У Расеі на мітынгах за вызваленне Навальнага затрымалі больш за 4,5 тысячы чалавек. Гэта новы рэкорд


На акцыях пратэсту 31 студзеня па ўсёй Расеі затрыманыя мінімум 4567 чалавек, паведамляе «ОВД-Инфо». Гэта рэкордная колькасць за ўвесь час правядзення пратэставых акцыяў у сучаснай гісторыі Расеі.

Акцыі пратэсту прайшлі ў дзясятках расейскіх гарадоў. Колькасць удзельнікаў было розным: дзесьці на мітынгі выйшлі дзясяткі чалавек, дзесьці – тысячы. У рэгіёнах самыя масавыя акцыі пратэсту адбыліся ў Екацярынбурзе і Новасібірску.

Цэнтры Масквы і Пецярбурга, дзе планаваўся збор удзельнікаў пратэставай акцыі, перакрылі загадзя. У выніку ў расейскай сталіцы дэманстранты зладзілі шэсце да турмы «Матроская цішыня», дзе знаходзіцца апазіцыйны лідар Аляксей Навальны. Удзельнікі акцыі падзяліліся на некалькі калон – паводле звестак «Медузы», у іх ішлі тысячы людзей. Паліцыя адказвала масавымі затрыманнямі ў розных кропках горада – у тым ліку людзей жорстка адганялі ад СІЗА «Матроская цішыня». Да пратэстоўцаў на працягу дня неаднаразова ўжывалі электрашокеры.

У Пецярбургу супраць дэманстрантаў ужылі газ і электрашокеры – а таксама запалохвалі табельнай зброяй. Выйсці на Неўскі праспект дэманстрантам не ўдалося, аднак яны прайшлі шэсцем ад Тэатра юнага гледача да будынка Заканадаўчага сходу горада – і назад.

Агулам на акцыях пратэсту па ўсёй Расеі сілавікі затрымалі мінімум 4567 чалавек. Больш за ўсё затрыманых было ў Маскве (1450 чалавек), Санкт-Пецярбурзе (997) і Краснаярску (194). У тым ліку цягам дня былі затрыманыя больш за 80 журналістаў.

ВІДЭА
Другая ўсерасейская акцыя пратэсту за свабоду Навальнага. Хроніка дня
2021.01.31 10:46

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў