Суд пакараў Міхася Башуру штрафам


Актывіста кампаніі “Гавары праўду!” прызналі вінаватым у падрабленні дакументаў.

Міхася Башуру аштрафавалі на 500 базавых велічыняў (17,5 млн руб.). Такое рашэнне прыняў сёння суд Савецкага раёну Менску.

Хлопца прызналі вінаватым у тым, што ён наўмысна падрабіў даведку аб прыбытках, каб жонка атрымала крэдыт у банку. Дзяржаўнае абвінавачванне патрабавала, каб Башуру прысудзілі 6 месяцаў арышту.

Міхась Башура – сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Яго затрымалі ў Менску 6 жніўня. Судовы працэс пачаўся 11 кастрычніка. Сваёй віны Башура не прызнаў. Ён патлумачыў, што памылка ў даведцы выпадковая і з’явілася праз тое, што ў момант яе афармлення на працы адсутнічалі галоўная бухгалтарка і дырэктар кампаніі. Гэтыя словы пацвердзілі сведкі.

Паводле адвакаткі Тамары Сідоранкі, дзеля атрымання крэдыту ейнаму падапечнаму было б выгодна, калі б прыбыткі, наадварот, аказаліся меншымі.

Каардынацыйная рада прадпрымальнікаў Менску лічыць працэс над Башурам палітычным, бо сёлета ён вылучаўся ў якасці кандыдата ў дэпутаты Менскага гарсавету ад прадпрымальніцкага блоку, а пазней стаў актыўным удзельнікам кампаніі “Гавары праўду!”, якую ўзначальвае адзін з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі – Уладзімір Някляеў.

belsat.eu

Стужка навінаў