30 чалавек пацярпелі пасля таго, як аўта ўрэзалася ў натоўп у Нямеччыне


Паліцыянты даследуюць месца здарэння пасля таго, як аўтамабіль уехаў у натоўп на карнавальным шэсці ў нямецкім горадзе Фолкмарсен. 24 лютага 2020 года. Фота – Thilo Schmuelgen / Reuters / Forum

Здарэнне адбылося ў нямецкім горадзе Фолькмарзэн, падае BBC.

29-гадовы кіроўца на срэбным «Мэрсэдэсе» праехаў праз барыкады і ўрэзаўся ў групу людзей каля 14:30 паводле мясцовага часу (16:30 паводле Менску).

Здарэнне адбылося падчас урачыстасцяў «Rosenmontag», «ружовага панядзелка», які завяршае карнавал, што пачаўся ў некаторых частках Нямеччыны, Бельгіі і Швейцарыі 11 лістапада.

«Bild» са спасылкай на начальніка паліцыі Франкфурту піша пра 30 параненых, сямёра з якіх атрымалі сур’ёзныя траўмы.

«Некаторыя ахвяры атрымалі траўмы, якія пагражаюць жыццю», – сказаў прадстаўнік паліцыі.

У якасці захадаў бяспекі ўлады зямлі Гесэн, дзе знаходзіцца Фолкмарзен, адмянілі ўсе карнавальныя шэсці.

ДД belsat.eu

 

Стужка навінаў