Галоўная рэдактарка TUT.by Марына Золатава звярнулася з адкрытым лістом да кіраўнікоў сістэмы аховы здароўя


Галоўная рэдактарка TUT.by Марына Золатава піша пра бесчалавечныя ўмовы ўтрымання ў беларускіх ізалятарах.

Зварот быў накіраваны міністру аховы здароўя Дзмітрыю Піневічу, першай намесніцы міністра аховы здароўя Алене Богдан, галоўнаму санітарнаму лекару Аляксандру Тарасенку, галоўнаму лекару Рэспубліканскага клінічнага медычнага цэнтру Ірыне Абельскай.

Марына Золатава нагадвае, што 29 студзеня ў Менску была затрыманая журналістка TUT.by Надзея Калініна. Яна застаецца ў ізалятары на Акрэсціна, у чым яе вінавацяць – невядома.

Надзея Калініна
Журналістка TUT.by Надзея Калініна пасля выхаду з ізалятару на Акрэсціна, верасень 2020 года.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Давайце пагаворым пра чалавечнасць і міласэрнасць. Я спадзяюся, для вас гэтыя словы не пусты гук. Вы ж выбіралі медыцыну, напэўна, для таго, каб дапамагаць людзям? Таму што чалавечыя пакуты дастаўляюць вам боль?

Больш за тры тыдні на Акрэсціна не прымаюць перадачаў. У Жодзіне іх таксама перасталі прымаць. Наогул. Можна перадаць толькі лекі – ды і тое са скрыпам. А яшчэ некалькі месяцаў таму перадачы прымалі кожны дзень, потым раз на тыдзень.

Каронавірус, кажаце? Аднак ён не перашкаджае ўтрымліваць у камеры, разлічанай на шасцярых, 16 чалавек, а таксама рэгулярна «раскідваць» людзей па розных камерах.

Давайце прыкінем з вамі, ці можна пратрымацца 15 содняў (распаўсюджаны тэрмін адміністратыўнага арышту) без перадачаў. Без цёплых рэчаў, без пасты і зубной шчоткі, без сродкаў гігіены, без бялізны. Ну, а калі месячныя? Уявілі? 15 содняў без зменнай бялізны!» – піша Золатава.

Галоўная рэдактарка TUT.by задаецца пытаннем, навошта для затрыманых ствараюць такія бесчалавечныя ўмовы.

«Дзесьці сказана, што дзяржава будзе больш моцнай, калі затрыманыя ў адміністратыўных справах будуць ляжаць на голых нарах і нават на падлозе ў перапоўненых камерах або калі іх не будуць вадзіць у душ на працягу 15 содняў? Ці вы думаеце, што чалавек, правёўшы хай нават не 15, а трое содняў у ізалятары ў такіх умовах, прасякнецца да ўлады павагай?» – піша Золатава.

Цалкам зварот Марыны Золатавай можна прачытаць тут.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў