235-ты дзень пратэстаў. ЗША вяртаюць санкцыі, новыя палітычныя выракі і вызваленне Зінгмана


Belsat.eu падводзіць вынікі 31 сакавіка – 235-га дня супрацьстаяння грамадства і ўладаў.

Пратэсты

31 сакавіка ў Менску і іншых гарадах Беларусі адбываліся акцыі салідарнасці і дваравыя маршы.

На вечаровыя акцыі выходзілі жыхары Лошыцы, Бараўлянаў, Паўднёвага ўсходу ды іншых раёнаў.

Сімвалічныя акцыі праходзілі і ў рэгіёнах.

Санкцыі ЗША

ЗША вяртаюць прыпыненыя з 2015 года эканамічныя санкцыі ў дачыненні беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў. З 26 красавіка будуць адноўлены санкцыі супраць дзевяці беларускіх прадпрыемстваў: канцэрн «Белнафтахім», «Белшына», «Горадня Азот», «Горадня Хімвалакно», А«Лакафарба», «Нафтан», «Полацк-Шкловалакно», «Беларускі нафтавы гандлёвы дом» і «Белнафтахім ЗША». Прадпрыемствам і грамадзянам ЗША будзе забаронена ўступаць у эканамічныя і фінансавыя адносіны з гэтымі прадпрыемствам, а ўся іх маёмасць і рахункі, якія знаходзяцца на тэрыторыі ЗША, будуць замарожаны.

У кастрычніку 2015 году Мінфін ЗША прыпыніў санкцыі ў дачыненні гэтых прадпрыемстваў у сувязі з «пэўным прагрэсам у сферы дэмакратыі і правоў чалавека». Аднак цяпер Дзяржаўны дэпартамент вяртае гэтыя абмежаванні праз істотнае пагаршэнне сітуацыі ў краіне.

«Сітуацыя з правамі чалавека зʼяўляецца найгоршай за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі», – заявіў кіраўнік прэс-службы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Нэд Прайс.

Падрыхтоўка новай атакі на незалежныя СМІ

Генадзь Давыдзька на адкрыцці кінафестывалю «Лістапад» 2019. Фота «Белсат»

Старшыня грамадскага абʼяднання «Белая Русь» Генадзь Давыдзька заявіў, што ў Беларусі рыхтуюцца папраўкі ў закон аб СМІ, згодна з якімі журналістаў, якія асвятляюць несанкцыянаваныя акцыі, плануюць прыраўняць да ўдзельнікаў гэтых акцый.

«Калі мерапрыемства не дазволена па законе, то любы журналіст, які знаходзіцца там, ужо не журналіст, а проста грамадзянін, які ўдзельнічае ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Я лічу гэта правільна», – сказаў Давыдзька.

Адзначым, што дэ-факта такая практыка ўжо існуе ў Беларусі. Пачынаючы са жніўня-верасня 2020 года сілавікі масава фабрыкуюць пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на незалежных журналістаў, якія асвятляюць акцыі пратэсту. У выпадку нашых каляжанак Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай, якія 15 лістапада вялі стрым з плошчы Пераменаў, сілавікі сфабрыкавалі крымінальнае абвінавачванне ў арганізацыі пратэстаў, журналісткі былі пакараныя 2 гадамі пазбаўлення волі.

Чацвёрты дзень суда над журналісткамі Белсату. Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд. Ім прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 году.
Фота: АВ / Белсат

Таксама ў распараджэнні рэдакцыі TUT.BY апынуўся праект паправак у заканадаўства аб СМІ. У дакуменце прапануецца блакаваць інтэрнэт-рэсурсы за інфармацыю, накіраваную «на прапаганду экстрэмісцкай дзейнасці» і матэрыялы, якія могуць «прывесці да ўзнікнення пагроз нацыянальнай бяспекі». Таксама ў СМІ і на інтэрнэт-рэсурсах прапануецца забараніць публікацыю вынікаў апытанняў грамадскай думкі, якія адносяцца да грамадзка-палітычнай сітуацыі ў краіне, рэспубліканскіх рэферэндумаў, выбараў прэзідэнта, дэпутатаў, калі яны праводзіліся без адпаведнай акрэдытацыі.

