якімі падчас вайны «разбіраўся СМЕРШ». Сярод іншага ў сюжэце СТВ выкарыстоўваліся скрыншоты прыватнага ліставання Ігара Ільяша – мужа Кацярыны – з кіраўніком Нацыянальнага саюзу журналістаў Украіны Сяргеем Таміленкам.

Hавiны
«Шкада беднага хлопчыка». Кацярына Андрэева адказала Рыгору Азаронку
2021.01.19 11:28

15 студзеня Ігар Ільяш накіраваў у міліцыю і пракуратуру заяву з просьбай правесці праверку і распачаць крымінальную справу супраць Азаронка паводле арт. 203 КК («Парушэнне таямніцы ліставання»). Таксама ён патрабаваў высветліць, як Азаронак атрымаў скрыншоты асабістага ліставання. Ад міліцыі наагул не прыйшло ніякага адказу, а пракуратура Заводскога раёну Менску накіравала Ільяшу ліст, дзе паведамлялася, што ў распачынанні крымінальнай справы супраць Азаронка было адмоўлена, бо заява нібыта «заснаваная на здагадках».

Пасля гэтага Ігар Ільяш накіраваў аналагічную заяву ва Упраўленне Следчага камітэту па Менску. Дадаткова ён звярнуў увагу на тое, што падчас суда над Кацярынай Андрэевай высветлілася: у матэрыялах справы фігуруюць фрагменты той самай перапіскі з Таміленкам, атрыманай сілавікамі ў выніку даследавання арыштаванай тэхнікі. Паводле Ільяша, з гэтага вынікае, што скрыншоты ліставання трапілі да Азаронка ў выніку парушэння таямніцы папярэдняга следства (арт. 407 КК).

УСК перанакіраваў заяву Ільяша ў Фрунзенскі РАСК. А начальнік Фрунзенскага РАСК Дзяніс Шаман даслаў журналісту адказ, у якім адзначаецца, што «ў цяперашні час якіх-небудзь падставаў для правядзення праверкі па вашым звароце няма».

Каментуючы сітуацыю, Ігар Ільяш заявіў, што адказ РАСК пазбаўлены логікі.

«Мне паведамілі, што згодна з законам матэрыялы папярэдняга следства могуць быць агалошаныя толькі з дазволу следчага. Але пакуль падставаў для праверкі маёй заявы няма. Відавочна, што паміж двума гэтымі тэзісамі было прапушчанае нейкае тлумачэнне, якое надало б усяму адказу РАСК хоць нейкі сэнс. Ну, напрыклад: разгалошванне магчымае з дазволу следчага, і ён такі дазвол даў, таму… Але такога абгрунтавання ў адказе я не знайшоў. А сам факт публікацыі майго прыватнага ліставання ў праграме Азаронка РАСК проста ігнаруе, быццам бы я пра гэта ў сваім звароце зусім не пісаў», – канстатуе журналіст.

Hавiны
Ва ўліковай картцы напісана «змагарка». Кацярыну Андрэеву паставілі на ўлік як асобу, схільную да экстрэмізму
2021.03.26 22:55

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў