Тысячныя акцыі пратэсту ў Грузіі


Аднак надзвычайны амбасадар Грузіі ў Беларусі Георгій Чхэідзэ назваў іх «бурай у шклянцы вады».

У суботу каля 5 тыс. чалавек сабраліся на плошчы Свабоды ў Тбілісі з патрабаваннямі адстаўкі прэзідэнта Саакашвілі. 2 тыс. прыхільнікаў апазіцыі выйшлі на вуліцы Батумі ў той жа дзень. Акцыі пратэсту не спыняліся і ўчора, калі дайшло да сутычак з паліцыяй. Праваахоўнікі выкарысталі для разгону дэманстрантаў гумовыя кулі.

Амбасадар Грузіі заявіў, што расейскія медыі дэзынфармуюць людзей пра падзеі ў Батумі. «Тлумачэнне простае: не падабаецца камусьці, што па ўсіх найважнейшых пазіцыях, на якіх будуецца дзяржава, Грузія знаходзіцца ў першых спісах», – патлумачыў Чхэідзэ.

Паводле дыпламата, правядзенне мітынгаў і шэсцяў – «натуральная з’ява ў любой дэмакратычнай краіне». У мітынгу ў Батумі бяруць удзел «некалькі дзясяткаў чалавек». «Гэта звычайны працэс, усім дазваляецца выказваць сваё меркаванне, але гэта не мае ператварацца ў пабоішча з выкарыстаннем палак і дубінак», – заявіў Чхэідзэ.

Ён зазначыў, што ў Батумі мела месца «пара інцыдэнтаў», калі дзясяткі людзей загадзя падрыхтаванымі падручнымі сродкамі вырашылі расправіцца з аўтамабілем супрацоўнікаў праваахоўных органаў і нанеслі некалькім супрацоўнікам цяжкія пашкоджанні.

Чхэідзэ таксама мяркуе, што арганізатары мітынгаў – «палітыкі, якія вычарпалі сябе, пра што сведчыць той факт, што яны не маюць ніякага падтрымання сярод насельніцтва».

belsat.eu

Стужка навінаў