У Мядзеле за балонікі звольнілі настаўніцу пасля 32 гадоў працы і хочуць прызнаць сям’ю небяспечнай

25 сакавіка Таццяна Бабёр адзіная выйшла ў цэнтр Мядзелу, каб адзначыць Дзень Волі. Яна не выкрыквала лозунгаў, не несла нацыянальнай атрыбутыкі і сцягоў. Жанчыну затрымалі за белыя і чырвоныя балонікі, якія яна падарыла дачцэ. Мясцовую жыхарку прызналі вінаватай у несанкцыянаваным шэсці, аштрафавалі на 30 базавых і звольнілі са школы, у якой тая адпрацавала большую частку жыцця. Цяпер сям’ю Таццяны хочуць прызнаць сацыяльна небяспечнай.

Таццяна Бабёр 32 гады адпрацавала ў мядзельскай школе № 1 імя Уладзіміра Дубоўкі, якую сама калісьці скончыла. 50-гадовая жанчына была настаўніцай малодшых класаў, а пазней перакваліфікавалася на дэфектолага. Вымоваў і заўвагаў да Таццянінай працы з боку кіраўніцтва не было. Спецыялісты ў лагапедыі, прызнаецца яна, усё больш запатрабаваныя, бо колькасць дзяцей з дэфектамі маўлення павялічваецца. У яе была вялікая нагрузка, у роднай школе жанчына працавала на паўтары стаўкі.

Затрыманне Таццяны Бабёр у Мядзеле на Дзень Волі.
Фота: Белсат

Дзень Волі

25 сакавіка яна вырашыла выйсці ў горад з дачкою, каб сімвалічна адзначыць Дзень Волі. Таццяна кажа, што ў Мядзелі няма моцных актывістаў, ніхто не збіраўся выходзіць і нікога нікуды не заклікаў, таму яна сама захацела прагуляцца з дачкой. Жанчына была звычайна апранутая, адзінае, што прыцягнула ўвагу міліцыянтаў, – геліевыя балонікі белага і чырвонага колеру. Іх Таццяна абяцала падарыць дачцэ напярэдадні.

«Некалькімі словамі я патлумачыла дачцэ, што гэта за свята. Можа яна, нічога і не зразумела, бо ёй толькі 6 гадоў, а я размаўляла ў той дзень па-беларуску. Але дзіця ўсцешылася, бо яна любіць геліевыя шары. А колеры белы і чырвоны мне блізкія. Прадавец шароў узрушыўся. Пасля яго мы ішлі дадому, я ўжо бачыла, што за намі сочаць з аўтамабіля, здымаюць на відэа. Дачка папрасіла марозіва, і мы зайшлі ў прадуктовую краму. Там на выхадзе нас і спынілі».

Таццяна Бабёр.
Фота: Белсат

Таццяна прызнаецца, што баялася купляць шары, бо бачыць, якое беззаконне адбываецца ў краіне. Аднак яна вырашыла выйсці, каб выявіць сваю пазіцыю, паказаць, што нічога не парушае. Супрацоўнікі міліцыі пра балонікі нічога не спыталі. Падставаю для праверкі дакументаў стала нібыта знікненне дзяўчынкі, падобнай на дачку Таццяны.

«Міліцыянты былі не мясцовыя. Сказалі, што згубілася дзіцё. Маўляў, дзяўчынка, якая з вамі, падобная да яе. Дачка мая ўражлівая і пачала нервавацца. Я паказала пашпарт, што гэта мая дачка. Міма праходзілі знаёмыя, у нас жа вялікая вёска, усе ўсіх ведаюць. Я папрасіла пацвердзіць, што дачка мая. Прасіла не забіраць дзіця ў міліцыю, а аддаць бабулі, якая жыве побач. Міліцыянтка, што затрымлівала, сказала: паступіў званок, і трэба прыйсці з дзіцём».

У аддзяленне міліцыі ў Таццяны забралі рэчы і арыштавалі тэлефон. На якой падставе, яна дагэтуль не ведае. Дачку забраў муж, а Таццяну пачалі апытваць, чаму яна выйшла з балонікамі ў горад. У РАУС яе пратрымалі тры гадзіны і склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і ўцягненні няпоўнагадовага ва ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Позву на суд выпісалі на 26 сакавіка, але 26-га паседжанне не адбылося.

Звальненне за «прагул»

Таццяна кажа, што ў міліцыі яе падманулі, бо 26 сакавіка яна прыйшла, як і было напісана ў пазове, а 10-й раніцы. Міліцыянт Аляксандр Клімята сказаў, што суддзя заняты, і загадаў ісці і чакаць дома.

«Сказаў, што паведаміць, калі суддзя вызваліцца, запісаў хатні нумар. Пад абед я пазваніла і спытала, ці будзе суд. Ён адказаў: маўляў, забыў сказаць, што суд перанеслі на панядзелак. А я не пайшла на працу! Ён паабяцаў перапісаць позвы, але ў выніку ў старой напісалі, што я была ў іх усяго дзесяць хвілінаў. Тое, што чакала дома, мае праблемы. Усё гэта я напісала ў кнігу скаргаў, але хто там гэта прачытае».

