30 месцаў у Польшчы, дзе можна будзе нешта купіць у нядзелю


Беларусы баяцца не забароны гандлю ў нядзелі, а чэргаў на мяжы ў суботу.

У Польшчы паступова забароняць гандаль у нядзелі. З сакавіка 2018 года крамы будуць адкрытыя толькі ў першую і апошнюю нядзелю месяца. З 2019-га – толькі ў апошнюю. У 2020-м крамы будуць закрытыя ўва ўсе нядзелі.

Але ёсць і выключэнні. Гэтак, крамы змогуць працаваць у дзве нядзелі, якія папярэднічаюць Калядам, ды ў нядзелю перад Вялікаднем. Таксама гандляваць можна будзе ў апошнюю нядзелю студзеня, красавіка, чэрвеня і ліпеня.

Апроч гэтага ёсць яшчэ 30 месцаў, гандаль у якіх можа будзе весці кожную нядзелю:

  • пякарні, кандытарскія і марожаніцы;
  • запраўкі;
  • салоны кветак;
  • аптэкі;
  • сувенірныя крамы;
  • шапікі з прэсай, тытуням і латарэйнымі білетамі;
  • пошта (цікава, што большасць паштовых аддзяленняў Польшчы цяпер у нядзелі зачыненая);
  • гатэлі;
  • культурніцкія, спартовыя і турыстычныя аб’екты;кірмашы;санаторыі і шпіталі;вакзалы, рачныя і марскія парты;
  • аэрапорты;
  • транспартныя сродкі (напрыклад, на паромах або ў самалётах);
  • нафтавыя платформы;
  • зоны duty free;
  • турмы;
  • вайсковыя часткі;
  • пахавальныя бюро ды інш.

Адкрытая аптэка ў закрытым гандлёвым цэнтры

З аднаго боку, некаторыя крамы тэарэтычна змогуць абыйсці заказ, маючы, напрыклад, уласную пякарню – праўда, невядома, ці захочуць гэтым шанцам карыстацца. З іншага боку, не ўсе гандлёвыя пункты, што змогуць легальна працаваць, захочуць у нядзелю адчыняцца.

Кавярні і кінатэатры ў гандлёвых цэнтрах павінныя былі быць адкрытыя, але праз юрыдычную недакладнасць новага закону і адсутнасць фінансавага сэнсу гэта будзе выглядаць інакш, – кажа «Белсату» дырэктар Рады гандлёвых цэнтраў Польшчы Радаслаў Кнап. – Калі будзем ісці па гандлёвым цэнтры, дзе збольшага ўсё будзе закрытае, а адкрытае толькі нешта то тут, то там, гэтыя гандлёвыя пункты наўрад ці самі захочуць адкрыцца ды браць на сябе кошты прыборкі і аховы.

Радаслаў Кнап лічыць, што замест забароны гандлю ў нядзелю лепш было б даць працаўнікам крамаў больш вольных нядзеляў. Паводле адмыслоўцы, такога меркавання прытрымліваецца каля 80 % палякаў.

Запытаныя намі ў Тэрэспалі і Бялай Падлясцы беларусы пра забарону кажуць спакойна: маўляў, для пакупак дастаткова і суботы, а ў нядзелю лепей адпачываць і хадзіць у царкву.

Закупы ў суботу

Згодны з гэтым і дырэктар гарадзенскай турфірмы «Зэт» Сяргей Якшэвіч. Прадпрымальнік кажа, што большасць беларусаў, якія збіраюцца на закупы ў Польшчы, стараюцца паехаць у суботу, каб не рызыкаваць спазніцца на працу ў панядзелак, бо на мяжы можна прастаяць і дзве гадзіны, і шэсць.

Галоўную праблему ў забароне гандлю Якшэвіч бачыць не ў ёй самой, а ў эфектах, якія яна можа стварыць на мяжы. Галоўнае, каб польская мытня давала рады чэргам турыстаў, якія вяртаюцца дахаты, кажа прадпрымальнік.

«Асноўнае затрыманне на мяжы – у суботу», – кажа бізнесовец.

Пра крокі беларускіх уладаў выкарыстаць кан’юнктуру і раскруціць ідэю «купляць беларускае» – няхай і ў нядзелю – пакуль не чуваць.

«Дзяржава спадзяецца, што людзі застануцца ўдома і будуць купляць у буйных супермаркетах, якія імпартуюць тавары і плацяць за гэта мыта», – кажа даследчык прадпрымальніцтва, доктар сацыялогіі Аляксандр Папко.

Але беларусы Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны наўрад ці будуць кіравацца такой логікай у сітуацыі, калі некаторыя харчы можна набыць у Польшчы ў два разы танней, чымся ўдома. Паводле апошніх звестак, ежа ў Польшчы – самая танная ўва ўсім Еўразвязе.

Таму налета беларусы працягнуць везці ў Польшчу мільёны долараў – праўда, шэсць, а не сем дзён на тыдні. І праводзячы яшчэ больш часу на мяжы.

Матэрыял Дзяніса Дзюбы і Ігара Кулея ўпершыню выйшаў у праграме «ПраСвет» 8 снежня

Фота вокладкі – Krzysztof Wojcik/Forum

Стужка навінаў