Швейцарыя прызнае Лукашэнку? Што значаць чуткі пра ўручэнне даверчых лістоў


Бернская газета «Der Bund» паведаміла, што Швейцарыя плануе накіраваць у Менск свайго амбасадара, які ўручыць даверчыя лісты Лукашэнку. Газета заяўляе, што швейцарскае Міністэрства замежных справаў гэта пацвердзіла. Што гэта значыць, «Белсат» спытаў у былога кіраўніка беларускай амбасады ў Швейцарыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Адкрыццё амбасады Швейцарыі ў Менску. Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей і тагачасны міністр замежных справаў (а цяпер прэзідэнт) Швейцарыі Ігнац’ё Кассіс. 13 лютага 2020 года.
Фота: Валерый Картуль / 1prof.by

Павел Мацукевіч займаў пасаду часовага паверанага ў справах Беларусі ў Швейцарыі з вясны 2016 года да лета 2020 года. Праз тыдзень пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ён выказаўся супраць дзейнай улады ў Беларусі: «Лукашэнка павінен сысці». Цяпер ён – старэйшы даследчык «Цэнтру новых ідэяў». Пагутарылі з ім пра чуткі аб даверчых лістах

Што наогул значаць у дыпламатыі даверчыя лісты

Калі даверчыя лісты ўручаюць кіраўніку дзяржавы, гэта азначае адназначнае прызнанне гэтага чалавека кіраўніком дзяржавы, і гэта акт узаемнага прызнання, кажа Мацукевіч. Прызначэнне амбасадара – рашэнне не аднаго толькі Міністэрства замежных справаў: кандыдатура праходзіць узгадненне праз усе магчымыя ведамствы і зацвярджаецца на вышэйшым узроўні, канчатковае рашэнне прымае менавіта кіраўнік дзяржавы. І даверчыя лісты падпісвае адзін кіраўнік дзяржавы на адрас другога кіраўніка дзяржавы.

Павел Мацукевіч.
Фота: Павел Мацукевич / Facebook

«Іншая справа, што Швейцарыя – асаблівы выпадак, – дадае дыпламат. – Гэта нейтральная дзяржава, якая ў шмат якіх канфліктах прадстаўляе інтарэсы не толькі свайго боку.

Як у выпадку з Грузіяй: ёсць амбасада ў Грузіі, і яна адначасова прадстаўляе інтарэсы Расеі ў Грузіі і Грузіі ў Расеі. Аналагічная сітуацыя ў Венесуэле: паколькі Венесуэла ў разгар крызісу перарвала дыпламатычныя стасункі са Злучанымі Штатамі, паводле дамовы з амерыканцамі, менавіта швейцарцы прадстаўлялі інтарэсы ЗША ў Венесуэле, і наадварот».

Любая дзяржава мае права вырашаць, накіроўвае амбасадара ці не, адзначае Мацукевіч. На ягоную думку, рашэнне Швейцарыі прызначыць амбасадара ў Беларусь было прынятае яшчэ да выбараў 2020 года, але наступныя падзеі перашкаджалі давесці працэдуру да канца.

Пры тым Мацукевіч заклікае не пераацэньваць уручэння (ці неўручэння) даверчых лістоў: гэта ўсё ж больш сімвалічнае дзеянне, якое не развяжа беларускага крызісу і не зменіць рэальнай пазіцыі Аляксандра Лукашэнкі на міжнароднай арэне: «Усе разумеюць, чаму гэта адбывалася».

Hавiны
Амбасадар Ігар Кізім: Беларусь усё больш раствараецца ў наратывах і замыслах Крамля, накіраваных супраць Украіны
2022.01.30 19:09

Якія стасункі між Беларуссю і Швейцарыяй цяпер, пасля выбараў і да даверчых лістоў

Мацукевіч задумваецца, якія словы падабраць. Стасункі «пастаўленыя на паўзу»: не праводзяцца кансультацыі між міністэрствамі замежных справаў, якія да выбараў-2020 ладзіліся штогод на ўзроўні намеснікаў міністраў, не праводзяцца паседжанні міжурадавай камісіі ў гандлёва-эканамічных пытаннях…

Але ёсць важны нюанс: у беларускай турме сядзіць палітычная зняволеная Наталля Хершэ, якая мае грамадзянства Беларусі і Швейцарыі. Улады Беларусі тройчы прапаноўвалі ёй прызнаць віну і напісаць прашэнне аб памілаванні – яна адмаўлялася, а праз нечалавечыя ўмовы зняволення яна трэці раз трымае галадоўку.

Наталля Хершэ. Суд Савецкага раёну разглядае крымінальную справу паводле арт. 363.2 у дачыненні жанчыны, Менск, Беларусь. 3 снежня 2020 года.
Фота: Белсат

«Гэта важны фактар, які вызначае інтарэс Швейцарыі да Беларусі на сённяшні дзень, – мяркуе Мацукевіч. – Я думаю, што Швейцарыя пасля жніўня 2020 года наогул не мела б з Беларуссю нічога агульнага, калі б не гэты эпізод. Гэта Беларусь больш зацікаўленая ў развіцці супрацы са Швейцарыяй, чым Швейцарыя з Беларуссю, гэта трэба выразна разумець».

У канцы 2020 года і ў 2021-м міністр замежных справаў Швейцарыі неаднаразова стэлефаноўваўся з Уладзімірам Макеем, нават прымаў яго з візітам у Берне. Паводле Мацукевіча, цэнтральнай тэмай гэтых размоваў было менавіта пытанне вызвалення Хершэ.

Але «наменклатурнай вагі Уладзіміра Макея не хапае, каб вырашыць гэтае пытанне, бо ў нас адзін чалавек у краіне вырашае, каго пасадзіць і каго вызваліць», – разважае дыпламат, хай Макей і наўрад ці прыхільнік знаходжання палітвязняў у турмах.

Артыкулы
Палітзняволеная грамадзянка Швейцарыі Наталля Хершэ зноў галадае ў магілёўскай турме
2022.01.31 11:45

Ці мог швейцарскі бізнес націснуць на ўлады, каб тыя вялі справы з Лукашэнкам?

З аднаго боку, кажа Мацукевіч , увесь бізнес, ці то швейцарскі, нямецкі ці нейкі іншы, быў бы за тое, каб стасункі з Беларуссю адкаціліся б да стану, які быў да жніўня 2020 года. Бізнес тут не варта змешваць з палітыкай, сярод бізнесоўцаў наўрад ці шмат прыхільнікаў санкцыйнай палітыкі. Калі з Беларусі выдаліць бізнес адной краіны, яго месца зойме бізнес з іншай краіны – з Расеі, Кітаю ці Турэччыны.

«Але я не думаю, што калі такое рашэнне прынятае, каб акрэдытаваць амбасадара, швейцарскі бізнес уплываў на гэтае рашэнне, – лічыць дыпламат. – Як я казаў, у канцы 2020 года і цягам 2021-га міністр замежных справаў Швейцарыі неаднаразова кантактаваў з Макеем. У гэтым годзе прэзідэнтам Швейцарыі якраз ёсць той самы міністр замежных справаў Ігнац’ё Кассіс».

Hавiны
«Stadler»: Перанос заводу з Беларусі не плануецца
2021.06.08 12:09

Швейцарыя не адзіная, хто спрабуе вызваліць сваіх грамадзянаў з беларускіх турмаў

«Я думаю, што швейцарцам да апошняга не хацелася ісці на кантакт з Аляксандрам Лукашэнкам, каб развязаць дадзенае пытанне, – працягвае дыпламат. – Але досвед іншых краінаў паказвае, што менавіта кантакт з Лукашэнкам можа вырашыць гэтае пытанне станоўча».

Мацукевіч нагадвае: пасля тэлефанавання Лукашэнку дзяржаўнага сакратара ЗША на волю выйшаў паліттэхнолаг Віталь Шкляраў, пасля тэлефанавання Лукашэнку прэзідэнта Ізраілю вызвалілі ізраільскую адвакатку Маю Райтэн-Столь (а амбасадар Ізраілю ўручыў Лукашэнку даверчыя лісты яшчэ ў лістападзе 2020 года), пасля сустрэчы новапрызначанага апостальскага нунцыя (амбасадара) Ватыкану з Лукашэнкам у Беларусь дазволілі вярнуцца мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Апостальскі нунцый Ватыкану Антэ Ёзыч уручае даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку. 3 лістапада 2020 года. Менск, Беларусь.
Фота: president.gov.by

Рашэнне прызначыць амбасадара ў Беларусь у любым выпадку выкліча хвалю крытыкі з боку швейцарскіх медыяў, мо і грамадскіх арганізацыяў, дадае дыпламат. Але ён сам такое рашэнне вітае:

«Калі дзякуючы гэтаму рашэнню на волю выйдзе хоць адзін чалавек, яно было прынятае не дарэмна», – заяўляе Мацукевіч.

Ён кажа, што сам быў прыхільнікам дыпламатычнага байкоту лукашэнкаўскіх уладаў, лічыў вартым прынамсі не прызначаць новых амбасадараў, працягваць кантракты ўжо дзейным або паніжаць іх да часовых павераных. Але поўнага байкоту не адбылося: акрамя Ізраілю і Ватыкану даверчыя лісты ўручылі Лукашэнку яшчэ і Японія, і Паўднёвая Карэя…

Але дзяржавы вырашылі свае канкрэтныя задачы, вызвалілі сваіх грамадзянаў з беларускіх турмаў ці дапамаглі ім:

«Я не бачу вялікага сэнсу весці пэўную палітычную лінію і ўпарціцца ў ёй, калі яна не дае ніякага выніку, – разважае Мацукевіч. – А калі прызначэнне швейцарскага пасла і ўручэнне даверчых лістоў вырашыць пытанне вызвалення Наталлі Хершэ, то я думаю, што гэты крок можна толькі вітаць.

І зноў жа, нам патрэбныя амбасадары заходніх краінаў у Менску – замежныя сведкі ўсяго таго, што адбываецца ў Беларусі, каб у еўрапейскіх сталіцах выразна разумелі, што ж адбываецца ў нашай краіне».

ВІДЭА
Ці ёсць у Лукашэнкі шанцы вярнуцца да дыялогу з Захадам?
2022.01.03 14:44

АА belsat.eu

Стужка навінаў