Аб’ектыў
Cудовы канвеер не спыняецца: атрымаць тэрмін можна нават за абарону сваёй маці
2021.03.17 22:17

Пазней Таццяна Бабёр занесла паперы ў школу. Дырэктарка сказала напісаць тлумачальную, але і так вырашыла звольніць за прагул, хоць за ўвесь час працы ў школе ў Таццяны ніколі не было папярэджанняў і вымоваў.

«Дырэктарка была расхваляваная, але вырашыла звольніць паводле артыкулу, бо гэта не паважная прычына. Можна было зняць прэмію, даць вымову, я больш часу ў школе праводзіла, чым дома. Мяне не мелі права звальняць, бо ў мяне няпоўнагадовае дзіця. Я не стала сварыцца. Калі муж раніцай завёў дачку ў школу, яму сказалі, каб я шукала працу. Усё было спланавана».

Суд

29 сакавіка адбыўся суд, на якім Таццяну Бабёр прызналі вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і прысудзілі 30 базавых (870 рублёў). Тэлефон арыштаваны да выплаты штрафу. Таццяна кажа, што ейны штраф склаў адзін заробак.

«Мне было што губляць. Я працую на паўтары стаўкі, таму нагрузка была вялікая. Я ўжо спрабавала ўладкавацца на працу, але мне добрыя людзі адразу сказалі, што ў дзяржаўную ўстанову можаш нават не спрабаваць, бо гэта марнаванне часу. Месяц пратрымаюся, а пасля пайду на біржу, хай прапаноўваюць працу. У нас шмат крэдытаў. Муж кіроўца, зарабляе рублёў 500–600».

Акрамя штрафу і звальнення, Таццяну чакае яшчэ адно выпрабаванне. Цяпер адмысловая камісія правярае, у якіх умовах жыве ейная дачка. Пасля сацыяльнага расследавання сям’ю могуць паставіць на ўлік як сацыяльна небяспечную. Таксама жанчыну чакае другі суд за ўцягненне няпоўнагадовага ва ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

У Мядзеле за балонікі звольнілі настаўніцу Таццяну Бабёр пасля 32 гадоў працы і хочуць прызнаць сям’ю небяспечнай. Пратакол, які склалі на Таццяну Бабёр у міліцыі. Фота: суразмоўцы
Таццяна Бабёр, настаўніца, звальненне, 32 гады, Мядзель, Мядзел, балонікі, бчб, бчб-балонікі, лагапед

У Таццяны Бабёр акрамя маленькай дачкі двое дарослых сыноў і 82-гадовая маці. Больш за ўсё яна перажывае, што будуць ціснуць на ейных родных, але сама яна пра свой учынак не шкадуе.

«Я прыняла ўсё, як ёсць. Трэба гэта перажыць, пераасэнсаваць, я па натуры ваяўнік. Усе ў школе гэта ведалі. Да выбараў я не мела дачынення, яны ведаюць, што такіх, як я, нельга далучаць. Ёсць калегі, якія не маўчаць, але асноўная частка маўчыць. Яны жывуць у балоце, пад прэсінгам, баяцца. Адзінае – шкада, што я аддала камусьці з іх свой заробак.

Людзі таму і не выходзяць, бо большасць разумее, што скончыцца ўсё так, як у мяне. Навошта аддаваць такія вялікія грошы незразумела каму. Але я не прыгнечаная, у мяне свабода. Я думаю пра людзей, якія сядзяць, пакутуюць, а ў мяне – дробязь. Мая мама прайшла маленькай дзяўчынкай вайну. Тое, што яна перажыла ў дзяцінстве, перажывае цяпер».

Да затрымання Таццяны Бабёр за балонікі негатыўна адрэагавалі нават «ябацькі» ў адным з прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў.

У Мядзеле за балонікі звольнілі настаўніцу пасля 32 гадоў працы і хочуць прызнаць сям’ю небяспечнай. Скрыншот: ???
Таццяна Бабёр, настаўніца, звальненне, 32 гады, Мядзель, Мядзел, балонікі, бчб, бчб-балонікі, лагапед
У Мядзеле за балонікі звольнілі настаўніцу пасля 32 гадоў працы і хочуць прызнаць сям’ю небяспечнай. Скрыншот: ???
Таццяна Бабёр, настаўніца, звальненне, 32 гады, Мядзель, Мядзел, балонікі, бчб, бчб-балонікі, лагапед
У Мядзеле за балонікі звольнілі настаўніцу пасля 32 гадоў працы і хочуць прызнаць сям’ю небяспечнай. Скрыншот: ???
Таццяна Бабёр, настаўніца, звальненне, 32 гады, Мядзель, Мядзел, балонікі, бчб, бчб-балонікі, лагапед
У Мядзеле за балонікі звольнілі настаўніцу пасля 32 гадоў працы і хочуць прызнаць сям’ю небяспечнай. Скрыншот: ???
Таццяна Бабёр, настаўніца, звальненне, 32 гады, Мядзель, Мядзел, балонікі, бчб, бчб-балонікі, лагапед
У Мядзеле за балонікі звольнілі настаўніцу пасля 32 гадоў працы і хочуць прызнаць сям’ю небяспечнай. Скрыншот: ???
Таццяна Бабёр, настаўніца, звальненне, 32 гады, Мядзель, Мядзел, балонікі, бчб, бчб-балонікі, лагапед

ДР belsat.eu

Стужка навінаў