Нацбанк: Долараў на абменнікі не дамо


Пасля беспрэцэдэнтнай разавай дэвальвацыі беларускага рубля на 56,2 %, якая адбылася 23 траўня, Нацбанк не плануе аднаўляць продаж замежнай валюты камерцыйным банкам для падмацавання пунктаў абмену.

Пра гэта агенцтву «Интерфакс-Запад» заявіў начальнік упраўлення інфармацыі, прэс-сакратар Нацбанку Анатоль Драздоў.

Нагадаем, што замежную валюту камерцыйным банкам не прадаюць з 22 сакавіка. У аўторак, 24 траўня, яны выставілі ў абменніках курс у адпаведнасці з чарговымі ўказаннямі Нацбанку. Долар прадаюць па 5000–5029 бел. руб.

Аднак маніторынг, праведзены агенцтвам, паказаў, што продаж валюты ў пунктах абмену не аднавіўся. Там, як і цягам апошніх двух месяцаў, захоўваюцца чэргі з «нумаркамі», у якіх запісаныя 200 і больш чалавек.

У прэамбуле да пастановы Нацбанку аб дэвальвацыі напісана, што яна прымаецца «ў адпаведнасці з даручэннем прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па забеспячэнні выйсця на адзіны раўнаважны курс беларускага рубля ўнутранага валютнага рынку». 23 траўня, у дзень падпісання пастановы, Аляксандр Лукашэнка з’ехаў у Казахстан.

Міжтым захоўвае прававую моц указ прэзідэнта № 597 ад 19 лістапада 2010 г., паводле якога ваганне курсу беларускага рубля да кошыку валютаў не можа перавышаць 8 % ад вартасці кошыку, які склаўся на 31 снежня 2010 г. у суме 1054,68 бел. руб. «Прававой калізіі, якая ўзнікла, мы не каментуем», – дадаў Анатоль Драздоў.

Стужка навінаў