Другая ўсерасейская акцыя пратэсту за свабоду Навальнага. Хроніка дня


31 студзеня ў Расеі праходзіць другая масавая акцыя пратэсту супраць арышту апазіцыянера Аляксея Навальнага. Прыхільнікі палітыка запланавалі шэсці ў дзясятках гарадоў – ад Далёкага Усходу да Калінінграду. Акцыі рыхтуюцца насуперак ціску сілавікоў і ўладаў. Паліцыянты арыштавалі найбліжэйшых паплечнікаў Навальнага. Яны таксама пачалі пераследаваць журналістаў. Улады паспрабавалі стварыць перашкоды для мітынгоўцаў. Нашы калегі з Vot tak TV вядуць онлайн-трансляцыю падзеяў.

17:58. Усяго ў ходзе мітынгаў па ўсёй Расеі затрыманыя 3614 пратэстоўцаў. У Маскве – 1013 чалавек, у Санкт-Пецярбурзе – 726, у Краснаярску – 194.

17:18. У Пецярбурзе пратэстоўцаў пасля заканчэння акцыі затрымліваюць нават у кафэ.

16:52. Колькасць затрыманых дасягнула 3192 чалавек. З іх 880 – у Маскве, 538 – у Санкт-Пецярбурзе і 194 – у Краснаярску.

16:19. У Расеі на мітынгах затрымалі 2834 чалавека. З іх 726 чалавек – у Маскве, 437 – у Санкт-Пецярбурзе, 194 – у Краснаярску і 120 – ва Уладзівастоку.

16:00. Карэспандэнт Vot Tak TV у Санкт-Пецярбурзе паведамляе:

«Пратэстоўцы пайшлі на Сянную плошчу. Іх сталі затрымліваць і збіваць. Некалькі чалавек у крыві. У паліцыю паляцелі петарды. У выніку актывісты разбегліся і рушылі на Піянерскую плошчу. У іх з акна дому дзядуля кідаў шкляныя бутэлькі».

15:55. Сілавікі разагналі пратэстоўцаў на вуліцы 2-я Боеўская ля СІЗА «Матроская цішыня»

15:35. У эфіры «Навальны LIVE» кіраўнік сеткі штабоў Навальнага Леанід Волкаў заклікаў пратэстоўцаў сысці ад «Матроскай цішыні» і вярнуцца на Камсамольскую плошчу. Тым часам на вуліцы 2-я Боеўская ля СІЗА «Матроская цішыня» пачалася зачыстка.

15:30. У Расеі на акцыях пратэсту затрымалі 2291 чалавека. З іх у Маскве – 520 пратэстоўцаў, у Санкт–Пецярбурзе – 242, у Краснаярску – 194.

15:05. Некалькі тысяч удзельнікаў акцыі пратэсту ў Санкт-Пецярбурзе пайшлі ў бок Неўскага праспекту. Раней пратэстоўцаў адціснулі ад будынку Заканадаўчага сходу.

14:53. Сілавікі адціскаюць пратэстоўцаў ад Пецярбургскага парламента. За ачапленне ў Санкт-Пецярбурзе прыляцеў кавалак цэглы. З трох бакоў сілавікі адцясняюць пратэстоўцаў ад Заканадаўчага сходу.

14:40. У Санкт-Пецярбурзе на плошчы і на праезнай частцы ля Марыінскага палаца сабралося каля 4 тысяч пратэстоўцаў, паведамляе карэспандэнт «Фантанкі».

Пецярбургскі АМАП, які заціснуў пратэстоўцаў каля Марыінскага палацу, чакае падмацавання. Пра гэта паведаміў карэспандэнт Vot Tak TV з месца падзеяў. Мітынгоўцы тым часам скандуюць: «Расея будзе свабоднай!», і ўстаюць у счэпкі.

14:30. У Маскве затрымалі Юлію Навальную.

14:10. Карэспандэнт Vot Tak TV ў Санкт-Пецярбурзе кажа, што на Сянной плошчы – унутраныя войскі.

13:48. Сутыкненні пратэстоўцаў і паліцыі на Сянной плошчы ў Пецярбурзе. Карэспандэнт Vot Tak TV перадае, што чутныя выбухі петардаў, і паліцыя ўжыла газ. Сутыкненні пратэстоўцаў і сілавікоў у Маскве.

13:20. У Расеі на акцыях падтрымкі Навальнага затрымалі больш за тысячу чалавек. Пра гэта паведамляе «ОВД-Инфо».

13:15. У Санкт-Пецярбурзе затрымалі рэпера Оксімірона. Пра гэта паведамляе «Дождь».

13: 10. У Расеі ў сувязі з сённяшнімі мітынгамі затрымалі 878 чалавек. Такія дадзеныя «ОВД-Инфо». Галоўная акцыя ў Маскве афіцыйна пачалася ў 13 гадзін.

12:51. У Пецярбурзе пачалося шэсце. Частка пратэстоўцаў выйшла на праезную частку. Росгвардыя затрымлівае людзей.

12:30. Кіраўнік сеткі штабоў Навальнага Леанід Волкаў у эфіры «Навальны LIVE» абвясціў, што шэсце пачнецца пазней з-за пераносу стартавага пункту. Гэтую ж інфармацыю перадае штаб Навальнага ў Маскве: «Мы разумеем, што з-за пераносу месца акцыі не ўсе паспеюць дабрацца хутка. Мы ўсіх чакаем. Шэсце пачнецца пасля 13-й гадзіны», – гаворыцца ў телеграм-канале штаба.

Дырэктар Фонду барацьбы з карупцыяй Іван Жданаў паведаміў у эфіры, што на Сухараўскай масавыя затрыманні. «Таму туды не варта выходзіць», – дадаў ён.

11:58. У Маскве і Санкт-Пецярбурзе пачаліся затрыманні.

11:40. Атмасфера ў Санкт-Пецярбурзе.

11:20. У Маскве і Санкт-Пецярбурзе арганізатары змянілі месцы збору ўдзельнікаў мітынгаў.

11:35. «ОВД-Инфо» паведамляе, што па ўсёй Расеі затрыманыя ўжо 419 чалавек.

11:30. У Санкт-Пецярбурзе сілавікі перакрылі Неўскі праспект, цэнтральную вуліцу гораду. Не прапускаюць нават тых, хто там працуе. Людзі ідуць на новую кропку збору, да ЦЮГу па Гарохавай вуліцы.

11:11. Акцыі ў Маскве павінны пачацца на Лубянцы і Старой плошчы. Аднак сілавікі прыйшлі на Пушкінскую плошчу, дзе звычайна збіраюцца пратэстоўцы.

9:45. У Санкт-Пецярбурзе – затрыманні перад мітынгамі. Сёння ноччу паліцыя Санкт-Пецярбургу прыйшла як мінімум да васьмі актывістаў.

У тым ліку: да ўдзельніцы арт-групы «Радзіма» Дар’і Апахончыч, дэпутата Васілія Куніна, дэпутата Уладзіміра Валахонскага, да актывісту руху «Прыгожы Пецярбург» Красіміра Вранскога, удзельніцы гарадской праваабарончай рады Яўгеніі Літвінавай, актывіста «Вясны» Аляксея Бязрукава, прэс-сакратара «Вясны» Софʼі Уляшавай. Ператрус праходзіць у кіраўніка «Альянсу настаўнікаў» Данііла Кена.

Акцыя пратэсту ва Уладзівастоку, 31 студзеня 2021 г.
Фота: YURI MALTSEV / Reuters / Forum
Стужка навінаў