176-ы дзень пратэстаў. Галоўнае


Belsat.eu падводзіць вынікі чарговага дня супрацьстаяння беларускага народу і ўладаў.

Безпадстаўныя затрыманні ў Менску

Напярэдадні ў закрытых тэлеграм-чатах абмяркоўвалася магчымасць правядзення пратэставай акцыі на праспекце Незалежнасці ў Менску. Імаверна, у сувязі з гэтым 31 студзеня ў цэнтры сталіцы адбыліся затрыманні. Відавочцы казалі, што ў раёне станцыі метро «Кастрычніцкая» сілавікі забіралі звычайных мінакоў.

У тым ліку ў цэнтры Менску была затрыманая швейцарская журналістка Люцыя Чыркі. Разам з ёй затрымалі Анісію Гурскую (Казлюк) і яе мужа Юлія Ільюшанку. Каля 17:00 стала вядома, што журналістку вызвалілі.

Люцыя Чыркі. Фота з сацсетак

Затрыманні адбываліся і ў іншых месцах Менску. Напрыклад, ля ізалятару на Акрэсціна сілавікі затрымалі прадзюсарку і рэжысёрку Карыну Хацкалёву, якая прыйшла сустракаць артыста камернага хору Беларускай дзяржаўнай філармоніі Дзяніса Іванова. Іваноў правёў за кратамі 6 содняў.

Імаверна, 31 студзеня ў Менску таксама былі затрыманыя два топ-менеджары інвестыцыйнага фонду «Зубр Капітал» – Мікалай Шастак і Яўген Бачышчаў.

Агулам, паводле праваабаронцаў, сёння ў розных пунктах Менску былі затрыманыя мінімум 167 чалавек.

Акцыі ў раёнах

Адбыўся шэраг традыцыйных нядзельных акцыяў пратэсту і ў розных раёнах Менску. Напрыклад, у менскім Чырвоным Бары дзень пачаўся з ланцугу салідарнасці.

Пікет у Чырвоным Бары.
Фота: Белсат

На дваравы марш выйшлі жыхары Курасоўшчыны. Але, падобна, гэтую падзею не абмінулі затрыманні. Сілавікі забралі хлопца і дзяўчыну на вуліцы Асаналіева. Паведамляюць, што ў той час шэсця ўжо не было, аднак выглядае, што затрымалі людзей недалёка ад месца падзеі.

Акцыі таксама зладзілі жыхары Жлобіна, Заслаўя ды іншых паселішчаў.

Падрыхтоўка санкцыяў

9 верасня 2020 года. Святлана Ціханоўская падчас візіту ў Варшаву.
Фота: Юлія Шаблоўская / Белсат

Стала вядома, што на гэтым тыдні Святлана Ціханоўская перадала прадстаўнікам ЕЗ імёны людзей, якіх варта ўключыць у санкцыяныя спісы. Асаблівую ўвагу прапаноўваецца звярнуць на Мікалая Карпянкова, экс-кіраўніка ГУБАЗіКу, цяперашняга намесніка міністра ўнутраных справаў.

«У ЕЗ перададзеныя спіс імёнаў для ўнясення ў санкцыйныя спісы. Ціханоўская заклікала звярнуць асаблівую ўвагу на асобу Мікалая Карпянкова. Юрысты падрыхтавалі неабходныя доказы», – адзначае прэс-служба Ціханоўскай.

Мікалай Карпянкоў падчас разгону мірнай акцыі пратэсту 23 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

Чацверты пакет санкцыяў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ўжо рыхтуецца. 29 студзеня Ціханоўская сустрэлася з прэмʼер-міністаркай Літвы Інгрыдай Шыманіце (Ingrida Šimonytė), якая паабяцала ўзмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі і заявіла, што падтрымлівае пашырэнне санкцыяў.

Таксама на гэтым тыдні было ініцыяванае стварэнне інструменту для міжнароднага расследавання парушэнняў у галіне правоў чалавека ў Беларусі.

«Кааліцыя групы краінаў, у тым ліку Нямеччына, прапаноўвае правесці расследаванне пры ўдзеле аўтарытэтных міжнародных НДА і беларускіх праваабаронцаў», – кажуць у офісе Ціханоўскай.

Подпісы за сцяг

Толькі за два дні петыцыю супраць прызнання бел-чырвона-белай сімволікі экстрэмісцкай падпісалі больш за 60 тысяч чалавек.

Зварот стаў адказам на зварот сотні беларусаў да Генеральнай пракуратуры з просьбаю забараніць нацыянальную сімволіку. На падставе звароту ведамства рыхтуе дакументы для абвяшчэння сцяга і іншай сімволікі ў бел-чырвона-белых колерах экстрэмісцкай.

З крытыкай запланаванай забароны ўжо выступіла Святлана Ціханоўская і нават дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Варанецкі.

Hавiны
«Канчатковы прысуд чырвона-зялёнаму сцягу». Палітычныя аглядальнікі ацанілі спробы забараніць БЧБ-сімволіку
2021.01.30 09:48

Новыя рэпрэсіўныя законы

Генеральны пракурор Андрэй Швед у эфіры СТВ распавёў, што ўлады рыхтуюць змены ў Крымінальны кодэкс, закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» і ў іншыя акты заканадаўства.

«Што датычыць узмацнення крымінальнай адказнасці, гаворка ідзе пра тое, каб дапоўніць некаторыя артыкулы Крымінальнага кодэксу нормамі аб тым, што крымінальнай адказнасці будуць падлягаць не толькі арганізатар экстрэмісцкіх фармаванняў, іх кіраўнік, але і любыя ўдзельнікі, а таксама асобы, якія аказваюць садзеянне экстрэмісцкім фармаванням, іх фінансуюць і ў любой іншай форме спрыяюць экстрэмісцкай дзейнасці», – сказаў ён.

Швед удакладніў: пад спрыяннем разумеецца распаўсюджванне сярод грамадзянаў экстрэмісцкіх поглядаў і сімволікі, распальванне варожасці – любыя формы дзеянняў, накіраваныя на дэстабілізацыю грамадскай абстаноўкі, парушэнне грамадскага парадку і «іншыя супрацьпраўныя і негатыўныя наступствы».

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў