Генпракуратура накіравала ў суд крымінальную справу аб арганізацыі студэнцкіх пратэстаў у Менску


На акцыю салідарнасці 30 кастрычніка выйшлі студэнты Акадэміі мастацтваў.
Фота: ТК / Belsat

Крымінальная справа вядзецца ў дачыненні 12 асобаў, якіх падазраюць у арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і звязаных з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, паведамляе Генеральная пракуратура.

Сярод абвінавачаных – Ф., былая асістэнтка кафедры аднаго з ВНУ, і маладыя людзі, 1996–2001 гадоў нараджэння, у тым ліку студэнты сталічных універсітэтаў.

Паводле версіі следства, у шэрагу выпадкаў Ф. каардынавала дзеянні ўдзельнікаў пратэстаў, іхнае перамяшчэнне і мінімізацыю затрыманняў, інфармавала пра месцазнаходжанне супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Заяўленая пры гэтым мэта – «сабраць больш людзей і ісці зрываць заняткі».

Следства мяркуе, што быў распрацаваны злачынны механізм, які прадугледжваў прыцягненне студэнтаў адных навучальных установаў да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах у іншых установах адукацыі.

СК вызначыў, што мэтаю такіх дзеянняў было распаўсюдзіць ілжывую інфармацыю аб колькасці пратэстоўцаў, спрыяць дасягненню відавочнага для абвінавачаных супрацьпраўнага выніку: непадпарадкавання законным патрабаванням адміністрацыі ВНУ, у якой ладзіліся акцыі пратэсту.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў