Кошты растуць, паліцы пусцеюць


Беларусы імкнуцца пазбавіцца ад рубля, што імкліва абясцэньваецца, і скупляюць усё, што мае доўгі тэрмін захоўвання.

З крамаў пачалі знікаць не толькі соль і цукар, але і кансервы. «Ужо тыдзень не выконваюць нашы заяўкі на пастаўку тушонкі і рыбных кансерваў. Гавораць, што склады пустыя, таму прывезці нам нічога не могуць», – паведамілі «Белсату» ў сталічнай краме на завулку Калініна. Прадаўцы кажуць, што кансервы пакупнікі разбіраюць вельмі хутка, звычайна бяруць цэлымі пакункамі.

На сталічным Камароўскім рынку пасля абеду амаль не магчыма набыць курынае мяса. «Яго хутка разбіраюць, бо кураціна цяпер самая танная з усіх мясных прадуктаў», – патлумачыла прадавачка.

Ажыятажны попыт на мяса прымушае мясакамбінаты працаваць без выходных, аднак, падобна, цалкам задаволіць заяўкі крамаў на прадукцыю ўсё роўна не атрымліваецца.

Усе абвінавачванні ў тым, што насельніцтва штучна стварае дэфіцыт, кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка лічыць беспадстаўнымі: «Людзі паводзяць сябе граматна – вяртаюць дзяржаве гэтыя фанцікі, на якіх напісана «Білеты Нацбанку», у абмен на тавары». На меркаванне эканаміста, сітуацыю правакуюць менавіта абясцэньванне беларускага рубля і поўная бяздзейнасць улады ў гэтай сітуацыі.

Паводле звестак Белстату, рознічны таваразварот за чатыры месяцы павялічыўся больш як на 20 % у параўнанні з гэткім жа перыядам летась. Харчовых тавараў насельніцтву прадалі на 12,7 трлн руб. (на 18,1 % больш за узровень аналагічнага перыяду летась).

Belsat.eu

Стужка навінаў