30 дзень пратэстаў. Галоўнае: прысуды, затрыманні і крадзеж людзей


Belsat.eu падводзіць вынікі 30-га дня пратэстаў у краіне.

Выкраданні і затрыманні

Каля 10 гадзіны раніцы была выкрадзена сябра Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава.

Марыя Калеснікава. Менск, Беларусь. 24 жніўня 2020 г.
Фота: Света Фар / belsat.eu

Па словах сведкі, каля Мастацкага музею невядомыя мужчыны схапілі і пасадзілі Марыю ў машыну з надпісам «Сувязь». Цягам 12 гадзін пасля выкрадання аб ёй не з’явілася ніякіх звестак. МУС кажа, што яны не затрымалівалі Марыю Калеснікаву. Следчы камітэт кажа, што «не мае інфармацыі» пра сённяшняе выкраданне Марыі Калеснікавай. Заклапочанасць пра яе стан выразілі палітыкі Вялікай Брытаніі, Нямеччыны і іншых краін.

Таксама знікла сувязь з прэс-сакратаром КР Антонам Раднянковым, не адказваў на званкі Іван Краўцоў, сябра Каардынацыйнай рады Максім Баграцоў і сябра штабу Віктара Бабарыкі Глеб Герман. Апошні пазней выйшаў на сувязь. Баграцоў пракаментаваў сітуацыю: «Пакуль не ведаем да канца, што адбываецца, але хутка даведаемся. Еду па горадзе, на волі, з Максімам Знакам цяпер перагаворым. Ён так сказаў таму, што шмат людзей адначасова не выходзілі на сувязь. Сёння з раніцы ў мяне была сустрэча, адклаў тэлефон. Ты адкладваеш тэлефон у старонку на гадзіну, і на працягу гадзіны ўсё выбухае. Зараз разбярэмся».

Святлана Ціханоўская пракаментавала выкраданне чальцоў Каардынацыйнай Рады: «Улада займаецца тэрорам, па-іншаму гэта не назавеш. Выкрадання Марыі Калеснікавай, Антона Раднянкова і Івана Краўцова – гэта спроба сарваць працу Каардынацыйнай Рады, і запалохаць яго членаў. Улады памыляюцца, калі думаюць, што гэта нас спыніць».

Павел Латушка сказаў, што Каардынацыйная рада працягне працу нягледзячы на ціск. Ён паабяцаў, што хутка вернецца ў Беларусь.

Таксама сёння міліцыя ва ўласнай кватэры затрымала мастачку Надзю Саяпіну. Як стала вядома @belsat, яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях.

Супрацоўнікі АСВОД, якія ўчора ратавалі пратэстоўцаў са Свіслачы, знаходзяцца ў менскім ізалятары на Акрэсціна.

У БарДУ прайшла акцыя салідарнасці, спявалі «Воіны света». Сілавікі затрымалі трох чалавек, пасля гутаркі ў міліцыі іх адпусцілі.

Супрацоўнікі МНС адмовіліся здымаць нацыянальны сцяг, а з аўтавышкі расправілі яго, каб ён лунаў. Пазней зʼявілася інфармацыя, што іх затрымалі.

Міліцыя затрымала кіраўніцу выканаўчага бюро Асамблеі НДА Станіславу Гусакову. Прыйшлі да яе дамоў, правялі агляд, забралі тэхніку. Дзяўчыну затрымалі і даставілі ў ізалятар на Акрэсціна. Імаверна, суд будзе заўтра. Папярэдне Станіславу затрымалі за заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі.

Суды над актывістамі і журналістамі

Журналістка «Зялёнага парталу» Анастасія Захарэвіч, затрыманая ў Менску ў суботу, за ўдзел у мітынгу была асуджана на 7 сутак у судзе Цэнтральнага раёну Менску. Сведка блытаўся ў паказаннях, але гэта не замінала суддзі вынесці рашэнне і пакінуць журналістку за кратамі яшчэ на тыдзень.

Сёння суд Бялынічскага раёну аштрафаваў грамадскіх актывістаў Яўгенію Мяцеліцу і Уладзіслава Лістраценка паводле арт. 23.34 за ўдзел у мітынгу 17 жніўня. Яўгеніі далі 20 базавых штрафу, а Уладзіславу – 2 базавых штрафу. Маладых людзей затрымалі ў Бялынічах яшчэ 5 верасня і ўсе выходныя яны правялі ў ізалятары.

7 верасня суддзя суду Ленінскага раёну Магілёва Алена Літвіна пакарала палітыка Уладзіміра Шанцава штрафам 30 б.в. Яго судзілі адразу па 4 пратаколах паводле арт. 23.34 КаАП за ўдзел у мітынгах пратэсту.

Журналістка «Зялёнага парталу» Анастасія Захарэвіч, затрыманая ў Менску ў суботу, была асуджана на 7 сутак у судзе Цэнтральнага раёну Менску. Сведка блытаўся ў паказаннях, але гэта не замінала суддзі вынесці рашэнне і пакінуць журналістку за кратамі яшчэ на тыдзень.

Ірына Сухій

Справу актывісткі «Экадом» Ірыны Сухій суд адправіў на дапрацоўку, калі будзе наступны суд – не вядома, дадому Ірыну не адпусцілі.

Журналіст сайта 6tv.by Алесь Сабалеўскі выйшаў з Магілёўскага ІЧУ пасля 8 содняў арышту. Ён трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць затрымання.

У Бабруйску на вакзале сёння затрымалі праваабаронцу і журналіста Сяржука Лацінскага.

Еўразвяз мае намер увесці эканамічныя санкцыі супраць 31 беларускага чыноўніка

«Мы першапачаткова дамовіліся аб 14 асобах, але многія дзяржавы палічылі, што гэтага недастаткова. Зараз мы дасягнулі кансэнсусу яшчэ па 17 асобах. Гэта высокапастаўленыя чыноўнікі, адказныя за выбары, гвалт і рэпрэсіі», – – распавёў адзін з дыпламатаў ЕЗ.

У кавярню з пабітай шыбай чарга стаяла цэлы дзень

O’Petit стала вельмі папулярнай пасля таго, як сілавікі 6 верасня разбілі шкло ў дзвярах кавярні, дзе супрацоўнікі хавалі ўдзельнікаў мітынгу. Чарга пачала збірацца яшчэ да адкрыцця і толькі павялічвалася з цягам часу.

Пасля абеду ў кавярні бясплатна ўсталявалі новыя дзверы супрацоўнікі кампаніі Okna May.

А афіцыйная прадстаўніца МУС Вольга Чамаданаваў пацвердзіла, што шыбу разбілі менавіта міліцыянеры:

«Яны ўсе – супрацоўнікі міліцыі, – кажа Чамаданава. – Гэта ўсё – выключна размеркаванне сіл і сродкаў. Гэта сілы, якія могуць быць задзейнічаны ў тым ліку».

Больш за 170 тысячаў чалавек гуляла ўчора ў Беларусі

Менавіта столькі людзей адзначыліся ўчора ў адмысловым чат-боце сэрвісу «Голас».

МУС: агулам учора за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у рэспубліцы затрыманыя 633 чалавекі. Зараз на суд чакаюць 363 чалавекі.

belsat.eu

Стужка навінаў