30 дзён бязвізу як інструмент ціску


Нечакана для ўсіх беларускае кіраўніцтва вырашыла пайсці на крок, які даўно адкладала. Яно павялічыла тэрмін знаходжання замежных турыстаў, якія прыязджаюць у краіну праз нацыянальны аэрапорт «Менск—2» да 30 дзён.

Зроблена гэта было нягледзячы на ​​адсутнасць выразных дамоўленасцяў з расейскім бокам (літаральна напярэдадні наш міністр Уладзімір Макей пацвярджаў, што перамовы з расейскімі партнёрамі ідуць доўга і цяжка) і дэ-факта адразу пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка атрымаў запрашэнне наведаць нефармальную расейскую сталіцу Сочы.

Нічога не зробіш: у імператарскай Расеі сталіца плаўна перамяшчалася туды, дзе знаходзіўся імператар, а ў Расеі пуцінскай – туды, дзе знаходзіцца ўсенародны выбраннік і ўлюбёнец.

Пры гэтым папярэдняя сустрэча прэзідэнтаў адбылася зусім нядаўна, у футбольнай апранальні чэмпіянату свету, але Аляксандру Рыгоравічу відавочна было не да перамоваў: ён горача абдымаў сваю харвацкую калегу. Зараз, стала быць, паразмаўляюць. Было б пра што.

Тэрмін бязвізавага ўезду на тэрыторыю брацкай Беларусі для брацкай Расеі – пытанне прынцыповае. Адзіная мытная прастора ператварыла дзяржаву ў сіямскіх братоў: абняцца не могуць, але і разысціся таксама. Спінамі і тым, што ніжэй спіны, зрасліся.

І Масква даўно папярэджвала: хлопцы, будзеце гуляць у свае візава-бязвізавыя гульні – дагуляецеся, адновім дагляды на мяжы. Часткова гэта ўжо зроблена, часткова будзе зроблена, мяркуючы па ўсім, адразу пасля сустрэчы ў Сочы.

Пра што яшчэ будуць там гаварыць кіраўнікі двух сіямскіх братоў Бог іх ведае, але ўжо пра гэта напэўна пагавораць.

Ёсць і не менш прынцыповае пытанне. Сустрэча Віктара Лукашэнкі з Рамзанам Кадыравым. Пра штосьці яны размаўлялі. Як звычайна, медыя, якія асвятлялі сустрэчу ( «сумленныя», трэба меркаваць) абышлі ўвагаю самае цікавае. Вось не веру я ў тое, што не абмяркоўвалі сітуацыю, якая склалася ў расейска-беларускіх адносінах.

Напэўна была закрытая нефармальная частка, у ходзе якой былі агучаныя нейкія мэсэджы, адрасаваныя не столькі Рамзану Ахматавічу, колькі Уладзіміру Уладзіміравічу. Шмат я б даў, каб папрысутнічаць. Галоўнае – пазней паспець паляцець тым жа рэйсам, што і Віктар Лукашэнка. Бо сведку гэткай размовы могуць і прыбраць.

На шчасце, нас там не было. І мы можам спакойна меркаваць, навошта менавіта Лукашэнка-старэйшы раптам дазволіў гэтак сапсаваць настрой свайму расейскаму сябру перад сустрэчай – 30-дзённым «бязвізам».

І тут я прыпомніў вядомую сцэну з «Аперацыі Ы”» – адной з несмяротных савецкіх камедый. Памятаеце, размова хулігана з Шурыкам:

– Ты думаеш, гэта мне далі пятнаццаць содняў? Нееее! Гэта нам далі пятнаццаць содняў.

Падстаўце замест імя «Шурык» імя «Вовачка», замяніце лічбу – і ўсё стане на свае месцы. Маўляў, ты думаў, што ўсе пытанні на сваёй тэрыторыі я вырашыць не магу? А я магу. І гэтыя трыццаць содняў – гэта я даў табе трыццаць содняў. Ты не ідзеш мне насустрач? Ну, і не трэба. Я зрабіў так, як хацеў, і буду рабіць так надалей. Маё права. Мой інструмент ціску.

Трыццаць содняў – пытанне, можа быць, прынцыповае толькі для ўладных інстытутаў, але не для шараговых грамадзян. Але могуць з’явіцца і прынцыповыя. Вельмі хутка. Пасля сустрэчы ў Сочы. Трыццаць содняў могуць даць усім нам. Галоўнае – паспець на самалёт. Адкуль? Хоць бы з Сочы.

Аляксандр Фядута belsat.eu

Стужка навінаў