Hавiны
Адваката Зікрацкага выключылі з калегіі
2021.03.31 14:13

Новыя прысуды па палітычных справах

Суддзя Маскоўскага раённага суда Максім Кацэр пакараў рамесніцу Алену Зборшчыкаву 2 гадамі «хатняй хіміі» паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). З матэрыялаў справы вынікае, што 26 кастрычніка Зборшчыкава размясціла ў «Фэйсбуку» каментар наступнага зместу: «Дробны ІД, трыбунал не за гарамі». Жанчына на судзе патлумачыла, што 27 кастрычніка зайшла ў сацсетку, убачыла фота амапаўца з каментаром накшталт таго, што ён будзе рады забіваць людзей. Пасля чаго на эмоцыях пад нейкім пастом пакінула гэты допіс. Алена Зборшчыкава, маці дваіх няпоўнагадовых дзяцей, цяпер абавязаная выплаціць амапаўцу кампенсацыю 1000 рублёў.

Паводле аналагічнага артыкулу ў судзе Фрунзенскага раёну Менску асудзілі Рамана Дворкіна – мужчына нібыта абразіў падпалкоўніка міліцыі Дзмітрыя Кротава.

Раман Дворкін пасля суда.
Фота: spring96.org

Згодна з абвінавачаннем, падсудны размясціў у Тэлеграм-канале каментар, якога прадстаўніца пракуратуры Валерыя Таратынка на судзе нават не агучыла. Каментар, на думку боку абвінавачання, утрымліваў негатыўную ацэнку Кротава, меў ненарматыўную форму маўленчага выказвання, прыніжаў гонар і годнасць сілавіка. Дворкін суду растлумачыў, што прачытаў паведамленне аб тым, што Кротаў штурхнуў цяжарную жанчыну, таму пад уплывам эмоцыяў пакінуў каментар пад постам. Суддзя Ала Скуратовіч пакарала Рамана Дворкіна 2 гадамі «хатняй хіміі». Таксама ён абавязаны выплаціць палкоўніку Кротаву кампенсацыю маральнай шкоды памерам 2000 рублёў.

У Пружанскім раёне суддзя Вадзім Мазоль прызнаў Людмілу Карасоўскую вінаватай у абразе міліцыянта Дзмітрыя Казарэнкі. Паводле дзяржаўнай абвінаваўцы, Людміла Карасоўская размясціла ў тэлеграм-канале «Пружаны / Пружана» каментар пад фота сілавіка – слова «скот». Суддзя прызначыў Карасоўскай пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 2 гады. Таксама Мазоль пастанавіў спагнаць з абвінавачанай на карысць пацярпелага Дзмітрыя Казарэнкі 300 рублёў за нанесеную маральную шкоду.

Hавiны
Генпракуратура накіравала ў суд крымінальную справу аб арганізацыі студэнцкіх пратэстаў у Менску
2021.03.31 11:49

Суд Маладзечанскага раёну вынес прысуд у справе шасці маладзечанцаў, якія 21 лістапада на некалькі хвілінаў перакрылі дарогу ў горадзе на знак пратэсту. Суддзя Вікторыя Паляшчук прызнала ўсіх вінаватымі паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»).

Дзмітрыю Карабейніку, Рыгору Саладоўнікаву, Сяргею Сідаровічу і Эліне Карыцьцы прысудзілі 1,5 года «хіміі». Ганне Задорскай і Ігару Сідаровічу – штрафы.

Агулам сёння ў Беларусі прызнаныя палітвязнямі 235 чалавек. 31 сакавіка беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі затрыманых чальцоў Саюзу палякаў Беларусі – Анджэліку Борыс, Анджэя Пачобута, Марыю Цішкоўскую, Ірэну Бярнацкую і Ганну Панішаву.

Hавiны
Прадстаўнікам Саюзу палякаў у Беларусі выставяць абвінавачанні
2021.03.31 16:27

Хваля «экстрэмісцкіх» абвінавачванняў

Кніга «Беларуская нацыянальная ідэя».
Фота: symbal.by

Менская абласная экспертная камісія для ацэнкі інфармацыйнай прадукцыі палічыла, што кніга Змітра Лукашука і Максіма Гарунова мае «прыкметы праяўлення экстрэмізму». Адпаведную выснову камісія зрабіла 4 сакавіка. Цяпер на гэтай падставе суд можа прызнаць кнігу экстрэмісцкай і забараніць яе на тэрыторыі Беларусі. Дзень судовага паседжання яшчэ не вядомы.

Кніга «Беларуская нацыянальная ідэя» выйшла з друку ў 2020 годзе. Кніга складаецца з гутарак у праграме «Ідэя Х» на Еўрарадыё, якія Зміцер Лукашук і Максім Гаруноў вялі з вядомымі беларусам (прадстаўнікамі творчай эліты, філосафамі, палітыкамі, грамадскімі дзеячамі). Агулам у кнізе 85 інтэрв’ю. Лукашук і Гаруноў спрабавалі высветліць, якая ў беларусаў нацыянальная ідэя, і ці ёсць яна ўвогуле?

