«Перагорнем старонку – і працуйма!» Што казаў міністр культуры ў гарадзенскім тэатры

29 студзеня ў Гарадзенскі драматычны тэатр завітаў новы міністр культуры Анатоль Маркевіч. Аб прыедзе дазналіся літаральна за паўтара дня. Пастанавілі: яўка ўсіх актораў і працаўнікоў – абавязковая. Адміністрацыя падрыхтавалася: на сцэне ўсталявалі вялікі стол, трыбуну з мікрафонам і два вазоны з пластмасавымі кветкамі.

Разам з міністрам на сустрэчу з акторамі прыйшлі начальніца ўпраўлення культуры Алена Клімовіч і дырэктар тэатру Ігар Гедзіч. Міністр праігнараваў падрыхтаваны для яго стол і трыбуну і пачаў сваю прамову проста з сярэдзіны сцэны.

Агулам – звычайная заштампаваная прамова звычайнага сярэдняга чыноўніка. Доўгая, нудная, ідэалагічна прадуманая. Але з гадзіннага выступу можна зразумець кірунак, у якім збіраюцца рухацца чыноўнікі, меркавана, не толькі сферы культуры.

«Гэта ён што – збіццё і забойствы беларусаў нюансамі назваў?»

Анатоль Маркевіч прыехаў паразмаўляць з гарадзенскімі акторамі пра «важную лёсавызначальную палітычную падзею» – VI Усебеларускі народны сход, на якім падвядуць вынікі мінулых пяці гадоў і абмяркуюць планы на наступныя.

«Галоўны пасыл – каб беларусам, нам з вамі, лепей жылося на нашай беларускай зямлі», – сказаў міністр.

Знаёмы пасыл. Наогул, міністр даволі часта рэфрэнам прамаўляў выразы, якія мы чуем ад Лукашэнкі.

Фасад драматычнага тэатру. Фота: Васіль Малчанаў /«Белсат»

Паводле Маркевіча, 2020 год быў няпросты, з’явіліся пэўныя праблемы, але самае галоўнае дасягненне – мы захавалі суверэнітэт дзяржавы і павінны шанаваць беларускую стабільнасць. Агульнапалітычную сітуацыю ў краіне чыноўнік абмінаў як мог.

«Мы захавалі цэласць дзяржавы, гэта галоўнае. Так, магчыма, былі некаторыя нюансы, але яны бываюць у кожнай сям’і, што ўжо казаць пра краіну», – па-філасофску адзначыў міністр.

У зале пачуліся перашэпты: «Гэта ён што – збіццё і забойствы беларусаў нюансамі назваў?»

Якія яшчэ дасягненні дзяржавы адзначыў Маркевіч?

Гэта:

  • беларусы пачалі даўжэй жыць, сярэдні ўзрост – 74,5 года;
  • кожны грамадзянін мае права атрымаць адукацыю – ад школьнай да вышэйшай;
  • выстаяла ў складаных умовах каронавіруса сістэма аховы здароўя, усё – дзякуючы намаганням дзяржавы;
  • створаныя ўсе ўмовы для развіцця прыватнага бізнесу; працуй – не хачу.

«Дзяржава ў цяжкую хвіліну пандэміі падставіла нам плячо і працягвае пра нас клапаціцца. І гэта сапраўды так», – падкрэсліў Анатоль Маркевіч.

Мірная акцыя на знак падтрымання культурных дзеячаў Беларусі з удзелам артыстаў і хору. Купалаўскі тэатр, Менск. 19 жніўня, 2020 г. Фота: Света Фар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Міністр заўважыў: нягледзячы на тое, што праз каронавірус залы тэатраў амаль пустыя, гэта не адбіваецца на заробках, і ўсё – дзякуючы субсідыям і падтрыманню дзяржавы.

«Вялікі тэатр субсідуецца на 20 мільёнаў рублёў. Асабістыя сродкі, якія зарабляе тэатр, – 3 мільёны. Вось такі падыход і разуменне значнасці тэатральнае сферы ў жыцці краіны. Дзякуй за такое падтрыманне кіраўніку дзяржавы, нашаму ўраду і вам, працаўнікам гэтай сферы», – сказаў чыноўнік.

Пра жахі і хаос за мяжой і цяжкія 90-я

Маркевіч заклікаў заўсёды бачыць сітуацыю не толькі ў Беларусі, але і за межамі нашае краіны.

«Часам мы не да канца разумеем, як беражліва трэба ставіцца да таго, што ў нас ёсць. І цаніць гэта. Бо ўсё можна страціць у адзін момант. І крыўдна, калі мы праз нейкія няправільныя падыходы падобнае маглі б дапусціць. Не дапусцілі, і не дапусціць ніхто: краіна была цэласнай, яна і застанецца цэласнай. Нягледзячы на нейкія вятры, чыесьці перакананні, жаданні. Нічога ні ў кога не атрымаецца. Паглядзіце, што адбываецца ў іншых краінах, якія ніколі раней не выклікалі непакою. Ці ў «апоры дэмакратыі». Таму ніякія пасылы і падыходы не разломяць цэласнасці нашае дзяржавы, ні ў якім разе. Улады застаюцца моцнымі», – пераконваў прысутных і, пэўна, самога сябе міністр.

Выяўляецца, чыноўнікі вельмі заклапочаныя тым, што «страцілі» моладзь: мала ёй распавядалі пра тое, як цяжка і складана жылося ў 1990-х, праз што прыйшлося прайсці людзям старэйшага пакалення.

«Моладзь і ўсе мы павінны цвяроза глядзець на тое, што было і што можа стацца сёння, калі мы будзем рабіць неабдуманыя крокі», – адзначыў Анатоль Маркевіч.

Распранайцеся і працуйце

На думку міністра, усе праблемы, у тым ліку з нізкімі заробкамі, можна развязаць, але для гэтага трэба працаваць і ісці плячо ў плячо з дзяржаваю.

– Ёсць такое пытанне. Калі гаворка заходзіць пра гастролі, у тым ліку замежныя, каб вывезці і паказаць спектакль замежнаму гледачу, заўсёды паўстае праблема – няма грошай, – выказалася адна з акторак з залы.

– О, такія выезды вельмі важныя. На мой погляд, мы павінны дзяліцца сваім досведам і пераймаць найлепшае там, дзе мы бываем, – пачаў міністр.

– Абсалютна згодная. Але як гэта зрабіць, калі няма грошай? Калі за апошні час не прыцягнулі ніякіх спонсараў? – не здаецца акторка.

– Абмен досведам, камунікацыя з калегамі, прэзентацыя сябе. Чым больш пра нас даведваюцца за межамі, тым лепш для нас. Трэба гэтым займацца. Само сабой нічога не зробіцца. Калі патрэбны ўдзел міністэрства – мы можам штосьці падказаць, параіць, – на сваёй хвалі адказаў міністр.

Былы міністр культуры Беларусі Ю. Бондар размаўляе з акцёрскай трупай Купалаўскага тэатру. Купалаўскі тэатр, Менск, Беларусь. 18 жніўня 2020 г. Фота: Belsat.eu

Далучылася да гутаркі начальніца ўпраўлення культуры:

– Культурны прадукт беларускіх тэатраў запатрабаваны за мяжою. Мы з вамі пераадольваем усе цяжкасці, у нас ёсць шмат поспехаў, у нас ёсць добры культурны прадукт, таму наперадзе нас чакаюць гастролі за мяжою. Але ўсё залежыць ад нашае супольнай працы.

– Але як добры культурны прадукт з’явіцца без добрых кадраў? – пачулася з залы новае пытанне.

– Досвед нашае з вамі працы ў 2020 годзе паказаў, што ў нас ёсць добрыя кадры, што хто хоча працаваць – працуе. Мы ідзём наперад, мы ўмеем пераадольваць цяжкасці. Можа, не адразу атрымліваецца на супервыдатна, але добра атрымліваецца. Усё залежыць ад нас з вамі.

Больш пытанняў з залы не гучала. Яно і зразумела: стваралася ўражанне, што чыноўнікі прыляцелі з нейкай іншай планеты пад назвай «Моцная і квітучая». Без дакладнага разумення, як развіваць культуру, але з перакананнем, што ва ўсіх праблемах вінаваты хтосьці звонку, а калі працаваць і быць «ідэалагічна надзейным», будзе, можа, і бедна, але стабільна.

Нагадаем: бальшыня актораў драматычнага тэатру ўвосень 2020-га далучылася да страйку ды была звольненая разам з галоўным рэжысёрам Генадзем Мушпертам і рэжысёрам-інсцэнізатарам Сяргеем Курыленкам. Былі звольненыя людзі, без якіх шмат хто з гарадзенцаў не ўяўляе тэатру.

Цяпер звольненыя акторы стварылі ў Горадні свабодны творчы рух «Асобы»: ладзяць спектаклі і сустракаюцца са сваймі гледачамі.

Саша Праўдзіна belsat.eu

Hавiны