Вядомая гімнастка пра забарону БЧБ-сцяга: «Давайце забаронім памідоры!»


Чырвоны колер на фоне снегу.
Фота: фэйсбук Меляціны Станюты

Шматразовая прызёрка чэмпіянатаў Еўропы па гімнастыцы Меліціна Станюта ў сваім Facebook дасціпна пракаментавала ініцыятыву Генеральнай пракуратуры па вызнанні бел-чырвона-белага сцягу экстрэмісцкім.

«Са сцягам усё зразумела… А вось, напрыклад, з такім выбарам колеру ў снежнае надвор’е? Учора адна падпісантка даслала відэа, дзе яна ў чырвоным уборы на фоне белага снегу. Сказала, у мяне падгледзела. А што, калі зладзіць фотафлэш-моб – выкладваць у сеціва сябе ці сяброў альбо сабак у чырвоным пасярод снегу?

Можа, тады яны возьмуць і забароняць «Інстаграм»? Ці насіць чырвоны ў снежнае надворʼе? Альбо загадаюць не прадаваць чырвоную памаду бледным дзяўчатам? А можа, будзе забаронена класці памідоры ў белыя харчовыя кошыкі? Не, давайце проста забаронім памідоры! А капрэзе, страву, дзе памідоры і мацарэла, наогул прыбраць з меню ўсіх рэстаранаў!

Вось мне нават цікава. А наогул, я тут накідала геніяльных экстрэмісцкіх забаронаў. Не, прэміі за гэта не трэба, дзякую», – напісала Станюта.

У пятніцу, 29 студзеня, стала вядома, што ў Генпракуратуру звярнуліся «неабыякавыя грамадзяне», якія просяць вызнаць бел-чырвона-белы сцяг экстрэмісцкім. Установа ўжо пачала рыхтаваць адпаведны пакет законаў.

У адказ на гэта Каардынацыйная рада стварыла адваротную петыцыю. Яшчэ не прайшло і двух содняў, а яна ўжо налічвае больш як 50 тысяч подпісаў, у той час як «неабыякавых грамадзянаў» усяго сотня.

Hавiны
Ужо 50 тысяч чалавек падпісаліся супраць прызнання бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім
2021.01.31 12:17

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў