Уладзімір Някляеў: Пераход да Адміністрацыі прэзідэнта азначаў бы расстрэл


Калі 19 снежня ўдзельнікі мітынгу пайшлі б з Кастрычніцкай плошчы да будынку Адміністрацыі прэзідэнта, не абышлося б без смяротных ахвяраў – мяркуе экс-кандыдат на прэзідэнта Уладзімір Някляеў. «Пераход ад Кастрычніцкай праз скверык абазначаў бы расстрэл народу з аўтаматаў ва ўпор», – заявіў палітык на прэс-канферэнцыі.

Чальцы перадвыбарчага штабу Някляева і сам палітык не чакалі нападзення на іхнюю калону, што рухалася ад офісу кампаніі «Гавары праўду!», а таксама таго, што здарылася на Плошчы. «Лукашэнка не чакаў самой Плошчы, не думаў, што прыйдзе 40–50 тысячаў чалавек», – упэўнены палітык. На думку Някляева, жорсткі разгон удзельнікаў акцыі быў выкліканы страхам уладаў.

Палітык дадаў, што ён з паплечнікамі не планаваў сыходзіць з Плошчы ды збіраўся заклікаць людзей далучацца на другі дзень. «Як паказвае практыка пратэставых плошчаў, колькасць людзей на наступны дзень павялічваецца ўдвая, – адзначыў Уладзімір Някляеў. – Але было прынятае рашэнне застрашыць народ. Застрашвалі не Някляева, не Саннікава і не Статкевіча, а народ».

Палітык таксама заявіў, што ягоны пераслед і асуджэнне былі зарання спланаваныя. «Тое, што палітыка ў Беларусі ды жыццё апазіцыйнага палітыка ў гэтай краіне – занятак далёка не бяспечны, я разумеў яшчэ тады, калі мы распачыналі кампанію «Гавары праўду!». Мая «пасадка» планавалася, гэта было відавочна, але мы думалі, што гэта адбудзецца пасля Плошчы», – падкрэсліў Уладзімір Някляеў.

belsat.eu

Стужка навінаў