Нягледзячы на тое, што кнігі яшчэ няма ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў, за яе захоўванне ўжо пачалі пераследаваць. Паводле TUT.by, яшчэ ў лютым у кватэры 24-гадовага жыхара Ждановічаў міліцыя знайшла кнігу «Беларуская нацыянальная ідэя», якую ён набыў у «Акадэмкнізе». 31 сакавіка яго выклікалі ў міліцыю і выдалі позву ў суд за парушэнне артыкулу 19.11 КаАП («Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць»). У пратаколе адзначаецца, што хлопец «не пазней за 21 гадзіну 21 хвіліну 11 лютага 2021 года» «ажыццявіў захоўванне кнігі».

Cуд па прызнанню кніжкі «Беларускі Данбас»экстрэмісцкай.
Фота: Белсат

Нагадаем, 26 сакавіка суд Кастрычніцкага раёну Менску прызнаў экстрэмісцкай кнігу журналістаў «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша «Беларускі Данбас». Сёння стала вядома, што за перавозку двух асобнікаў кнігі «Беларускі Данбас» 7 красавіка будуць судзіць журналіста «Настоящего времени» Рамана Васюковіча. На яго быў складзены пратакол паводле ч. 1 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджванне або перавоз інфармацыйнай прадукцыі, што змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці»). Журналісту пагражае штраф да 20 базавых велічыняў.

На мінулым тыдні суаўтарку кнігі «Беларускі Данбас» Кацярыну Андрэеву ў жодзінскай турме паставілі на прафілактычны ўлік як асобу, «схільную да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў». Сёння стала вядома, што на прафілактычны ўлік таксама паставілі журналіста Андрэя Аляксандрава і ягоную сяброўку Ірыну Злобіну. Аляксандрава і Злобіну затрымалі 12 студзеня, іх абвінавацілі ў тым, што яны аплочвалі штрафы за тых, хто пацярпеў за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

Hавiны
УСК распачаў тры крымінальныя справы ў дачыненні Міколы Дзядка
2021.03.31 10:58

Вызваленне Зінгмана

Шэйман і Зінгман у Харарэ, верасень 2018 года. Фота – @ZBCNewsonline

Набліжаны да Віктара Шэймана бізнесовец Аляксандр Зінгман быў вызвалены з кангалезскай турмы. Абвінавачванне яму не было выстаўлена.

«У цяперашні час Зінгман знаходзіцца на волі, абвінавачання яму не выстаўлена», – паведаміў TUT.by прадстаўнік МЗС Беларусі Анатоль Глаз.

Паводле «Нашай Нівы», бізнесовец ужо знаходзіцца ў Зімбабвэ. Нагадаем, Зінгман з’яўляецца ганаровым консулам гэтай краіны.

Аляксандр Зінгман быў затрыманы 19 сакавіка ў аэрапорце Лубумбашы (ДР Конга) разам з гендырэктарам падкантрольнай яму кампаніі AFTRADE DMCC Алегам Водчыцам і італьянскім прадпрымальнікам Паола Персіка. «Daily Maverick» паведаміла са спасылкай на крыніцы блізкія да ўладаў ДРК, што арышт Зінгмана звязаны з намерам бізнесоўца прадаць зброю былому прэзідэнту Жазэфу Кабілю.

Паводле СМІ, урады Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў (менавіта ў гэтай краіне зарэгістраваная кампанія AFTRADE) і Зімбабвэ адразу пасля затрымання пачалі ціснуць на ДРК з мэтай дабіцца вызвалення Зінгмана. У МЗС Беларусі заяўлялі, што займаюцца сітуацыяй у межах «аказання консульскага садзейнічання беларускім грамадзянам».

У менскім прадстаўніцтве AFTRADE DMCC абвяргалі інфармацыю аб датычнасці Зінгмана да гандлю зброяй і падкрэслівалі, што дзелавая паездка ў ДРК была звязаная выключна з пастаўкамі сельскагаспадарчай тэхнікі. Аднак газета адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі «СБ-Беларусь сегодня» прызнавала, што ў ДР Конга Зінгман у тым ліку прадстаўляў інтарэсы МЗКЦ – прадпрыемства беларускага ВПК.

Сёння «Белсат» апублікаваў расследаванне, дзе падрабязна прааналізаваў справу Зінгмана і паспрабаваў разабрацца, ці меў бізнесовец дачыненне да гандлю вайсковай прадукцыяй.

Hавiны
Дыяменты, прадукцыя ВПК і пагроза перавароту. Што трэба ведаць пра арышт Зінгмана ў Конга
2021.03.31 09:00

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў